Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паабяцаў, што сабор Парыскай Божай Маці, пашкоджаны ў выніку пажару 15 красавіка, будзе адбудаваны.
Макрон назваў учорашнія падзеі «жудаснай трагедыяй», але дадаў, што «найгоршага ўдалося пазьбегнуць», і заявіў пра намер абвясьціць міжнародны збор сродкаў на аднаўленьне помніка.
Таварыства францускай спадчыны, амэрыканская некамэрцыйная арганізацыя, якая прысьвяціла сваю дзейнасьць захаваньню архітэктурнай і культурнай спадчыны Францыі, у панядзелак стварыла старонку ў інтэрнэце для збору сродкаў на аднаўленьне сабора, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У выніку пажару разбураныя шпіль і дах 850-гадовай гатычнай пабудовы, але галоўная канструкцыя, у прыватнасьці абедзьве званіцы, ацалелі.
Паліцыя заяўляе, што прычына пажару пакуль невядомая, але пажарны дэпартамэнт Парыжу паведаміў, што яна «патэнцыйна зьвязаная» з рэстаўрацыйнымі работамі, якія вяліся ў будынку.
Падчас тушэньня агню сур’ёзна пацярпеў адзін з пажарных.
Сусьветныя лідэры выказалі шкадаваньне і салідарнасьць з францускім народам.