«Міліцыя і сакрэтныя службы — гэта цмокі Лукашэнкі», — пакуль увесь сьвет чакае восьмага сэзону сэрыяла, расейкі філёзаф Максім Гаруноў тлумачыць, як будзе глядзецца Дэйнэрыс у трыкатажным гарнітуры маладэчанскай вытворчасьці.
У сэрыяле няма парлямэнтаў, няма выбараў, няма свабоднай прэсы, няма навукі. Наагул няма нічога, што называецца «грамадзянскай супольнасьцю». Ёсьць фэадалы, якія палююць адзін на аднаго, як зьвер на зьвера. Ім аддадзена львіная доля ўвагі. І ёсьць убогія «простыя людзі», якія без нараканьняў падпарадкоўваюцца фэадалам.
Па ідэі, рэальнасьць, якую апісвае «Гульня», павінна палохаць гледачоў. Сэрыял масавы, яго глядзяць мільёны. Гэта значыць — той самы «просты люд», які служыць фэадалам «кармавой базай».
Калі я бачу, што пэрсанаж, прыблізна роўны мне па сацыяльным статусе, пакутуе, лягічна было б адчуваць гнеў на тых, хто прычыняе пакуты. Але гэтага не адбываецца. Гледачы заўзеюць за фэадалаў, абмяркоўваюць, хто зь іх лепшы. Пра «простых людзей» не гавораць, і гэта фантастыка. Сэрыял паказвае «простым людзям», як фэадалы парушаюць іх правы, рабуюць іх, прыніжаюць, а «простыя людзі» пляскаюць ім у ладкі.
У фільме «Глядыятар» герой Расэла Кроў гіне ў імя рэспублікі, забіўшы тырана. Герой Расэла Кроў узвышаецца над героямі «Гульні». Было меркаваньне, што Дэйнэрыс Таргарыен, дзяўчына з цмокамі, адрозьніваецца ад астатніх тым, што вызваляе рабоў. Нібыта дзяўчына з цмокамі выступае за свабоду. На самой справе Дэйнэрыс не за свабоду ад рабства і не за рэспубліку. Яна строга за сябе, як і ўсякі фэадал. Рыторыка вызваленьня зь яе вуснаў — тактычны крок у чарадзе іншых крокаў. Дзякуючы гэтай рыторыцы яна захоплівае і ўтрымлівае гарады, папаўняе войска.
У гэтым яна падобная да Аляксандра Лукашэнкі, які спалучае левыя лёзунгі ў духу Фідэля Кастра з магутным апаратам міліцыі і сакрэтных службаў, з цэнзурай і нэалібэральным падыходам у эканоміцы. Міліцыя і сакрэтныя службы — гэта цмокі Лукашэнкі. Яго «простае» зьвяртаньне да «простага чалавека» на «простай мове» не азначае, што ён за «простых людзей». Лукашэнка — не Расэл Кроў, ён як Дэйнэрыс. Яго «простая рыторыка» — гэта хітрасьць, якая дазваляе яму захоўваць уладу над «простымі людзьмі».
Калі будзе некалі асобны сэрыял пра тое, як «маці цмокаў» кіруе захопленымі землямі, гэта будзе сэрыял пра Беларусь. Мы ўбачым, як Дэйнэрыс, ужываючыся ў ролю Лукашэнкі, пачне апранацца як «простыя людзі», разважаць пра тое, як варта жыць, карыстаючыся іх выразамі. Пакуль яна выглядае занадта па-каралеўску. У гэтым яе слабасьць. Апранаючыся і гаворачы як каралева, яна захоўвае дыстанцыю паміж сабой і «простым людам». Нельга правіць вызваленымі табою рабамі, апранаючыся як іх уладальнік. Яны могуць западозрыць падман.
Калі Дэйнэрыс вырашыць правіць доўга і шчасьліва, як Лукашэнка, да канца сэрыяла пра сябе яна будзе выглядаць як чыноўніца аднаго зь беларускіх міністэрстваў. Яна растлусьцее, пераапранецца ў аналяг строгага дзелавога — фіялетавага ці бардовага, з буйнымі залатымі гузікамі — гарнітура ад трыкатажнай фабрыкі ў Маладэчне. Валасы ў яе і так дзіўнага колеру, засталося толькі правільна завіць. Сыдзе каралеўская веліч у голасе, зьявяцца моцныя сялянскія ноты. У спалучэньні з цмокамі, якія лунаюць у небе, гэта забясьпечыць ёй ляяльнасьць народу на дзесяцігодзьдзі.
Цікава, што ў Беларусі любяць «Гульню тронаў», як і ўсюды, але ня бачаць падабенства паміж тым, хто імі кіруе, і Дэйнэрыс. Даволі часта чалавек бывае за Дэйнэрыс і супраць Лукашэнкі, што абсурдна. Яшчэ абсурдней, калі чалавек за Старкаў і супраць Лукашэнкі: фэадалізм Старкаў па вызначэньні больш брутальны за аўтарытарызм Лукашэнкі. Спачуваць палітыкам, якія паводзяць сябе амаральней, чым твае, — гэта трывожны сымптом. Наогул, страта адчувальнасьці да сюжэтаў, зьвязаных з прыгнётам, небясьпечная. Так было ў Нямеччыне, перад тым як яна страціла розум.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.