26 сакавіка ўручылі літаратурныя прэміі «Дэбют» за 2019 год. За прозу прыз атрымала Дар’я Трайдэн з кнігай «Крыштальная ноч». За што ёй далі гэтую прэмію?
Адказ відавочны. За тое ж, за што і Наталцы Харытанюк, Віктару Марціновічу, Юлі Шаровай, Аляксею Палачанскаму, Анатолю Івашчанку, Андрусю Горвату, Зараславе Камінскай — за адметную першую празаічную кнігу.
У штогадовай літаратурнай прэміі «Дэбют» ёсьць яшчэ намінацыі «паэзія» і «пераклад», але гэтым разам гаворым толькі пра ўганараваную празаічную кнігу.
Кніга Трайдэн не падобная ні на якую іншую
Зазначым, што кніга Трайдэн не падобная ні на якую іншую з усіх дзевяці адзначаных за час існаваньня прэміі. Яна ўвогуле вылучаецца на тле новай беларускай літаратуры.
Найперш узростам аўтаркі. Ёй на адзінаццаць гадоў менш за ўзрост, да якога паводле ўмоваў прэміі творцы лічацца маладымі. Бо ж вядома, што геніяльны верш можна стварыць і ў чатырнаццаць, а вось дзеля ўдалага раману патрэбны вялікі жыцьцёвы досьвед. Гэта колькі ж трэба перадумаць пра тутэйшае быцьцё-небыцьцё дзеля такой вось сэнтэнцыі?
«Калі беларуская жанчына кажа «хачу», зямля адказвае ёй: «перахочаш».
Калі беларускі мужчына кажа «зраблю», зямля ўсьміхаецца: «паглядзім». (Апавяданьне «Зямля»)
Таму кніга Дар’і Трайдэн успрымаецца як маленькі раман, хоць жанр «Крыштальнае ночы» аўтарка і выдаўцы («Кнігазбор», выдавецкая сэрыя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў «Пункт адліку») пазначылі як зборнік апавяданьняў.
Гэта — раман у апавяданьнях
Ёсьць раманы ў вершах, а гэта — раман у апавяданьнях. Іхныя гераіні маюць розныя імёны, але ў кожнай зь іх пазнаеш адну і тую ж, хоць з новымі праявамі асобы, якая ўмее глядзець на сьвет у дзьвюх іпастасях адначасова.
«На Чырвонаармейскай было па-звычайнаму бязьлюдна. Высокія шэрыя муры трымалі выцьвілыя афіцыйныя сьцягі зь мяккага плястыку. У краме праваруч гандлявалі жахлівымі керамічнымі статуэткамі і вазамі да пояса.
Адно вока бачыла сьцягі і статуэткі, другое — лістоту і неба, валасы і абрыс жаночага профілю, дзе вусны выглядалі чырвонай плямай паміж зьбялелымі кавалкамі скуры, зьмерзлай на лістападаўскім ветры. («Два вокі»)
Гераіня кнігі аказваецца то паланянкай падлеткавых комплексаў, то ахвярай дарослае жорсткасьці, у якой няма месца ніякай будучыні.
«Час ішоў, як тая вясковая дарога: школа, першы сэкс, унівэрсытэт, разадранае на кавалкі сэрца, усьмешка восеньскаму сонцу, жаданьне самазабойства, разгубленасьць, сьмеласьць — і раптам крыштальныя пырскі скрываўленага шкла на асфальце, цела, без цнатлівасьці раскрытае вантробамі да неба.
Дваццаць тры гады таму баба сказала Ясі: „Давай хуценька, ужо гоняць далей“. Яся вырашыла, што гэта проста. Вывела на вуліцу, а карова збочыла. І вось зараз, пасярод крыві і шкла, Яся ўспомніла сваю дзіцячую гісторыю ад пачатку да самага канца. Чырвоныя пантофлі рушылі далей. Яся засталася». («Карова»)
Яна вырашае спаліць тое, што ўяўлялася сымбалем балючага маленства
Дарослы сьвет умоўнасьцяў і стэрэатыпаў гераіня кнігі адпрэчвае як непрыдатную ў будучыні спадчыну. Яна ня толькі адмаўляецца ад састарэлых сямейных каштоўнасьцяў, але нішчыць іх, каб не было спакусы аднойчы да іх вярнуцца. Прыехаўшы праз два гады па сьмерці бабулі ў ейную струхлелую хату, яна вырашае спаліць тое, што ўяўлялася сымбалем балючага маленства.
«Бабуля вырасьціла атручаны сад. Сярод яе кветак, дрэваў і жывёлаў, застылых на ўзьлеску, не ставала паветра. Трэба было расьці скрыўленай, скрываўленай, адхіляцца ад яе словаў, віраваць, губляць лініі цела, станавіцца нябачнай, нячулай. Толькі няіснае магло быць невінаватым. Бабуля пераказвала сьвет так, што не хацелася ў ім жыць. Бабуля апісвала ўсіх так незычліва, што хацелася быць нікім.
Люцыя паклала ў кішэню паліто сурвэтку са сьціплай ружовай кветкай — яна была адна на белай тканіне, зьнявечаная ветрам сьцябліна выгіналася пасярэдзіне, але трымала суквецьце пялёсткаў пасярод пустэчы. Пад сурвэткай у кішэні пальцы знайшлі скрынку запалак. Выпрасталі з тканіны, дасталі вонкі.
Спачатку агонь не зьяўляўся, але ўпартыя жаночыя рукі чыркнулі мацней, пакінулі на серным баку скрынкі доўгую драпіну. Запалка паляцела пад вялікі мэталічны ложак, і пустая цемра адхіснулася, кінулася ўбок бабулінымі зрэнкамі (як добра, што яны назаўсёды схаваліся ў зморшчанай скуры павекаў)». («Працяг»)
Толькі адзіны скарб варты пашаны, пазнаньня і зьберажэньня гераіні «Крыштальнае ночы» — мова. Толькі дзеля мовы яна няспынна езьдзіць па краіне, каб словы з кожнага мястэчка ўваскрасалі ў ейных вуснах.
«Я вымушаная паўтараць. Кожнае слова гэтай зямлі павінна быць у маім роце. Раскрываю вусны, фарбаваныя ў пяшчотна-ружовы, вымаўляю і гэта, і іншае — усё, што калісьці чула, усё нахабнае, дзёрзкае, выключанае, абескрываўленае, крывавае, крыўднае, сапраўднае. Я вымушаная нараджацца ў Глушы, Вялейцы, Полацку, Смаргоні, Баранавічах, Слоніме, Пінску — у кожным доме, дзе гучыць слова». («Цнатлівая»)
Вобраз крышталю сустракаецца ў кожным аповедзе
Вобраз крышталю, які даў назву кнізе, сустракаецца ў кожным аповедзе. Крышталь грае ад месячных промняў, адбівае сьвятло, асьляпляючы ці, наадварот, дазваляючы ўбачыць патаемнае, прыхаванае, інтымнае. Аўтарка малюе сьвет паўтонамі, недавершанасьцю сцэнаў, пакідаючы чытачу магчымасьць дадумаць залюстроўе сюжэтаў. Крохкі крышталь сымбалізуе ў кнізе й тое, з чаго пачынаецца ў сьвеце галоўнае.
«Літары ляцелі за зямлёй. Кавалі рабілі зь іх словы, хавалі ў словах любоў, і здаралася, што людзі разумелі і чулі, як зьвініць крышталь у пальцах Збавіцеля». («Кола»)
* * *
Хто такая Дар’я Трайдэн
Дар’я Трайдэн нарадзілася ў Горадні, цяпер жыве і працуе ў Менску. У 2017-м скончыла Інстытут журналістыкі БДУ, у 2018 — другі курс Школы маладога пісьменьніка. Пераможца міжнароднага конкурсу «Першацьвет» у намінацыі «Проза» (2018). Ляўрэатка прэміі «Дэбют» за найлепшую першую кнігу прозы ў 2018 годзе.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.