Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе прэзэнтавалі мэмуары Ларысы Геніюш па-чэску


«Пані дактарова 0-287, або з Чэхаславаччыны ў ГУЛАГ» (Paní doktorová 0-287, aneb z Československa do gulagu).
«Пані дактарова 0-287, або з Чэхаславаччыны ў ГУЛАГ» (Paní doktorová 0-287, aneb z Československa do gulagu).

Выданьне стала вынікам працы беларуска-чэскай каманды і сымбалічным вяртаньнем Геніюшаў у любімы горад. Сустрэча сабрала таксама нашчадкаў беларускай эміграцыі.

Ідэя перакладу ўзьнікла ў 2018 годзе, калі беларусы Чэхіі прыпаміналі 70 гадоў ад выдачы Геніюшаў у СССР. Пры тым што амаль палова мэмуараў «Споведзь» прысьвечаныя чэхаславацкаму пэрыяду жыцьця, прачытаць пра гэта па-чэску было немагчыма.

За працу ўзялася чэская перакладчыца Сьвятлана Вранава, для якой выданьне стала ўжо пятай кнігай, перакладзенай зь беларускай. Перакладчыца прызналася на сустрэчы, што аўтарка адкрыла для сябе малавядомыя старонкі гісторыі ўласнай дзяржавы або дала магчымасьць паглядзець на яе вачыма «чужынкі». Як кажа Вранава, спачатку сэрца поўнілася гонарам за родных чэхаў ( як прымалі тут «славянскіх мігрантаў»), а потым сорамам (як ад іх пазбаўляліся).

​Доктарка гісторыі, выкладчыца Карлавага ўнівэрсытэту Даніэла Коленаўска, якая была навуковай кансультанткай кнігі, удакладняе, што ў 1945 годзе разам з савецкай арміяй сюды прыйшоў СМЕРШ з гатовымі сьпісамі тых, каго трэба «вярнуць на радзіму». Хаця Ларыса і Ян Геніюшы ніколі не былі савецкімі грамадзянамі, савецкія ўлады патрабавалі і іх выдачы. Пры спробе арышту паэткі ў 1945 годзе яе «адбілі» ад чырвонаармейцаў мясцовыя жыхары. У 1948-м, калі да ўлады ў Чэхаславаччыне прыйшлі камуністы, савецкі загад быў выкананы. Паводле Коленаўскай, у ГУЛАГ былі адпраўленыя сотні эмігрантаў (многія зь ужо былі чэхаславацкімі грамадзянамі), а вярнуцца назад удалося адзінкам.

Беларускі інжынэр Сяргей Кнырэвіч пры пераезьдзе зь Менску ў чэскі Оламаўц захапіў з сабой і першае выданьне «Споведзі». Ён кажа, што менавіта гэтая кніга, дзе згаданыя дзясяткі імёнаў выбітных, але забытых беларусаў, падштурхнула яго да пошукаў. Шукаў у архівах, абыходзіў могілкі па ўсёй Чэхіі, знаходзіў кантакты чэскіх нашчадкаў. Дзякуючы працы інжынэра Кнырэвіча можна было ўдакладніць многія зьвесткі паказьніка імёнаў чэскага выданьня. А на прэзэнтацыю прыйшлі праўнучкі консула БНР Міколы Вяршыніна і адначасова ўнучкі інжынэра Аляксандра Калошы.

Рамана Сітава і Міхаэла Свобадава, праўнучкі Міколы Вяршыніна і ўнучкі Аляксандра Калошы разглядаюць дыплём Украінскага ўнівэрсітэту.
Рамана Сітава і Міхаэла Свобадава, праўнучкі Міколы Вяршыніна і ўнучкі Аляксандра Калошы разглядаюць дыплём Украінскага ўнівэрсітэту.

З Градцэ Кралава прыехаў на праскую сустрэчу 91-гадовы чэх Здэнек Неханіцкі, каб з удзячнасьцю расказаць пра свайго «другога бацьку» беларуса Аляксандра Жыховіча. (Інжынэр Жыховіч ажаніўся зь яго маці пасьля таго, як чэскі бацька пакінуў сям’ю).

Здэнек Неханіцкі расказвае пра свайго другога беларускага бацьку.
Здэнек Неханіцкі расказвае пра свайго другога беларускага бацьку.

Энэргічны, на свой век маладжавы чэх, былы вайсковы лётчык, прывёз з сабой дакумэнты зь сямейнага архіву, у тым ліку дыплём Аляксандра Жыховіча. Дакумэнт сьведчыць пра ўнікальную зьяву ў Чэхаславаччыне — Украінскі ўнівэрсытэт, выпускнікі якога дасягнулі добрых пазыцый у эканоміцы і прамысловасьці Чэхаславаччыны. Вучыліся тут і многія беларусы.

Дыплём Украінскага ўнівэрсітэту Аляксандра Жыховіча. Фота Сяргея Кнырэвіча.
Дыплём Украінскага ўнівэрсітэту Аляксандра Жыховіча. Фота Сяргея Кнырэвіча.

Так, выпускнік Аляксандр Жыховіч працаваў дырэктарам заводаў у гарадах Голіцэ і Острава, пазьней дырэктарам архіва.

Васіль Русак (стаіць) і Аляксандр Жыховіч (сядзіць). Фота прыблізна 1935-1940гг.
Васіль Русак (стаіць) і Аляксандр Жыховіч (сядзіць). Фота прыблізна 1935-1940гг.

Сьведкам на вясельлі Жыховіча быў ягоны сябра Васіль Русак, колішні ўдзельнік Слуцкага паўстаньня. Русак, вывезены з Чэхаславаччыны ў 1945-м, з ГУЛАГу не вярнуўся.

Прэзэнтацыя мэмуараў Ларысы Геніюш у Празе. Перакладчыца Сьвятлана Вранава, рэдактарка Алена Ціхановіч, выдавец Іржы Браўнэр і інжынэр Сяргей Кнырэвіч.
Прэзэнтацыя мэмуараў Ларысы Геніюш у Празе. Перакладчыца Сьвятлана Вранава, рэдактарка Алена Ціхановіч, выдавец Іржы Браўнэр і інжынэр Сяргей Кнырэвіч.

Чэскае выданьне атрымала назву «Пані дактарова 0-287, або з Чэхаславаччыны ў ГУЛАГ» (Paní doktorová 0-287, aneb z Československa do gulagu). Выйшла яно ў спэцыяльнай сэрыі Картузіянскага выдавецтва з Брна. Выдавец Іржы Браўнэр гаварыў і пра сымбалічную сямёрку: для яго, бацькі сямі дзяцей, кніга Геніюш стала сёмай у гулагаўскай сэрыі.

«Непахісныя». Прэм’ера фільма пра Ларысу і Яна Геніюшаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:19 0:00

Як адзначае рэдактарка і ўкладальніца кнігі Алена Ціхановіч, выданьне чэскага перакладу дало магчымасьць сымбалічнага выкупленьня гістарычнай несправядлівасьці. Як прыклад яна прывяла малы чэскі гарадок Прахаціце — менавіта яго народны камітэт у 1948 годзе на загад камуністычных уладаў выдаў рашэньне пра выдварэньне Геніюшаў з тэрыторыі Чэхаславаччыны. Гарадзкая рада, што кіруе цяперашнімі Прахаціцамі, прыняла рашэньне паслаць пэўную суму на ганарар перакладчыцы. І гэта быў не адзіны фундатар выданьня ў Чэхіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG