Роўна 70 гадоў таму, 5 сакавіка 1948 году, у Чэхаславаччыне на патрабаваньне СССР былі арыштаваныя доктар Ян Геніюш і яго жонка паэтка Ларыса Геніюш. Трэцім па гэтай жа справе праходзіў Аляксандр Калоша. Сёньня мы можам расказаць больш падрабязна пра гісторыю Геніюшаў поглядам архіўных дакумэнтаў.
Спробы выманіць Ларысу Геніюш у СССР пачаліся адразу пасьля прыходу Чырвонай арміі ў Прагу. У кватэру неяк заявіліся два савецкія агенты. Цытую далей паводле кнігі мэмуараў «Споведзь»:
«Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык ня так спалохалася б... Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесьці. Пачалася гутарка. "Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывяце, а ў нас Алесь Кучар зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж. " — "А што вы зрабілі з нашымі пісьменьнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбна на тое ж?" — кажу ім. "Мы чакалі вайны", — адказвае афіцэр. "Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны і рабіць тое самае." На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярнуліся ў Беларусь.»
Няпрошаныя візыты і ўсё большы ціск прымусілі Геніюшаў разам з сынам Юркам на цэлы тыдзень зачыніцца ў кватэры. Амаль кожны дзень настойліва званілі, але яны нікому не адчынялі. На выпадак, калі б пачалі ламаць дзьверы і вывозіць іх сілай, мелі падрыхтаваныя тры ін’екцыі... А «вызваліцелі» на ўсякі выпадак чакалі ўнізе, пад вокнамі з нацягнутым брэзэнтам, каб лавіць Геніюш жывой, калі раптам скочыць з вакна. Калі, нарэшце, затворнікі выйшлі на людзі, зьбегліся чэхі з цэлага раёну Голешавіцэ, каб бараніць сваю любімую «пані доктараву». Але абаранілі ненадоўга.
Пасьля няўдалых спробаў выкраданьня Геніюшы, паводле сяброўскай парады, зьехалі з Прагі. Паэтка таксама зьвярнулася да чэхаславацкага прэзыдэнта Эдварда Бэнэша з просьбай пра наданьне грамадзянства. У 1947-м грамадзянамі Чэхаславаччыны сталі ўсе трое. Гэта была частковая гарантыя бясьпекі, аднак у лютым 1948-га да ўлады ў Чэхаславаччыне ў выніку ўрадавага крызысу прыйшлі камуністы. Ужо 5 сакавіка Геніюшы былі арыштаваны ў горадзе Вімпэрку і кінутыя ў скляпеньні мясцовага замку. У чэскіх архівах захаваліся пратаколы допытаў, праведзеныя ў гэты дзень як зь Янам, так з Ларысай Геніюш (публікацыя стала магчымая дзякуючы працы дасьледчыцы Францішкі Сокалавай).
Паколькі савецкія органы патрабавалі выданьня Геніюшаў як «ваенных злачынцаў» і «удзельнікаў антысавецкіх нацыяналістычных арганізацый», чэскія сьледчыя высьвятлялі ў арыштаваных менавіта гэтую інфармацыю.
Дык якім чынам Ян Геніюш патрапіў на тэрыторыю акупаванай Беларусі падчас вайны і што там рабіў? На гэтае пытаньне адказваюць абое, працытую найбольш падрабязны адказ Ларысы Геніюш:
«Калі я выходзіла за яго замуж, мой муж яшчэ вучыўся ў Празе. Потым працаваў памочнікам лекара ў доктара Градзіла ў Празе, па вул. Na Poříčí 14, быў там дзесьці да 1942-га году. Потым Oberlandrat (нямецкі ўрад Пратэктарату Чэхіі і Маравіі) загадаў усім беларускім лекарам ад’ехаць на Беларусь. Мой муж увесь час цягнуў, адгаворваўся рознымі прычынамі, каб ня ехаць, аднак па яго прыйшло гестапа з чэскім ахоўнікам. Так яму прыйшлося ад’ехаць у Менск, адкуль яго паслалі ў Баранавічы. Там ён працаваў скураным доктарам у клініцы. Быў там некалькі месяцаў, потым яго перавялі ў Слонім, дзе ён быў участковым доктарам. У траўні 43-га яго пазбавілі функцыі і яму была забароненая лекарская практыка на тэрыторыі Беларусі. Яго зноў накіравалі ў Прагу... Мой муж хацеў у Слоніме застацца зь любові да свайго народу.»
Свае тлумачэньні гэтага слонімскага моманту дае і Ян Геніюш:
«Немцы мяне выдварылі таму, што я меў прыватную практыку і працаваў супраць немцаў. Гэта я магу пацьвердзіць паперай з абласнога камісарыяту ў Слоніме, якая захоўваецца ў арыгінале ў маёй праскай кватэры па адрасе Прага 7, Heřmanova 7. Копію дакумэнту я падаваў разам з просьбай пра грамадзянства, якое мне ўжо было нададзенае.»
Паводле словаў Ларысы Геніюш, пасьля вяртаньня мужа ў Прагу яму пагражала, што яго пашлюць доктарам у адзін зь нямецкіх лягераў. Яна, аднак, усё «аббегала» і за «вялікі хабар» муж мог застацца ў Празе. Там ён па некалькі месяцаў працаваў заводзкім доктарам на розных прадпрыемствах. Потым, пасьля атрыманьня грамадзянства, зьявіўся варыянт ачысьціць сваю несьвядомую «віну». Паводле дэкрэтаў Бэнэша з чэска-нямецкіх памежных зонаў высяляліся этнічныя немцы, іх маёмасьць нацыяналізавалася, а ў апусьцелыя рэгіёны ўлады агітавалі перасяляцца. Далей гаворыць Ларыса Геніюш:
«У Вімпэрку мой муж меў лекарскую практыку ад кастрычніка 1947 году. Мы пакуль не пераехалі, бо меркавалі, што тут не застанемся. Майму мужу паабяцалі, што калі адпрацуе 6 месяцаў у памежжы, зможа зноў атрымаць практыку "пасярэдзіне" краіны (чэск. vnitrozemí). Мы плянавалі, што калі адбудзем 6 месяцаў у памежжы, дык вернемся назад у Прагу. У Вімпэрк мы самі не хацелі, хацелі ў Карлавы Вары ці Марыянскія Лазьні». Таму і сын Геніюшаў Юрка, якому тады было 12 гадоў, застаўся ў Празе пад апекай знаёмых і хадзіў у гімназію.
На пытаньне пра сваю палітычную дзейнасьць Ларыса Антонаўна адказвае сьцісла:
«Што да майго ўдзелу ў палітычным жыцьці, то ў маладосьці я ні ў чым ня ўдзельнічала. Таксама ў час акупацыі ў часе майго побыту ў Чэхаславаччыне я ня ўдзельнічала ні ў якой антысавецкай арганізацыі. У часе акупацыі я была аднак членам "Беларускага камітэту самапомачы", які меў адрас у Празе 5, там было ўсяго 12 асоб...»
Геніюш была старшынёй гэтага праскага камітэту і гэта яе дабрачыннасьць у часе вайны дапамагала не прапасьці дзясяткам землякоў. Каму — лекі, каму — грошы, каму — адзеньне, каму — папярэджаньне і парада, каму — абед, каму хоць цыгарэты ці жменя табаку... Але гэта ўжо па-за радкамі пратаколу.
І ў вімпэрскім зьняволеньні іх пачнуць адведваць былыя хворыя, якіх доктар лячыў. А 8 сакавіка сюды прынясуць торт, які Ларыса Антонаўна заказала раней, каб адзначыць дзень нараджэньня мужа. З гэтай апошняй салодкай да горычы кропкай мы пакінем іх у тыя сакавіцкія дні, калі ў арыштаваных мужа і жонкі яшчэ жыла надзея на чэскую салідарнасьць...