Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Зьмітра Паліенку перавялі ў Жодзінскі СІЗА без выстаўленьня абвінавачаньня


Зьміцер Паліенка, сьнежань 2018
Зьміцер Паліенка, сьнежань 2018

1 красавіка Зьмітра Паліенку перавялі зь менскага ізалятара часовага ўтрыманьня ў сьледчы ізалятар Жодзіна. Пра гэта Свабодзе паведаміла сяброўка актывіста Наста Гусева.

Гэтую інфармацыю ў ІЧУ пацьвердзілі.

Што адбылося?

Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка ў ягонай кватэры паводле падазрэньня ў злосным хуліганстве. За гэта яму можа пагражаць ад 3 да 10 гадоў зьняволеньня, але абвінавачаньне Паліенку спачатку ня выставілі.

У Сьледчым камітэце БелаПАН заявілі, што пачалі крымінальную справу паводле заявы менчука, які сьцьвярджаў, што Паліенка нібыта распыліў яму ў вочы пярцовы газ. Тэрмін утрыманьня падазронага Паліенкі пад вартай без выстаўленьня абвінавачаньня скончыўся 30 сакавіка.

Перавялі ў СІЗА, абвінавачваньне ня выставілі

У Сьледчым камітэце пацьвердзілі, што абвінавачаньне Зьмітру Паліенку дагэтуль ня выстаўленае, і паведамілі, што расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца.

«Мера стрыманьня для яго засталася ранейшай — у выглядзе заключэньня пад варту», — сказаў прадстаўнік СК Ільля Басько.

Адносна далейшага ўтрыманьня Зьмітра Паліенкі прадстаўнік СК спаслаўся на 118 артыкул Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які дазваляе на рашэньне сьледчага трымаць падазронага пад вартай больш за 10 дзён без выстаўленьня абвінавачаньня.

Паводле зьвестак Насты Гусевай, 2 красавіка ў Зьмітра Паліенкі маюць быць сьледчыя дзеяньні з удзелам адваката.

«Чаму яго ня вызвалілі, а перавялі ў Жодзіна і пры гэтым ня выставілі абвінавачаньня, мне невядома. Але ўсё гэта дэманструе палітычны характар справы. Паводле маіх зьвестак, сьледчыя ня могуць знайсьці іншых сьведак інцыдэнту, а чалавек, які называе сябе пацярпелым, мае дрэнную рэпутацыю сярод суседзяў. Відаць, завесьці справу на законных падставах не ўдаецца, але і адпусьціць Зьмітра ня могуць, бо ёсьць загад яго закрыць», — мяркуе Наста Гусева.

Што вядома пра інцыдэнт, які правяраюць сьледчыя?

Пасьля затрыманьня Паліенкі Гусева казала, што да Паліенкі на лесьвічнай клетцы, і да яго стаў чапляўся «п’яны агрэсіўны мужчына».

Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Зьмітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зьміцер распыліў пярцовы газ", — казала Наста Гусева.

Дзяўчына не выключала, што гэта была арганізаваная супроць яе сябра правакацыя.

Прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова казала, што Паліенка распыліў пярцовы газ у твар чалавеку пасьля таго, як той зрабіў актывісту заўвагу, што ён курыць у пад’езьдзе. Ганчарова абвергла зьвесткі пра галадоўку Паліенкі ў ізалятары.

Што галадоўка пратэсту з боку Зьмітра Паліенкі была, пацьвердзіў сябрам актывіста ягоны абаронца. Паводле зьвестак адваката, Паліенка дамагаўся:

  • Аказаньня мэдычнай дапамогі;
  • Аднаўленьня ліставаньня зь сябрамі;
  • Выдачы яму пісьмовых прыладаў.

Ці выканалі патрабаваньні Паліенкі?

Наста Гусева мяркуе, што часткова патрабаваньні выканалі, і не выключае, што на дадзены момант галадоўку Паліенка мог спыніць, але дакладнага адказу яна ня мае.

«Ведаю, што мае лісты яму перадалі і ад яго нібыта ліст пайшоў, вось толькі пакуль я яго не атрымала, хоць жыву побач з ізалятарам, у мяне той жа індэкс. Ведаю, што лекар да яго прыходзіў і яму перадалі лекі. Гэты пункт таксама выкананы. Але ён папярэджваў, што будзе галадаць, пакуль альбо ня вызваляць, альбо ня выставяць абвінавачаньня і не перавядуць у сьледчы ізалятар. Дык вось апошняе ня цалкам выканалі, таму не бяруся адназначна казаць, спыніў ён галадоўку ці не спыніў», — сказала Свабодзе Наста Гусева.

У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG