Ад 24 сакавіка зьняволены анархіст Зьміцер Паліенка трымае галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня, паведаміў яго знаёмы Вячаслаў Касінераў на Facebook.
Паліенка патрабуе мэдычнай дапамогі: у яго абвастрыўся дэрматыт, а доктар прыходзіў толькі раз — ніякая дапамога не аказваецца. Таксама ён патрабуе аддаць яму забраную асадку, каб пісаць лісты сябрам і скаргі на ўмовы ўтрыманьня, і хоча бачыць лісты, якія шлюць яму (пакуль атрымаў толькі адзін).
Зьмітра Паліенку затрымалі раніцай 20 сакавіка — нібыта за тое, што ён распыліў пярцовы газ на чалавека за тыдзень да таго (сябры Паліенкі кажуць, што мужчына нападаў на яго). Сёлета Паліенку ўжо штрафавалі за «экстрэмісцкую шапку», затрымлівалі ў справе аб антыміліцэйскім графіці.
Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова абвергла іфнармацыю пра галадоўку.
«Па нашых дадзеных галадоўку ён не абвяшчаў», — сказала Ганчарова БелаПАН.
За кратамі Зьміцер прабыў больш за паўтара года.
Зьмітра асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.