Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Портнікаў: Украінскі выбаршчык галасуе не за мэнэджэра, а за чараўніка


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Сказаць, што першы тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны стаў сэнсацыйным – азначае не заўважаць той рэальнасьці, якая склалася ў краіне за некалькі апошніх месяцаў.

Дакладней, пасьля таго, як тэлеканал «1+1», які належыць алігарху Ігару Каламойскаму, у навагоднюю ноч перадаў замест звароту прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі выступ аднаго са сваіх самых папулярных рэзыдэнтаў, шоўмэна Уладзімера Зяленскага. А Зяленскі заявіў пра сваю гатоўнасьць балятавацца на пасаду прэзыдэнта краіны. Ужо празь некалькі тыдняў, калі ня дзён, Зяленскі ўзьняўся на першы радок у рэйтынгах прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы, ды так і заставаўся на гэтым першым месцы да самага дня галасаваньня.

Украінцы, якія зьдзіўляюцца гэтаму фэномэну (як зрэшты, і назіральнікі зь іншых краін, якія лічаць, што палітыка ў гэтай краіне робіць круты паварот), проста не хочуць узгадваць, як выбаршчыкі галасавалі раней. Я б сказаў, галоўны фэномэн – гэта не Зяленскі, а тое, што ўкраінскі выбаршчык не зьмяняецца вось ужо два з паловай дзесяцігодзьдзі. Ён традыцыйна галасуе не за мэнэджэра, не за палітычнага лідэра, а за чараўніка – і ўжо праз год-паўтара, пераканаўшыся, што ніякай чароўнай палачкі ў яго куміра няма, расчароўваецца ў гэтым выбары і пачынае вінаваціць за яго, зразумела, не сябе, а свайго выбраньніка.

За 28 гадоў найноўшай палітычнай гісторыі Ўкраіны толькі аднаму яе прэзыдэнту, Леаніду Кучме, удалося пераабрацца на другі тэрмін, які прайшоў, праўда, у абстаноўцы бясконцых скандалаў і завяршыўся на Майдане 2004 года. Але цяпер мала хто памятае, што менавіта Кучма, які таксама нечакана для многіх выйграў выбары 1994 году ў Леаніда Краўчука, быў першым украінскім «прэзыдэнтам вялікіх надзей». І ў гэтага першага «прэзыдэнта надзей» таксама не было ні палітычнай партыі, ні падтрымкі істэблішмэнту, а былі хіба што расейскія тэлеканалы і «маладыя хлопцы», з дапамогай якіх Кучма зьбіраўся кіраваць краінай. Хаця, калі ён стаў прэзыдэнтам, аказалася, што эліта пасьпяхова інтэгравалася ў новую вэртыкаль і «маладыя хлопцы» былі ёй не перашкодай, наадварот, сталі яе часткай. У тым, што галоўным публічным дарадцам Уладзіміра Зяленскага стаў паліттэхноляг Дзьмітрый Разумкаў, сын заўчасна памерлага памочніка Кучмы Аляксандра Разумкава, ёсьць нейкая відавочная пераемнасьць.

Наступным украінскім прэзыдэнтам надзеяў быў кумір «аранжавага Майдана» Віктар Юшчанка. Нягледзячы на тое, што яго кіраваньне было адзначана, мабыць, пікам украінскага дабрабыту, а да абраньня кіраўніком дзяржавы Юшчанка быў пасьпяховым кіраўніком Нацыянальнага банка і прэм'ер-міністрам, балятуючыся на другі тэрмін, ён не патрапіў нават у другі тур выбараў. Затое трыюмф чакаў яго вечнага апанэнта Віктара Януковіча, прэзыдэнта надзеяў украінскага усходу, праўленьне якога завяршылася на Майдане 2013-2014 гадоў.

Пятро Парашэнка, якога да Майдана нават не ўключалі ў прэзыдэнцкія рэйтынгі, а пасьля Майдана лічылі найбольш верагодным прэтэндэнтам на пасаду мэра Кіева, таксама стаў прэзыдэнтам надзей. Спадзяваньняў на тое, што будзе адноўленая легітымнасьць прэзыдэнцкай пасады, што скончыцца вайна, што ўдасца вярнуць захопленыя тэрыторыі. Украінцы менавіта таму галасавалі за ўмеранага палітыка, дыплямата і бізнэсмэна, бо той Парашэнка, якога мы ведаем сёньня, зьявіўся толькі пасьля таго, як стала відавочнай немагчымасьць дамоўленасьцяў з Масквой. І, дарэчы, у новага кіраўніка дзяржавы, вечнага адзіночкі, таксама не было ні ўплывовай палітычнай партыі, ні нават каманды, усё гэта зьявілася пасля, а не да яго перамогі.

У гэтым сэнсе Уладзімер Зяленскі – Кучма, Юшчанка і Парашэнка-2019, кандыдат надзеяў у чыстым выглядзе. Калі ў прэтэндэнтаў у мінулыя гады была палітычная біяграфія (зрэшты, шчыра кажучы, выбаршчык мала пра яе задумваўся, прыхільнікаў Кучмы не палохала, што ён быў прэмʼерам у Краўчука, прыхільнікаў Юшчанкі тое, што ён быў прэмʼерам у Кучмы, прыхільнікаў Януковіча не адштурхоўвалі яго адсідкі, а прыхільнікаў Парашэнкі, што ён быў міністрам у Януковіча), то адносна Зяленскага можна нічога не памятаць, таму што памятаць няма чаго. Можна прыдумаць усё, што душы заўгодна. Можна спадзявацца і верыць. Менавіта таму Зяленскі ўсе гэтыя месяцы быў на першым месцы, а вопытныя Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка змагаліся паміж сабой за другое.

Што будзе далей, прадказаць не складана. Парашэнку ўдасца вырваць у Зяленскага перамогу ў другім туры выбараў толькі ў выпадку максымальнай кансалідацыі нацыянал-дэмакратычнага электарату – і, зразумела, пры ўмове, што гэты электарат паверыць у непатрыятычнасьць Зяленскага і будзе лічыць яго абраньне пагрозай для будучыні Ўкраіны. І што гэтага электарату хопіць для перамогі. І потым, пасьля другога тура, які прайграўшы паспрабуе ўзяць рэванш ужо на парлямэнцкіх выбарах, так што барацьба толькі пачынаецца, яе галоўныя падзеі яшчэ наперадзе.

Ужо ў ноч пасьля першага тура выбараў Зяленскі, яшчэ нядаўна які абяцаў апусьціцца перад Уладзімерам Пуціным на калені дзеля спыненьня канфлікту, паведаміў, што сустрэнецца з расейскім прэзыдэнтам толькі пасьля вяртаньня акупаваных тэрыторый – і толькі для таго, каб запатрабаваць кампэнсацыю за акупацыю Крыма і Данбаса. Такой заявы ад Зяленскага нельга было чакаць яшчэ 30 сакавіка. Але 31 сакавіка ён, верагодна, адчуў, што можа неўзабаве стаць прэзыдэнтам Украіны, Украіны, а не якой-небудзь іншай краіны.
І калі ў выніку свайго нечаканага посьпеху Зяленскі аднаго дня апынецца ў кабінэце, які цяпер займае Парашэнка, то можа здарыцца так, што ўжо праз пару тыдняў ён пачне з выразам зачытваць краіне прамовы пра вайну, акупантаў і сваю царкву. І ў гэтым таксама ня будзе нічога новага. Таму што Краўчук хутка авалодаў рыторыкай свайго канкурэнта з «Руху» Вячаслава Чарнавола, Кучма напісаў кнігу з «краўчукоўскай» назвай «Украіна – не Расея», Юшчанка спрабаваў ладзіць з алігархамі, як Кучма, а Парашэнка стаў такім жа сымбалем нацыянал-дэмакратыі ў палітыцы, як Юшчанка.

І толькі Януковіч, трэба аддаць яму належнае, нічога ў нікога не пераймаў і ні з кім ня ладзіў. І апынуўся ў Растове.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Віталь Портнікаў — кіеўскі журналіст, аўтар і вядучы праграмы Радыё Свабода «Дарогі да Свабоды»​.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG