Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дамовяцца Беларусь і Літва пра дасьледаваньне магілы брата Кастуся Каліноўскага ў Сьвіслачы?


Падчас раскопак на гары Гедзіміна
Падчас раскопак на гары Гедзіміна

Беларускі МЗС паведаміў, што зь літоўскім бокам абмяркоўваюцца магчымасьці сумеснай працы для больш дакладнай ідэнтыфікацыі парэшткаў Кастуся Каліноўскага.

Сярод іншага гаворка ідзе пра магчымасьць дасьледаваньня парэшткаў старэйшага брата Кастуся Каліноўскага — Віктара, пахаванага ў Беларусі, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

29 сакавіка ў беларускім МЗС адбылася сустрэча з амбасадарам Літвы, дзе абмяркоўваліся «і іншыя практычныя крокі ў супрацоўніцтве на гэтую тэму». Сярод іх — надмагільныя надпісы па-беларуску пры перапахаваньні.

Сьцісла

  • Літоўскія археолягі і гісторыкі ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага і яшчэ двух дзясяткаў удзельнікаў антыімпэрскага паўстаньня 1863–1864 гадоў.
  • Таямніцы 150-гадовай даўніны адкрыў апоўзень на гары Гедзіміна ў Вільні ў 2016 годзе.
  • Раскопкі пачаліся ў студзені 2017-га, іх вынікі агучаныя ў сакавіку 2019
  • Літоўскія дасьледнікі кажуць пра адсутнасьць інтарэсу да ідэнтыфікацыі і мэмарыялізацыі парэшткаў зь беларускага афіцыйнага боку.
  • Перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў заплянавалі на восень 2019 году на могілках Росы.
  • Надмагільныя надпісы плянуюцца па-літоўску і па-польску, толькі на магіле Каліноўскага па-беларуску.

Прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз і намесьнік дырэктара ў навуковай працы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза зьняпраўдзілі заявы літоўскіх гісторыкаў пра тое, што афіцыйны Менск ігнаруе пытаньні мэмарыялізацыі ідэнтыфікаваных у Вільні парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гадоў на чале з Кастусём Каліноўскім.

Беларускія археолягі наведвалі раскопкі ў Вільні

У пачатку лістапада 2018 году беларускія археолягі наведалі раскопкі з парэшткамі паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні. Як расказаў карэспандэнту Свабоды загадчык аддзелу археалёгіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Кошман, гэта была найперш ініцыятыва беларускага МЗС і адміністрацыі прэзыдэнта.

Якія былі мэты візыту?

«Даведацца зь першых вуснаў літоўскіх калег пра вынікі іх працы, паглядзець сваімі вачыма на гэтыя матэрыялы. Бо ніколі ня ставілася задача перад беларускімі навукоўцамі альбо сьледчымі ці судовымі экспэртамі гэтым пытаньнем займацца».

Вадзім Кошман высока ацэньвае працу літоўскіх калегаў.

«Праца праведзеная на найвышэйшым узроўні, з выкарыстаньнем магчымых і немагчымых мэтадаў. Вынікі абсалютна ўнікальныя. І можна толькі павіншаваць з гэтым літоўскіх калегаў».

Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

Ці ўздымалася там пытаньне пра магчымасьць перапахаваньня парэшткаў на тэрыторыі Беларусі? Паводле Вадзіма Кошмана, гэтая паездка была выключна з навуковымі мэтамі.

«Ніякіх іншых мэтаў там не было і задачы ніякія не ставіліся. Да таго ж мы ня мелі ніякай кампэтэнцыі нешта іншае абмяркоўваць. Па-мойму, гэта пытаньне не да навукоўцаў».

Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Сьвіслачы
Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Сьвіслачы

Сьвіслацкі райвыканкам: пытаньне эксгумацыі парэшткаў брата Каліноўскага не ўздымалася

Археоляг Нацыянальнага музэю гісторыі Літвы Гіціс Грыжас паведаміў Свабодзе, што парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікавалі з дакладнасьцю 99% — з дапамогай антрапалягічнага дасьледаваньня і параўнаньня чэрапа з прыжыцьцёвай фатаграфіяй.

«І хоць сумневаў, што гэта ён, практычна не застаецца, было б добра працягнуць працу, узяўшы ДНК яго брата Віктара, пахаванага ў Сьвіслачы», — сказаў Грыжас.

Літоўскі бок даўно казаў пра неабходнасьць эксгумаваць парэшткі Віктара Каліноўскага ў Беларусі. Але дагэтуль пытаньне ня вырашана.

Антрапалягічнае супастаўленьне чэрапа Кастуся Каліноўскага з прыжыцьцёвым здымкам
Антрапалягічнае супастаўленьне чэрапа Кастуся Каліноўскага з прыжыцьцёвым здымкам

Паводле намесьніка дырэктара ў навуковай працы Інстытуту гісторыі Вадзіма Лакізы, будаўнічыя, земляныя і іншыя працы на тэрыторыі раёну санкцыянуюцца райвыканкамам на падставе заключэньня Інстытуту гісторыі НАН Беларусі.

Раней намесьнік старшыні Сьвіслацкага райвыканкаму Юры Кулікоў сказаў карэспандэнту Свабоды, што рашэньне пра эксгумацыю парэшткаў Віктара Каліноўскага не прымалася і пытаньне не абмяркоўвалася.

«У гэтым пытаньні трэба вывучаць праўную базу, наколькі гэта правамоцна. Мы ня можам самі па сабе пачаць гэтую эксгумацыю», — сказаў ён.

У Сьвіслацкім райвыканкаме паведамілі, што ў Сьвіслач прыяжджалі прадстаўнікі літоўскага боку, якія спрабавалі знайсьці сваякоў Кастуся Каліноўскага, каб узяць аналіз ДНК.

Ля магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы
Ля магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы

Загадчык аддзелу археалёгіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Кошман сказаў Свабодзе, што пакуль няма замовы з боку ўладаў, каб праводзіць эксгумацыю, а яе праводзіць неабходна.

«Мы даўно гатовыя, але трэба ўзгадніць пазыцыі, хто што будзе рабіць. Там патрэбныя адмысловыя аналізы, якія будуць карэлявацца з аналізамі літоўскіх калег. А дзеля гэтага трэба праводзіць эксгумацыю. Ёсьць цэлая працэдура, асабліва калі ёсьць намер атрымаць ДНК.

Патрэбныя асаблівыя ўмовы. Спэцыялісты-генэтыкі павінны ацаніць ступень захаванасьці касьцявых парэшткаў. А судова-мэдычны экспэрт павінен ацаніць, ці насамрэч гэтыя парэшткі належаць Віктару Каліноўскаму.

Па-другое, няма ніякай гарантыі, што ў гэтай магіле трапяцца іншыя парэшткі альбо яна не парушана іншымі пахаваньнямі».

Вадзім Кошман таксама зьвяртае ўвагу, што трэба вырашыць, хто панясе выдаткі, бо аналіз ДНК каштуе некалькі тысяч даляраў.

«Бо магілу Віктара Каліноўскага трэба разбурыць, зьняць пакрыцьцё, камяні, крыж. А потым усё гэта аднавіць. Хто на гэта будзе несьці выдаткі?»

Як паведаміў карэспандэнту Свабоды адзін зь беларускіх дыпляматаў, каб пачаць эксгумацыю, трэба выканаць пэўныя фармальнасьці і потым працаваць разам зь літоўцамі.

Пытаньне наконт фінансаваньня пакуль не стаіць, але беларускі бок здольны самастойна фінансаваць сваю частку працаў дзеля эксгумацыі і аналізу ДНК.

«У нас няма праблемаў. Але літоўцы казалі, што калі ёсьць праблемы, то яны гатовыя разгледзець розныя варыянты супрацоўніцтва. Аднак пакуль нейкія фінансавыя аспэкты не абмяркоўваюцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG