Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў-платнікаў сёлета ня будзе — Мінадукацыі


Абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, якія атрымалі адукацыю на платнай аснове, сёлета ня будзе, паведаміў 28 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчаў.

Пра гэта піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Паводле яго слоў, штогод каля тысячы чалавек, якія навучаліся платна, па сваёй ініцыятыве «карыстаюцца магчымасьцю» разьмеркаваньня, каб «атрымаць першае працоўнае месца і статус маладога спэцыяліста».

Статус маладога спэцыяліста дае права на адпачынак пасьля заканчэньня навучаньня, на грашовую дапамогу ў памеры стыпэндыі, на першачарговае атрыманьне арэнднага жыльля з камунальнага жыльлёвага фонду. Акрамя таго, прадугледжанае частковая грашовая кампэнсацыя за арэнду жыльля, калі выпускнік адпраўляецца па разьмеркаваньні ў населены пункт, дзе ня мае месца пражываньня.

Таксама абмежаваныя магчымасьці наймальніка звольніць маладога спэцыяліста, перавесьці яго на працу, не зьвязаную з атрыманай спэцыяльнасьцю.

  • На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 21 верасьня 2023 года міністар адукацыі Андрэй Іванец анансаваў зьмены ў Кодэкс аб адукацыі — для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся платна, плянавалася ўвесьці адпрацоўку па разьмеркаваньні, а для выпускнікоў бюджэтных аддзяленьняў яе тэрмін павялічыць.
  • 5 кастрычніка 2023 году Іванец заявіў, што студэнтаў-платнікаў, якія ўжо навучаюцца, разьмяркоўваць у абавязковым парадку не будуць.
  • 28 сакавіка 2024 года Іванец паведаміў, што зьменаў у сыстэме разьмеркаваньня выпускнікоў вышэйшых і сярэдне-спэцыяльных навучальных устаноў, а таксама ўстаноў прафэсійнай адукацыі, ня будзе. Ён удакладніў, што не адбудзецца зьменаў ні ў частцы разьмеркаваньня выпускнікоў платных аддзяленьняў, ні ў частцы павелічэньня пэрыяду адпрацоўкі па разьмеркаваньні.
  • Тады Іванец адзначыў, што ў 2023 годзе каля 2 тыс. выпускнікоў ВНУ і каледжаў, якія вучыліся платна, па іх жаданьні былі разьмеркаваныя. «Упэўнены, сёлета такіх выпускнікоў будзе больш», — сказаў кіраўнік ведамства.
  • На сёньня адпрацоўка па разьмеркаваньні абавязковая толькі для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся за кошт бюджэту. Тыя, хто навучаецца па мэтавым накіраваньні, абавязаныя адпрацаваць па разьмеркаваньні пяць і больш гадоў (у залежнасьці ад тэрміну, прапісанага ў дамове аб падрыхтоўцы спэцыяліста), астатнія бюджэтнікі — два гады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG