Аб гэтым паведамляюць газэта Financial Times і агенцтва Bloomberg, якія азнаёміліся з новым праектам зьдзелкі.
Згодна з дакумэнтам, адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа патрабуе «правы першай прапановы» на інвэстыцыі ва ўсе інфраструктурныя і рэсурсныя праекты. Калі пагадненьне будзе падпісанае, ЗША атрымаюць магчымасьць кантраляваць інвэстыцыі ў інфраструктуру, зьвязаную з эксплюатацыяй прыродных рэсурсаў, у тым ліку аўтамабільныя дарогі і чыгункі, порты, шахты, перапрацоўчыя заводы.
Кіеў павінен будзе пералічваць у спэцыяльны інвэстыцыйны фонд 50% даходаў ад новых інфраструктурных праектаў і праектаў па распрацоўцы прыродных рэсурсаў. Згодна з праектам пагадненьня, ЗША хочуць атрымаць права першымі патрабаваць прыбытак, які пералічваецца ў гэты фонд.
Вашынгтон таксама патрабуе, каб Украіна і ЗША стварылі наглядальную раду для кантролю за сумесным інвэстыцыйным фондам. ЗША змогуць прызначыць трох з пяці чальцоў рады, што дасьць Вашынгтону поўнае права вета пры прыняцьці рашэньняў.
Згодна з праектам, урад ЗША будзе мець права закупляць украінскія мэталы, карысныя выкапні, нафту і газ раней за іншых на камэрцыйных умовах — незалежна ад таго, ці фінансуе праект фонд. Дакумэнт таксама забараняе Кіеву прадаваць найважнейшыя карысныя выкапні краінам, якія зьяўляюцца «стратэгічнымі канкурэнтамі» ЗША.
Як адзначае FT, у гэтым пагадненьні ЗША не прапануюць Кіеву ніякіх гарантый бясьпекі.
Высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі заявілі газэце, што гэтае пагадненьне можа падарваць сувэрэнітэт Украіны, накіраваць прыбытак за мяжу і ўзмацніць залежнасьць краіны ад Вашынгтона.
Раней міністар фінансаў ЗША Скот Бесэнт распавёў, што краіны могуць падпісаць пагадненьне на наступным тыдні. Аднак украінскія чыноўнікі завілі FT, што гэта малаімаверна. Адзін з іх назваў новы праект зьдзелкі «несправядлівым», а іншы параўнаў яго з «рабаваньнем».
Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас візыту ў Парыж заявіў, што ЗША «стала мяняюць» умовы зьдзелкі па рэсурсах. Але ён дадаў, што не хоча, каб Вашынгтон думаў, што Кіеў выступае супраць зьдзелкі.
Па дадзеных крыніц Bloomberg, абмеркаваньні ўмоў пагадненьня працягваюцца, і Украіна можа перадаць ЗША свае папраўкі на гэтым тыдні.
Папярэдні варыянт зьдзелкі па рэсурсах плянавалася падпісаць у канцы лютага падчас візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зялонскага ў Вашынгтон. Падчас сустрэчы паміж прэзыдэнтамі адбылася сварка, і падпісаньне дакумэнту ў выніку не адбылося
Форум