Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтарэс праяўляем». Інстытут гісторыі пракамэнтаваў сытуацыю вакол парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага


Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

Намесьнік дырэктара ў навуковай працы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза абверг заявы польскіх гісторыкаў, што афіцыйны Менск ігнаруе пытаньні мэмарыялізацыі ідэнтыфікаваных у Вільні парэшткаў паўстанцаў 1863-1864 гадоў на чале з Кастусём Каліноўскім.

У Літве створаная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Саўлюса Сквярняліса. У яе працы бярэ ўдзел доктар гуманітарных навук, былы дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжантайціс.

Паводле яго, калі літоўскі і польскі бок дамаўляюцца аб нюансах мэмарыялізацыі, то афіцыйная Беларусь гэта папросту ігнаруе. Альвідас Нікжантайціс сказаў Свабодзе, што за ўвесь час працы камісіі зь беларускага афіцыйнага боку «ня выяўлена ні кроплі інтарэсу».

«Прыехалі аднойчы спэцыялісты зь Беларусі, але гэта была нефармальная сустрэча», — сказаў Альвідас Нікжантайціс.

Намесьнік дырэктара ў навуковай працы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза сказаў Свабодзе, што «гэта няпраўда».

«Інтарэс праяўляецца. Працуе і МЗС, і іншыя ўстановы. Наша група езьдзіла зь Беларусі ў Літву: археоляг, антраполяг, спэцыялісты, экспэрты-крыміналісты. Была афіцыйна накіраваная зь дзяржаўных арганізацый, устаноў Беларусі група, якая сустракалася ў Літве ў МЗС, і нашы дыпляматы былі куратарамі гэтай сустрэчы. Дык як можна казаць, што яна неафіцыйная ці нефармальная?»

Паводле Вадзіма Лакізы, «праца далей працягваецца».

«Група зрабіла пэўныя высновы, свае думкі выказала, накіравала ў арганізацыі, якія пасылалі. Пытаньне вырашаецца».

Вадзім Лакіза не адказаў на пытаньне, ці будзе нехта зь беларускага боку браць удзел у перазахаваньні парэшткаў паўстанцаў Каліноўскага.

«Мая асабістая думка: прадстаўнікі беларукага боку павінны браць удзел. І я думаю, што возьмуць».

Літоўскія спэцыялісты ўжо даўно казалі пра неабходнасьць узяць ДНК брата Кастуся Каліноўскага Віктара, пахаванага ў Сьвіслачы дзеля ідэнтыфікацыі парэшткаў. Аднак нічога зроблена так і не было.

«Гэтае пытаньне прапрацоўваецца. Нават учора пра гэта была размова. Магіла Віктара Каліноўскага дакладна абазначана. Пробы магчыма ўзяць».

Калі спэцыялісты пачнуць працу ў гэтым пытаньні, Вадзім Лакіза не паведаміў.

Вадзім Лакіза выказаў сваё перакананьне, што надпісы на магілах герояў павінны быць і на беларускай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG