Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя і бацькі пацьвердзілі: за замах нагой на «царскага гарадавога» дзяўчына правяла два дні на Акрэсьціна


Флэшмоб ля скульптуры «царскаму гарадавому» зь «несанкцыянаванымі пацалункамі», 19 лістапада 2018 году, ілюстрацыйнае фота
Флэшмоб ля скульптуры «царскаму гарадавому» зь «несанкцыянаванымі пацалункамі», 19 лістапада 2018 году, ілюстрацыйнае фота

Раней актывістка Натальля Басалыга-Гарачка расказвала, што, паводле ейных зьвестак, суд адправіў на дапрацоўку пратакол на 18-гадовую Аляксандру С. за тое, што яна замахнулася нагой на скульптуру «царскага гарадавога» ля галоўнага будынка Міністэрства ўнутраных справаў у Менску.

Tut.by атрымаў пацьверджаньне гэтай гісторыі, хоць Свабодзе ў судзе абвяргалі, што такое было.

У Галоўным упраўленьні ўнутраных справаў пацьвердзілі: 23 сакавіка на дзяўчыну склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, 25 сакавіка не змаглі асудзіць і направілі матэрыял на дапрацоўку. Што за пратакол, у міліцыі адмовіліся казаць.

Бацька дзяўчыны Андрэй расказаў: Аляксандра ўвечары суботы ішла па вуліцы Гарадзкі Вал са сваім сябрам, хацела наведаць бабулю. Дзяўчына і хлопец пачалі жартаваць між сабой, шчыпаліся, штурхаліся і сьмяяліся. У адзін момант дзяўчына спытала хлопца, ці можа яму даць высьпятка, а калі атрымала адмову, сказала «Нельга цябе — тады яго» і замахнулася нагой на «царскага гарадавога».

Праз паўхвіліны, сьцьвярджае бацька, з будынка МУС выйшлі «пара чалавек, затым яшчэ некалькі», пасьля прыехалі чатыры супрацоўнікі АМАП. Дзяўчыну і хлопца завялі ў будынак, сталі праглядаць запісы з камэраў. Дзяўчыну затрымалі, хоць міліцыя не адмаўляла, што яна не пашкодзіла скульптуру.

«Сказалі, маўляў, усе разумеюць, — тлумачыць бацька дзяўчыны. — Але нібыта ёсьць унутраная інструкцыя, і хто няправільна там праходзіць — трэба рэагаваць».

У пратаколе за дробнае хуліганства, празь які Аляксандра правяла два дні ў ізалятары на Акрэсьціна, напісана: «Знаходзячыся ў грамадзкім месцы, падбегла да скульптурнай групы і на вачах мінакоў зрабіла замах нагой, чым учыніла наўмысныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак і выяўляюцца ў відавочнай непавазе да грамадзтва».

Бацька дзяўчыны заявіў таксама, што абураны там, як нейкія СМІ нібыта спрабавалі «ператварыць у палітыку» здарэньне з дачкой і «шчыра хлусілі, каб хайпануць на сытуацыі», хоць гісторыя «не зьвязаная з палітыкай», а дачка «ня ведала пра гэтую скульптуру толкам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG