У час абвяшчэньня кадравых перастановак Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня лічыць працу міліцыі дастаткова эфэктыўнай, піша БелТА.
«Калі эфэктыўна працуеце, варушыцеся, будуць і вынікі, — сказаў Аляксандар Лукашэнка міліцэйскаму начальству. — Але, калі абсалютна шчыра, я не магу сёньня міліцыі паставіць паводле 10-бальнай шкалы адзнаку 9 або 10, і нават 8 з нацяжкай. І я лішні раз у гэтым пераканаўся, гэта міністра тычыцца і дзяржсакратара, быўшы ў Магілёўскай вобласьці».
Каго куды прызначылі
Але менавіта Магілёўскую вобласьць перастаноўкі не закранулі. Былы начальнік Віцебскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў Іван Курбакоў прызначаны кіраўніком Менскага ГУУС. На яго месца ў Віцебскую вобласьць прызначаны Міхаіл Грыб, які да таго быў намесьнікам менскай міліцыі грамадзкай бясьпекі. А былы начальнік менскай міліцыі Сяргей Дарошка стаў начальнікам Акадэміі МУС.
Таксама Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Лагойскага райвыканкаму — ім стаў былы першы намесьнік старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Аляксандар Ласевіч. Зьмяніліся кіраўнікі Завадзкога, Кастрычніцкага, Партызанскага і Фрунзэнскага раёнаў Менску. Прызначаны новы дырэктар «Гомсельмашу» — Аляксандар Новік.
У міністра транспарту цяпер тры новыя намесьнікі: Аляксей Ляхновіч (першы), Андрэй Іваноў і Натальля Александровіч. У Міністэрстве замежных справаў новы дырэктар дэпартамэнту зьнешнеэканамічнай дзейнасьці — Юры Гарэлік.
Новым амбасадарам у Арабскіх Эміратах, Кувэйце, Бахрэйне і Саудаўскай Арабіі стаў Андрэй Лучанок (ён раней быў начальнікам управы Афрыкі і Бліжняга Ўсходу). А новым амбасадарам у Банглядэш і Нэпале стаў Андрэй Ржэвускі (ён быў амбасадарам у Індыі).