Ва Украіне на міжнародным фэстывалі праваабарончага дакумэнтальнага кіно Docudays UA адбыўся спэцыяльны паказ дакумэнтальнага фільму «Трэнэр. Гульня ў цемры», які зьняла беларуская рэжысэрка, 30-гадовая Вольга Абрамчык. Вольга скончыла Беларускую Акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці тэлерэжысура і чэскую кінаакадэмію Міраслава Ондржычка па спэцыяльнасьці рэжысура дакумэнтальнага кіно і цяпер працуе мультымэдыйным прадусарам на тэлеканале «Настоящее время» у Чэхіі. Яе фільм пра невідушчых футбалістаў зь Віцебску толькі пачынае сваю дарогу па розных кінафэстывалях, а мы з Вольгай размаўляем пра інтуітыўны футбол, жанчын-рэжысэрак і розныя школы дакумэнталістыкі.
«Гэты фільм можна і паслухаць»
— Я чула, што вы паабяцалі невідушчым футбалістам змантаваць кіно бяз музыкі. Чаму?
— Я пазнаёмілася з камандай і трэнэрам чатыры гады таму. Спачатку было складана знайсьці агульную мову. Ідэя ім спадабалася, але яны запыталіся: «А як мы пабачым гэтае кіно?» І тады ў мяне зьявілася ідэя захаваць кожны гук, кожны шум, каб любы чалавек мог праз гукавую атмасфэру зразумець, што адбываецца ў кадры. Мы практычна не выкарыстоўвалі музыку, толькі калі яна была ўнутры кадра. У такім выпадку сьляпы чалавек можа зразумець гэтае кіно. Тады я не знайшла фінансаваньня на гэты праект, і праз чатыры гады зрабіла для «Настоящего времени». Я спадзяюся, што гэта толькі пачатак, і пра інтуітыўны футбол даведаецца больш людзей. Часта першая рэакцыя на мой расповед пра тое, над чым я працую, была наступная: «А што такое існуе? Як невідушчы чалавек можа гуляць у футбол? Якія там правілы? Як гэта ўвогуле магчыма».
«На полі 4 невідушчыя гульцы, відушчы брамнік і два трэнэры»
— Дык давайце патлумачым усім, што такое інтуітыўны футбол.
— Ён істотна адрозьніваецца ад звычайнага футболу. На полі 4 невідушчыя гульцы і відушчы брамнік, усе ў масках, каб забясьпечыць роўныя ўмовы і абараніць вочы, а таксама два трэнэры. Адзін — за брамай супернікаў, адзін — за бортам. Яны могуць падказваць, куды рухацца. І самае галоўнае — гэта мяч, які шуміць як бразготка, і яны на яго арыентуюцца. Яны павінны казаць слова «бой». Насамрэч гэта слова «вой», што азначае па-гішпанску «іду». Гэты від спорту ўзьнік у Гішпаніі. Паводле правілаў, каб не ўрэзацца адзін у аднаго, яны ўвесь час павінны казаць «вой». А на нашай зямлі яны крыху інтэрпрэтавалі гэтае слова і кажуць «бой».
У карціне няма пастановак — гэта ўрывак сапраўднага паўсядзённага жыцьця сьляпых футбалістаў, якія сталі адной з самых моцных невідушчых каманд Беларусі. Амаль у кожнага зь іх ёсьць сям’я і праца. Гэта фільм ня толькі пра футбол, гэта пра людзей, якія жывуць надзеяй, дасягаюць чагосьці.
— У Беларусі людзям з абмежаванымі магчымасьцямі значна больш складана, чым тым жа гішпанцам ды іншым эўрапейцам жыць паўнавартасным жыцьцём. Дзякуючы каму ці чаму зьявілася футбольная каманда невідушчых у Віцебску?
— Шмат залежала ад трэнэра Алега Кірылава. Каманда зьявілася ў 2008 годзе. Калі мы прыехалі на здымкі, то плянавалі больш здымаць пра невідушчых гульцоў, але хутка зразумелі, што ўсіх зьвязвае і абʼядноўвае Алег Кірылаў. Фільм атрымаўся, з большага, пра яго, пра чалавека, які падтрымлівае хлопцаў, які для іх ня проста трэнэр, але і сябра, настаўнік, хросны бацька.
Кірылаў спачатку паехаў у Расею на трэнінг і па вяртаньні стварыў каманду. Віцебская каманда — гэта касьцяк зборнай Беларусі па інтуітыўнаму футболу. Такія каманды існуюць у Менску і іншых гарадах. Менавіта Кірылаў спрабуе знайсьці сродкі, каб каманда магла выступаць на розных чэмпіянатах. Цяпер яна выступае на чэмпіянаце Эўропы ў Румыніі. Фільм пакуль бачыў толькі трэнэр. Рэакцыя была добрая. Мы плянуем спэцыяльна паказ у Віцебску, каб гульцы, іх сябры і родныя маглі паглядзець і паслухаць.
Гэта мой першы фільм пасьля заканчэньня кінаакадэміі ў Чэхіі. Раней у Беларусі я здымала сацыяльныя ролікі, у тым ліку супраць сьмяротнага пакараньня.
Падчас вучобы ў Чэхіі зьняла тры дакумэнтальныя фільмы — пра беларусаў у Чэхіі, пра бодыбілдынг і пра байджампінг (скаканьне з дахаў, гораў, вежаў).
Фільм «Гульня ў цемры» мы хацелі бы паслаць на фэстываль дакумэнтальнага кіно ў Йіглаве ў Чэхіі, а таксама на «Лістапад» ці па «Паўночнае зьзяньне» у Беларусі. Хочацца, каб фільм пабачылі ў Беларусі, каб людзі ведалі, што гэта ў нас адбываецца.
«Жанчыне лягчэй пранікнуцца гісторыяй героя і перадаць яе больш чуйна»
— У Беларусі моцная школа дакумэнтальнага кіно, незалежнага дакумэнтальнага кіно. Вы вучыліся і ў Чэхіі, і ў Беларусі, маеце досьвед дзьвюх школаў маеце. Якая школа вам бліжэйшая?
— У любым выпадку рэжысэр сам свой стыль знаходзіць, незалежна ад шкоды, хаця, безумоўна, яна ўплывае. Я ў Беларусі заканчвала не дакумэнталістыку, а рэжысуру тэлебачаньня. Але ў Чэхіі іншы падыход, і я адчула розьніцу. Тут на лекцыях ты спачатку робіш і пасьля гэтага адбываецца абмеркаваньне з пэдагогамі. У Беларусі наадварот. Мы ад пачатку і ад фіналу ўсё абмяркоўвалі. У Чэхіі мне не хапала кантакту з пэдагогам, хацелася больш, а потым я злавіла сябе на думцы, што ўласны стыль разьвівацца, калі ў яго ніхто ня ўмешвацца, і гэта працуе. На практыцы ты можаш адчуць значна больш, чым на лекцыях.
— Як вы патлумачыце, што ў дакумэнтальным кіно жанчынаў амаль пароўну з мужчынамі, а ў мастацкім кіно рэжысэрак усё ж істотна меней?
— Магчыма, жанчыне ў некаторых момантах лягчэй пранікнуцца гісторыяй героя і перадаць яе больш чуйна. Але гэта залежыць і ад чалавека, таму не скажу, што мужчыны ня могуць менш чутка адчуваць.
— Як бы вы самі адказалі на пытаньне, якое задавалі героям свайго першага фільма, беларусам, якія пераехалі ў Чэхію. Чаму вы тут? Ці надоўга вы тут?
— У мяне была магчымасьць вучыцца ў Чэхіі, і я яе выкарыстала. Цяпер у мяне ёсьць праца, магчымасьць здымаць дакумэнтальныя фільмы, і гэта пра многае кажа. Ня ведаю, як складзецца ў будучыні, але я ні ў якім выпадку не хачу парываць сувязі зь Беларусьсю.