Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэат кінафэсту ў Амстэрдаме: Ня ведаю ніводнага творцы, які б не здрыгануўся ад прозьвішча Дрыгі


Беларускі пераможца Андрэй Куціла
Беларускі пераможца Андрэй Куціла

Фільм «Сума» («Summa») рэжысэра Андрэя Куцілы прызнаны найлепшай сярэднемэтражнай стужкай на адным з найпрэстыжнейшых у Эўропе фэстываляў дакумэнтальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме. Там жа адбылася яго ўсясьветная прэм’ера. Дагэтуль нікому зь беларусаў такая вяршыня яшчэ не скаралася.

Апроч статуэткі і дыплёму, за перамогу стваральнікі атрымаюць і грашовую ўзнагароду — 10 тысяч эўра. Фільм зьняты з польскім фінансаваньнем пры ўдзеле тэлеканалу «Белсат». Андрэй Куціла спадзяецца, што неўзабаве зможа паказаць яго і ў Беларусі.

«Сума» — гэта гісторыя сяброўства паміж старым польскім мастаком Анджэем Струмілам і маладой беларускай мастачкай Марыяй. «Наша агульная антычнасьць» — так называе эпоху ВКЛ пан Анджэй, які жыве ў вёсцы на паўночным усходзе Польшчы. Нягледзячы на свае 90 з гакам, ён займаецца жывапісам і гадуе арабскіх коней.

Нібыта ў паралельным сьвеце існуе Марыя, якая вырасла ў спальным раёне на ўскраіне Менску. Маладую жанчыну вабяць дзівосныя таямніцы жыцьця, якія хаваюцца ў сьвеце пана Анджэя. І яна ўцякае туды без аглядкі, пакідаючы ў Беларусі мужа.

Ляўрэаты кінафэстывалю IDFA ў Амстэрдаме
Ляўрэаты кінафэстывалю IDFA ў Амстэрдаме

Па вяртаньні зь Нідэрляндаў 35-гадовы кінадакумэнталіст падзяліўся ўражаньнямі ад перамогі, да якой шмат хто зь ягоных калегаў ідзе ўсё жыцьцё, нярэдка безвынікова.

«Прыз IDFA аналягічны перамозе мастацкага фільму ў Канах»

— Андрэй, ці карэктна казаць, што IDFA — вяршыня прызнаньня ў дакумэнтальным кіно?

— Афіцыйна такой градацыі як бы няма. Зрэшты, гэта як высьвятляць ступень круцізны ў гульнявым кіно: што лепш — Каны ці Бэрлін, Таронта ці Сан-Сэбаст’ян? Для дакумэнтальнага кіно гэта фэстываль топ-клясу, у сьвеце такіх некалькі. Але апошнія гадоў дзесяць IDFA лічыцца мэкай дакумэнтальнага кіно. Атрымаць прыз у Амстэрдаме — аналягічна таму, як чалавеку з гульнявога кіно быць уганараваным у Канах. Паводле ўзроўню прэстыжу прыблізна аднолькава.

Таму сапраўды крута, прынамсі ў нашай прафэсіі гэта адна з найвышэйшых узнагародаў. Ня ведаю, ці атрымаю ў сваім жыцьці што-небудзь большае, чым ужо маю. З аднаго боку, трэба цешыцца, можна было ісьці да мэты гадоў 20. Зь іншага, ёсьць асьцярога, што няма да чаго імкнуцца — што далей? Збольшага жартую, бо ёсьць іншыя пляцоўкі — напрыклад, дакумэнтальная сэкцыя ў тым жа Бэрліне. Але аб’ектыўна большая ўвага да Амстэрдаму: і мне, і прадусару ўжо пачынаюць пісаць дыстрыбутары, якія гатовыя браць фільм на продаж. Гэта само па сабе сьведчыць пра ўзровень імпрэзы.

Кадар зь фільму «Сума»: Марыя перад карцінамі Анджэя
Кадар зь фільму «Сума»: Марыя перад карцінамі Анджэя

— То бок гаворка пра адладжаную кінаіндустрыю...

— Так, абсалютна. Ня проста паказы, а вялізная пляцоўка для бізнэсу, дзе прадаюць, набываюць самыя лепшыя кінапраекты — у дадзеным выпадку гаворка выключна пра дакумэнтальнае кіно, гэта такі топ-узровень. З усяго сьвету зьяжджаюцца прадстаўнікі самых магутных тэлеканалаў, каб набыць навінкі, і дыстрыбутары, каб іх прадаць.

Ну і, зразумела, ажыятажная цікавасьць да самога конкурсу, бо гэта надзвычай прэстыжна. Натуральна, асаблівая ўвага да поўнамэтражнага фармату, а яшчэ ёсьць сярэднемэтражнае кіно, дзе якраз мы перамаглі, конкурс кароткамэтражак, дэбютаў, для дзяцей, з выкарыстаньнем сучасных тэхналёгій. Увесь глядацкі спэктар.

Герой стужкі Анджэй Струміла і рэжысэр Андрэй Куціла
Герой стужкі Анджэй Струміла і рэжысэр Андрэй Куціла

«Першы ўганараваны беларускі фільм за 30 гадоў фэстывалю»

— Калі меркаваць па выніковым сьпісе пераможцаў, суцяшальныя прызы арганізатары налева-направа не раздаюць. То бок, каб вярнуцца з узнагародай, трэба моцна пастарацца...

— Сапраўды, прызоў мала. У кожнай сэкцыі (агулам іх сем) узнагароджваецца ўласна пераможца і яшчэ прысуджаецца Special Jury Award ад журы. І ўсё, больш няма. Таму атрымаць нават не спэцыяльны прыз, а асноўны — гэта надзвычай ганарова. Шчыра кажучы, было нечакана. Справа ў тым, што ўсе мараць пра тое, каб трапіць хоць бы ў пазаконкурсную праграму і мець там прэм’еру — ці ўсясьветную, ці міжнародную. Шмат хто з аўтараў вычэквае, адмаўляе іншым фэстывалям, каб «выстраліць» менавіта ў Амстэрдаме.

Паўтаруся: увага і прэстыж ужо ад таго, што трапляеш ня толькі ў конкурс, а нават у паралельную праграму. А ў нашым выпадку мала таго, што апынуліся ў адной з асноўных праграмаў, дык яшчэ атрымліваем галоўны прыз у сваёй намінацыі. Абсалютны максымум, якога толькі можна было чакаць. Безумоўна, у глыбіні душы на нешта спадзяваліся, але наўрад ці на такую ўдалую разьвязку.

Кадар зь фільму «Сума»: застольле
Кадар зь фільму «Сума»: застольле

— Сярод беларускіх рэжысэраў гэта першы такі посьпех?

— Беларускія дакумэнталісты атрымлівалі прэстыжныя ўзнагароды на розных кінафэстывалях: гэта і Юры Хашчавацкі, і Віктар Дашук, і Наста Мірашнічэнка, і Віктар Асьлюк, і Галіна Адамовіч. Усе яны мелі посьпех. Я тут не ўнікальны. Але ў Амстэрдаме сапраўды такое здарылася ўпершыню. IDFA праводзіцца ўжо 30 гадоў, і за ўсю яго гісторыю гэта першы ўганараваны беларускі фільм.

Дзеля справядлівасьці, сваім гэты фільм лічаць і палякі, што слушна. Асноўнае фінансаваньне было ад Польскага кінаінстытуту і Польскай тэлевізіі, а таксама часткова «Белсату» і Падляскага ваяводзтва. Таму стужка аб’ектыўна лічыцца і беларускай, і польскай: рэжысэр, аўтарка ідэі, адна з галоўных герояў — зь Беларусі. Грошы, прадусар, тэхнічная падтрымка — з Польшчы. Прыклад удалага супольнага праекту — і ў сэнсе творчых сілаў, і далейшага прадакшну.

Андрэй Куціла за фэстывальнай трыбунай
Андрэй Куціла за фэстывальнай трыбунай

«Атрымаўся фільм па-за палітычным і сацыяльным кантэкстам»

— Андрэй, чаму ты кажаш, што ў Амстэрдаме не спадзяваўся на станоўчы для сябе вынік?

— Гэтае кіно — па-за палітычным і сацыяльным кантэкстам, яно ўнівэрсальнае і пазбаўленае маркераў злабадзённасьці. І гэта цешыць, бо ніхто ня можа кінуць — ну вось, далі прыз за палітыку. Як у нас прынята пісаць, чарговае кіно, якое ачарняе беларускі дзяржаўны лад. «Сума» — гэта фільм пра адносіны, пра жыцьцё, пра мастацтва. Няма ніякай зачэпкі для тых, хто любіць паказыраць: ай, усё зразумела, гэта ж пра палітыку, пра сацыяльную тэматыку. І клёва, што гэта ня так.

Канечне, я быў бы шчасьлівы, каб перамог любы мой фільм, незалежна ад тэматыкі. Але ў дадзеным выпадку дадае асалоды, што стужка не зьвязаная зь беларускім палітычным і сацыяльным кантэкстам. Мала таго, у канчатковы варыянт увайшлі толькі два кадры зь Беларусі: адзін плян раёну Менску і другі буйны, дзе гераіня чытае ліст ад мастака. Хоць здымалі шмат, бо ня толькі тэматычная повязь Струмілы зь Беларусьсю: яго дзед меў дом у Менску, а разам з бацькам ён яшчэ падлеткам працаваў на лініі Лідзкай чыгункі. Таму і лічыць сябе грамадзянінам ВКЛ. Але фільм глыбейшы ў экзыстэнцыяльным кірунку, ня проста гістарычна-біяграфічны.

Кадар зь фільму «Сума»: Марыя і Анджэй
Кадар зь фільму «Сума»: Марыя і Анджэй

— Колькі слоў пра каманду кінапраекту. Наколькі ведаю, аўтар ідэі — мастацтвазнаўца Тацяна Бембель?

— Так, яна пазнаёміла мяне з Анджэем Струмілам, прапанавала здымаць. Я доўга не хацеў, ня бачыў тэмы. А ўжо калі пачаў высьвятляць, што там да чаго, усё пачало само па сабе вымалёўвацца. Разам думалі, здымалі матэрыял. І ўжо на падставе атрыманага пачалі пісаць сцэнар, каб падаваць у нейкія фонды, шукаць прадусараў. Карацей, супольная праца не аднаго дня, а цягам досыць доўгага пэрыяду. Такім чынам, мы з Тацянай Бембель суаўтары сцэнару, я рэжысэр.

Калі казаць пра асноўных людзей у камандзе, то з польскага боку — прадусар Міраслаў Дэмбіньскі. Мастацкім кіраўніком выступіў выбітны рэжысэр Яцэк Блавут, пад яго апякунствам адбываўся асноўны постпрадакшн. Плюс малады калега-мантажор Павал Клепач, які пасьля мяне рабіў фінальную вэрсію мантажу. Зь беларускага боку — гукарэжысэр Арцём Бусел, карэкцыю колеру рабіў Ягор Яфімаў. Нас было няшмат, але супольная праца дасьведчаных людзей зрабіла фільм пасьпяховым.

Цырымонія ўганараваньня
Цырымонія ўганараваньня

«Чыноўнікі палохаюцца любой датычнасьці да «Белсату»

— Нядаўна завяршыўся менскі кінафэстываль «Лістапад». Твая заяўка зь фільмам «Стрыптыз і вайна» была забракаваная на ўзроўні камісіі Міністэрства культуры, зь якой сёлета выключылі прадстаўнікоў дырэкцыі. Якія шанцы, што прайшла б уганараваная на IDFA «Сума»?

— Мабыць, больш шанцаў — у выпадку са «Стрыптызам...», відаць, напалохаліся тэматыкі. Хоць і там гэта толькі фон, няма вострых выказваньняў. Фільм пра сямейныя адносіны, якія разгортваюцца ў пэўным сацыяльным кантэксьце. Толькі па нейкіх маркерах мы можам вызначаць вобраз Беларусі і постсавецкага сьвету, чаго чыноўнікі, верагодна, спужаліся. Так, было б здорава яго паказаць беларускай публіцы, каб мець дыялёг з гледачом. Бо цяпер трэба думаць, якім чынам, якімі сіламі і сродкамі зрабіць гэта па-за «Лістападам». Шмат людзей хочуць паглядзець, а кінафэст такую магчымасьць даваў...

Ня ведаю, як адказаць на пытаньне, ці магла прайсьці празь сіта «Сума». Гэта да Мінкульту. Дапускаю, засмуціла б у прадакшне, што адзін з вытворцаў, які ўдзельнічаў у фінансаваньні «Сумы», — «Белсат». Прадукцыя ня цалкам белсатаўская, але магло напружыць, што з падтрымкай. А тэматычна ніякай пагрозы не было. Думаю, фільм спадабаўся б сэлекцыйнай камісіі, бо даю амаль 100-працэнтную гарантыю: дырэкцыі «Лістапада» ня важна, хто зрабіў кіно, «Белсат» ці нехта іншы. Яны глядзяць на «тавар». Умешваецца толькі Мінкульт. Сам «Лістапад» у гэтым канфлікце толькі ахвяра.

Кадар зь фільму: пан Анджэй са сваім арабскім гадаванцам
Кадар зь фільму: пан Анджэй са сваім арабскім гадаванцам

— Калі гаворым пра ахвяр, лягічна згадаць і катаў. Цягам усяго менскага кінафэсту ў гэтым статусе фігуравала вядомая Ірына Дрыга, ужо былая першая намесьніца міністра культуры, кіраўніца той самай ведамаснай камісіі.

— Паўтаруся, што адборачная камісія і дырэкцыя ня важацца рабіць заявы, бо фінансаваньне фэстывалю, як любой вялікай імпрэзы, ідзе ў асноўным з боку дзяржавы, з грошай падаткаплатнікаў. Таму фэстываль ня можа ў катэгарычнай форме змагацца зь Мінкультам — гэта як ваяваць з тым, дзякуючы каму існуеш.

Да самога «Лістапада» прэтэнзій ніякіх. Да Мінкульту — колькі хочаш. Спадарыня Дрыга за сваю кадэнцыю ўчыніла столькі гадасьцяў, што яе шчыра ненавідзяць многія прадстаўнікі сфэры культуры, мастацтва. Прынамсі, ня ведаю ніводнага творцы, які б не пляваўся, не здрыгануўся пры згадваньні яе прозьвішча. Думаю, нават пасьля яе звальненьня ня варта чакаць грунтоўных зьменаў. Адзінае спадзяваньне, што ў некаторых момантах ня будуць перашкаджаць культурным ініцыятывам — тэатральным пастаноўкам, незалежным студыям, зноў жа, працы кінафэстывалю. Хоць вялікіх ілюзій асабіста ў мяне няма.

Андрэй Куціла на фоне афішы свайго фільму
Андрэй Куціла на фоне афішы свайго фільму

Андрэй Куціла нарадзіўся ў Баранавічах у 1983 годзе. Цягам 2002–2007 гадоў вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці «Міжнародная журналістыка». Кіраваў відэастудыяй пры Студэнцкім гарадку, дзе пачаў здымаць першыя дакумэнтальныя фільмы. Потым займаўся ў Беларускай акадэміі мастацтваў у майстэрні Аляксандра Карпава-малодшага.

Удзельнічаў у міжнародных творчых майстэрнях Berlinale Talents, IDFAcademy. Зьняў больш за дзясятак дакумэнтальных стужак, якія мелі прэм’еры на прэстыжных кінафэстывалях:

  • International Documentary Film Festival Amsterdam — IDFA (Нідэрлянды),
  • International Leipzig Festival for Documentary and Animated Film — DOK Leipzig (Нямеччына),
  • European Film Festival for Documentaries — dokumentART Neubrandenburg (Нямеччына),
  • Krakow Film Festival (Польшча),
  • International Documentary Film Festival — Document (Вялікая Брытанія) ды іншых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG