Свабода паслухала кіраўніка дзяржавы і «зазямлілася» ў гаспадарцы «Пруднікі-Агра» Мядзельскага раёну.
1 сакавіка кіраўнік дзяржавы зладзіў «вялікую размову з прэзыдэнтам». Адным з самых яскравых момантаў сямігадзіннага эфіру стаў дыялёг Лукашэнкі з эканамістам Яраславам Раманчуком. Скончыўся ён прапановаю «зазямліць» экспэрта, накіраваўшы яго на пасаду старшыні стратнага калгасу.
Гісторыя магла б так і застацца жартам, калі б не кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава. На наступны ж дзень яна зусім сур’ёзна прапанавала Яраславу Раманчуку ўзначаліць адзін з чатырох стратных калгасаў на выбар.
Эканаміст адбіўся жартамі і ўздымаць з каленяў рэальную гаспадарку не паехаў. Як расказаў Свабодзе сам Раманчук, ён нават не запомніў назваў прапанаваных яму калгасаў. Узгадаў толькі, што ўсе яны ў Менскай вобласьці.
Згодна Белстату, у Менскай вобласьці 41 стратная гаспадарка. Канкрэтнай статыстыкі пра асобныя прадпрыемствы ў Беларусі не публікуюць. Аднак, акрамя Белстату, яшчэ ёсьць «чорны сьпіс» Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Ён штогод публікуе сьпісы прадпрыемстваў, якія ня плацяць складкі за сваіх супрацоўнікаў. Адным з самых злосных няплатнікаў з доўгам больш як 160 тысяч рублёў там пазначанае ААТ «Пруднікі-Агра» зь Мядзельшчыны.
Тры гады таму гаспадарку «Пруднікі-Агра» раскрытыкавала нават «Советская Белоруссия». Зараз гаспадарка акурат без дырэктара, ёсьць толькі «выканаўца абавязкаў». Чым не варыянт для Яраслава Раманчука, падумалі мы. І прапанавалі эканамісту паехаць туды на экскурсію і дапамагчы вяскоўцам хаця б парадамі. Але Яраслаў адмовіў і нам, спаслаўшыся на занятасьць. Паабяцаў толькі ўважліва пачытаць рэпартаж з Пруднікаў і зрабіць высновы.
Шэсьць літраў малака ў дзень
Зь Менску да Пруднікаў ехаць каля сотні кілямэтраў. Самая мяжа зь Віцебскай вобласьцю. Лясы, азёры і пагоркі. Сярод гэтай прыгажосьці невялікая вёска. Дакладней — аграгарадок. Калгасная сядзіба, яна ж «кантора», у самым цэнтры. На ўскрайку апакаліптычнага выгляду канструкцыі. Паміж іх на старым «газоне» езьдзіць кругамі жвавы чалавек. Мужчыну завуць Алег Клімовіч.
«Хлопцы! Сфатаграфуйце мяне з „газонам“, павесім у інтэрнэт, — крычыць ён нам. — Можа хто купіць. 32 гады машыне, я яе сам з Саранску прыгнаў у канцы 80-х. Цяпер ужо ламачча, вядома. Але ў нас тут усё такое: і машыны, і трактары. Хаця не, нядаўна прывезьлі тры новыя трактары. Дык адзін стаіць у мэхдвары, працаваць на ім няма каму. У нас тут у прынцыпе няма каму працаваць. Я вось на пэнсіі ўжо, а ежджу на сваім „газоне“, дапамагаю. Няма людзей, няма каму працаваць».
Пытаньні пра «Пруднікі-Агра» Алегу можна не задаваць, ён усё ахвотна расказвае сам. І пра надоі, і пра ўраджаі. Асабліва падрабязна калгасны шофэр ведае пра маладых спэцыялістаў, якіх у калгас рэгулярна прысылаюць профільныя навучальныя ўстановы. Кажа, што яшчэ ніхто не заставаўся даўжэй за два прызначаныя гады.
«Уцякаюць, усе ўцякаюць, — рэжа праўду кіроўца. — Была адна эканамістка. Аднекуль прыехала — разьмеркавалі. Папрацавала два месяцы — і бацька забраў. Сказаў, што лепш заплаціць унівэрсытэту, але дачку забярэ адсюль. А што? У нас каровы ў дзень шэсьць літраў малака даюць. Дзе вы такое чулі? Каза больш у людзей дае, бывае. У суседнім калгасе, дзе рапсам займаюцца, каровы 18 літраў даюць у дзень. А ў нас шэсьць. Цырк».
Алег Клімовіч у калгасе адпрацаваў каля 40 гадоў, дакладнай лічбы нават не ведае. Кажа, што «пры саветах» гаспадарка была нармальная, ня горшая за іншыя. Больш-менш пасьпяховай яна заставалася і ў незалежнай Беларусі. Ажно пакуль прыкладна дзесяць гадоў таму нехта з начальства ня вырашыў аб’яднаць мясцовы калгас з двума суседнімі. Пасьля гэтага, кажа Алег, справы пайшлі ўніз. Яму калгас плаціць прыкладна па 10 рублёў за дзень працы з машынай.
«Вялікую размову» не глядзеў я, — прызнаецца кіроўца. — Я тэлевізар ня надта гляджу. А хто такі Раманчук? Апазыцыянэр? Нам тут ужо ніхто не дапаможа. Халера яго ведае, што тут трэба зрабіць, каб калгас нармальна стаў працаваць. Грошы мо трэба, як іх... інвэстыцыі. Можа каб хто ўзяўся, уклаў грошы, на нечым сканцэнтраваўся, то і было б што. Вунь у суседняй гаспадарцы на рапс пераключыліся — і за пару гадоў нармальна стала».
300 рублёў у месяц
Тэрыторыя «Пруднікаў-Агра» пасьля аб’яднаньня насамрэч вялікая. Паміж фэрмамі, мэхдваром, «канторай» ды іншымі аддзяленьнямі хвілін 20 язды на машыне. На адной з фэрмаў доўга шукаем кагосьці. Знаходзім Наташу. Яна працуе ў калгасе 10 гадоў, зараз дзяжурная па фэрме. Сочыць, каб «чаго не нарабілася».
«Што вам расказаць? Заробак во мне зноў затрымалі, — жанчына пачынае з галоўнага. — Ня ўвесь, праўда. Толькі частку. Нам жа часткамі плацяць цяпер. 30 рублёў сёньня дадуць, яшчэ 30 потым. Чаму так, я не ведаю. Нам жа ня кажуць. Але, відаць, грошай няма — адкуль тут грошы. Старшыня толькі месяц назад зьявіўся. Прыехаў нейкі з Украіны. Кажаце, ён не старшыня, а выканаўца абавязкаў? Ну мо і так, я адкуль ведаю. Ходзіць сур’ёзны, то значыць старшыня. Паглядзім, якім праз год будзе, калі яшчэ будзе. У нас начальства часта мяняецца».
Заробак у Наташы — 300 рублёў з надбаўкамі. За гэтыя грошы трэба шэсьць дзён на тыдзень з 10 да 17 пільнаваць кароў на фэрме. У даярак, кажа жанчына, можа быць больш, бо там залежыць ад надояў. Але ў цэлым у калгасе заробкі ненашмат большыя.
Людзі трымаюцца за працу, бо іншай няма. Яшчэ адна прычына — калгаснае жыльлё. У Натальлі неўзабаве скончыцца 10-гадовы тэрмін, пасьля якога яна зможа выкупіць свой дом у гаспадаркі. На гэта трэба недзе ўзяць 25 тысяч рублёў. Ужо хадзіла ў банк, там пагадзіліся даць крэдыт. Праўда, яго трэба будзе неяк вяртаць. Таму Наташа думае, што застанецца ў калгасе працаваць і далей.
«Не гляджу я тэлевізар, хлопцы, — прызнаецца жанчына. — Няма калі мне. І гэтую „вялікую размову“ я не глядзела, ня чула, пра што там было. Апазыцыянэра да нас маглі паслаць? Ня ведаю, ці ён тут што зробіць. Некалі ў нас нармальна было, яшчэ да аб’яднаньня трох калгасаў у адзін. Таксама мала зараблялі, але хоць плацілі без затрымак. А цяпер і мала, і ня плацяць».
«Судзьдзя дала штраф і сказала, што гэта таксама досьвед»
«Кантора» прудніцкай гаспадаркі лёгка магла б здымацца ў якім фільме жахаў. Двухпавярховы цагляны пазелянелы паралелепіпэд. Побач невялікі помнік з зоркай. Ля помніка сьцягар, на сьцягары вісіць чырвоны абрывак ад дзяржаўнага сьцяга. Галоўны ўваход у «кантору» забіты цьвікамі. «Ідзіце ззаду, праз чорны ход», — раіць выпадковы мінак. Ідзем.
«Вялікая размова з прэзыдэнтам»? Ды не глядзеў я, — расказвае галоўны бухгалтар ТАА «Пруднікі-Агра» Дзіма, якога знаходзім у «канторы». — Я замбаскрыню ўвогуле стараюся не глядзець. У калгасе тут працую з чэрвеня 2017 году, малады спэцыяліст я. Хаця ў нас тут маладыя спэцыялісты не затрымліваюцца. Адна дзяўчына пры мне працавала галоўным эканамістам. Але потым аплаціла каледжу вучобу і зьехала адсюль. Адкупілася. Колькі заплаціла — ня ведаю. Я таксама тут не застануся. Адпрацую разьмеркаваньне — і ўсё».
Галоўны бухгальтар Дзіма з падазрэньнем касавурыцца на дыктафон і ня хоча называць свайго прозьвішча. Малады спэцыяліст у калгасе застаўся за галоўнага. Выканаўца абавязкаў дырэктара Ігар Шаблоўскі зьехаў у справах у сталіцу, яго намесьніка таксама няма на месцы. Наш суразмоўца кажа, што яму ў Прудніках засталося працаваць крыху больш за два месяцы.
«Мне тут не падабаецца, — кажа галоўны бухгальтар. — Набяруся досьведу і зьеду бліжэй да дому. Тут пэрспэктываў асабліва і няма. Ня ведаю нават, чаму. Запазычанасьць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва існуе, гэта праўда. Туды проста не плацілі да 2017 году некалькі гадоў запар. Зараз выплаты робяць, а раней не, яшчэ да майго прыходу. Калі прыйшоў працаваць сюды, то адразу трапіў пад суд за гэта. Я як малады спэцыяліст атрымаў штраф, бо нехта не плаціў гэтых грошай. Невялікі штраф, але прыйшлося плаціць. Я пытаўся ў судзьдзі, чаму менавіта мне трэба за некага адказваць. Яна адказала — будзе досьвед і ў гэтым. Крыўдна, так. Але досьвед цяпер сапраўды маю».
Да працы ў Прудніках наш суразмоўца адвучыўся ў Горадзенскім аграрным унівэрсытэце. Кажа, што да бацькоў у Ліду езьдзіць кожныя выходныя. Абавязкаў хапае, неяк заседзеўся на працы нават да 11-й вечара. У калгасе каля 180 чалавек.
«Я люблю сваю працу, — кажа галоўны бухгальтар. — Мне прасьцей затрымацца і дарабіць усё, чым потым даганяць. Тут ёсьць людзі, якія мне тлумачаць, дапамагаюць моцна па ўсіх пытаньнях. Я ўдзячны. Гэта адзіны вялікі плюс. Вучуся пакрысе. Усё больш і больш сам раблю працы. Адказнасьць на мне вялікая, тут шмат што залежыць ад маёй працы. Усе грошы калгасу празь мяне праходзяць. Усе выплаты, тэхніка ўся празь мяне».
Са словаў Дзімы, цяпер разам зь ім працуюць яшчэ дзьве маладыя спэцыялісткі — бугальтар па разьліках і бугальтар па заробках, а таксама праграміст. Быў яшчэ малады галоўны эканаміст, але ён паўгода адпрацаваў і сышоў. Пасьля яго галоўнай эканамісткай прызначылі дзяўчыну, таксама маладую спэцыялістку. Акурат яе з «Пруднікаў-Агра» забраў бацька.
«Заробак? Я сваім задаволены, бо лічу, што да большага ў нейкім пляне не дацягваю. Таму стараюся на свой заробак напрацоўваць. Нават калі працую больш часу, чым трэба. Ніколі не пярэчу. Памер заробку ня буду называць. Што тут зрабіць, каб стала лепш, каб пазыкі выплаціць? Ня ведаю, як адказаць на гэтае пытаньне».
Апошнім днём працы галоўнага бухгальтара Дзімы ў Прудніках будзе 31 траўня. Хлопец ужо нагледзеў гаспадарку пад Лідай, дзе хацеў бы працаваць. Але ня ўпэўнены, што пасьля Пруднікаў яго туды возьмуць.
Выканаўца абавязкаў дырэктара «Пруднікаў-Агра» Ігар Шаблоўскі ў тэлефоннай размове са Свабодай паведаміў, што таксама неўзабаве сыдзе з пасады. «Я не хачу працаваць тут дырэктарам, — сказаў Шаблоўскі. — Верагодна, прызначаць новага на маё месца. Каго, я не ведаю».