Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прымежных зь Беларусьсю раёнах Літвы пройдуць вучэньні на выпадак магчымай аварыі на БелАЭС


Вучэньні на выпадак магчымай аварыі на Беларускай АЭС пройдуць 1-4 кастрычніка ў Віленскім і Сьвянцянскім раёнах Літвы і, магчыма, Вільні, паведамляе партал навін Delfi са спасылкай на балтыйскае інфармагенцтва BNS.

Наша мэта — прааналізаваць практычныя аспэкты, зьвязаныя з папярэджаньнем і інфармаваньнем жыхароў, іх эвакуацыяй, часовым перамяшчэньнем, дэзактывацыяй. Мы абмяркуем працэдуры і працэсы, магчымасьці кіраваньня інфармаваньнем, будзем шукаць адказы на пытаньні, актуальныя для ўсіх устаноў, якія будуць удзельнічаць у гэтых вучэньнях, — цытуе Delfi начальніка ўправы грамадзянскай абароны дэпартамэнту супрацьпажарнай аховы і ратаваньня МУС Літвы Эдгараса Гяду.

У кастрычніку летась улады Літвы абнавілі плян дзеяньняў па абароне насельніцтва ў выпадку ядзернага інцыдэнту, у тым ліку аварыі на БелАЭС. Адзін са сцэнараў пляну прадугледжвае эвакуацыю прыблізна 6 тыс. жыхароў прылеглых да Беларусі раёнаў у выпадку сур’ёзнай аварыі на АЭС.

***

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 году. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца летам 2019 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт/гадз электраэн’ргіі штогод.

Літва — самы актыўны крытык БелАЭС. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва АЭС вядзецца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Беларусь такія прэтэнзіі адкідае.

15 чэрвеня 2017 году літоўскі Сэйм прыняў закон аб тым, што АЭС, якую будуюць у Беларусі, уяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і грамадзкага здароўя. Раней парлямэнт Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG