Прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс заявіў, што прапануе беларускім уладам выкарыстаць інфраструктуру беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, каб абсталяваць электрастанцыю на газе, піша Delfi.lt.
Літва прапануе выкарыстаць для беларускай газавай электрастанцыі ў тым ліку сеткі і электрагенэруючае абсталяваньне, якія плянуюць выкарыстоўваць для АЭС.
Паводле Сквярняліса, у разьвіцьці самастойнай і дывэрсыфікаванай энэргетычнай гаспадаркі Літва можа быць прыкладам і партнэрам для Беларусі. Літва бачыць пэрспэктывы ў галіне аднаўляемай энэргетыкі, праз якую краіна не ўцягваецца ў праекты, якія «цягнуцца сотні гадоў».
У лютым краіны – чальцы Канвэнцыі Эспа абвясьцілі, што пляцоўка для будаўніцтва па Беларускай АЭС была абраная неналежным чынам, з парушэньнем канвэнцыі.
Што такое канвэнцыя Эспа?
Канвэнцыя аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце.
Гэта міжнароднае пагадненьне ініцыявала ААН, яго падпісалі ў фінскім горадзе Эспа ў 1991 годзе.
Паводле канвэнцыі працэдура ацэнкі ўзьдзеяньня патэнцыйна небясьпечных праектаў на навакольнае асяродзьдзе мусіць праводзіцца:
- унутры дзяржавы;
- у сумежных краінах, якія могуць закрануць такія абʼекты.
Беларускую АЭС будуюць за 53 км ад Вільні. Астравецкая пляцоўка для будоўлі Беларускай АЭС была прапанаваная ў адказ на ідэю разьмясьціць могільнікі Ігналінскай АЭС у Літве побач зь беларускай мяжой.
Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.
Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будоўля пачалася значна раней, калі не было яшчэ і праектнай дакумэнтацыі.
Беларуская АЭС узводзіцца на крэдыт, выдзелены Расеяй. На думку экспэртаў, яе кошт — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што акупіцца яна прыкладна за 20 гадоў.