Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы абурыліся беларускімі падручнікамі па гісторыі. Мы праверылі, што зь імі ня так


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Польскае выданьне Rzeczpospolita абурылася, што ў беларускім школьным падручніку гісторыі не прызнаюць факт расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні савецкімі ўладамі. Свабода разабралася, што цяпер школьнікі вывучаюць пра гэтае здарэньне і што будзе ў новых падручніках.

Што адбылося

Польскае выданьне Rzeczpospolita апублікавала артыкул «Катынская хлусьня ў Беларусі пачуваецца добра». У артыкуле аўтары спасылаюцца на школьны падручнік па гісторыі, які закранае тэму расстрэлаў польскіх грамадзянаў пад Смаленскам у 1940 годзе (агулам было расстраляна больш за 20 тысяч чалавек, большасьць зь іх — афіцэры польскага войска). Аўтараў артыкула абурыла, што ў падручніку ставіцца пад сумнеў дачыненьне да расстрэлу савецкіх уладаў.

Гэта адбылося на фоне абвастрэньня дыпляматычных адносінаў з прычыны апраўданьня Польшчай Рамуальда Райса (мянушка «Буры»), атрад якога ў 1946 годзе спаліў пяць этнічна беларускіх вёсак на Падляшшы. Агулам тады загінулі 79 чалавек. Рашэньне аб апраўданьні «Бурага» прыняў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы.

Ромуальд Райс, здымак ваеннага часу
Ромуальд Райс, здымак ваеннага часу

З гэтай нагоды амбасадара Польшчы ў Беларусі выклікалі ў МЗС для тлумачэньняў.

Што за падручнік

У 2009 годзе Інстытут адукацыі Беларусі выдаў падручнік па гісторыі для 11 клясаў доктара навук Яўгена Новіка. У ім гаворыцца, што «не ўсталявана, якая краіна вінаватая ў расстрэле польскіх афіцэраў у Катыні». А вэрсія аб тым, што гэта зрабілі карнікі НКВД, «ня мае пацьверджаньняў». Цяпер па гэтым падручніку ўжо ня вучацца.

Расея прызнае датычнасьць савецкіх уладаў да Катынскага расстрэлу

Свабода зьвязалася з аўтарам падручніка, прафэсарам Яўгенам Новікам. Ён сьцьвярджае, што аб расстрэле ў Катыні няма праўдзівых дакумэнтаў. На думку гісторыка, дакумэнты, якія даюць загад на расстрэл польскіх грамадзянаў, сфальсыфікаваныя.

«Дакумэнты таго часу сфальсыфікаваныя, таму Эўрапейскі суд па правах чалавека гэтыя дакумэнты нават не разглядаў. Была камісія, якая займалася фальсыфікатам па Катынскай справе яшчэ пры Гарбачову. Той дакумэнт, дзе прапісана, што Сталін падпісаў дакумэнт аб расстрэле, — гэта фальсыфікат. Гэта прызнаў Эўрапейскі суд па правах чалавека», — сказаў Яўген Новік.

Мэмарыял у Катыні, архіўнае фота
Мэмарыял у Катыні, архіўнае фота

З рашэньня Эўрапейскага суду па правах чалавека вынікае, што сапраўднасьць дакумэнтаў ніхто пад сумнеў ня ставіў. (Гл. поўны тэкст рашэньня па-ангельску, яго пераказ па-расейску.) Сваякі расстраляных у Катыні афіцэраў зьвярталіся ў суд, бо Расея:

  • не праводзіць эфэктыўнага расьсьледаваньня расстрэлаў у Катыні;
  • праяўляе «негуманнае стаўленьне» пры спробе атрымаць дакумэнты аб ходзе расьсьледаваньня.

Эўрапейскі суд спасылаецца на пастанову Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 году, якая давала загад на расстрэл. Пад сумнеў сапраўднасьць гэтай пастановы судом ня ставілася.

Факт расстрэлу савецкімі ўладамі польскіх афіцэраў быў прызнаны Дзярждумай Расеі ў заяве ў 2010 годзе. Паводле заяваў Уладзіміра Пуціна, віна за расстрэл у Катыні ляжыць на савецкай уладзе і асабіста Лаўрэнцію Берыю, які кіраваў органамі НКВД.

Гэтаксама ў часы свайго прэзыдэнцтва казаў Дзьмітры Мядзьведзеў.

Што цяпер вучаць у беларускай школе пра Катынскі расстрэл

Цяпер вучні 11-х клясаў беларускіх школ вывучаюць гісторыю Беларусі па падручніках Яўгена Новіка 2012 году. Там Катынскі расстрэл зусім ня згадваецца. Гэтая тэма ў прынцыпе не ўздымаецца ў школьным курсе гісторыі Беларусі.

Цяпер да выданьня рыхтуецца новы падручнік гісторыі Беларусі для старэйшых клясаў. У Інстытуце адукацыі, які рыхтуе падручнік, карэспандэнту Свабоды пакуль не адказалі, ці будзе там уздымацца тэма Катынскага расстрэлу. У школьных праграмах гэты гістарычны эпізод не фігуруе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG