Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Расея засталіся асноўнымі экспартэрамі ўзбраеньняў у сьвеце. Беларусь — 20-я


Рэпэтыцыя вайсковага параду ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Рэпэтыцыя вайсковага параду ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты застаюцца лідэрам у экспарце ўзбраеньняў, на другім месцы зь вялікім адрывам Расея, сьведчыць профільны дасьледчы інстытут SIPRI.

Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI) 11 сакавіка апублікаваў даклад аб экспарце зброі ў сьвеце (PDF).

Дырэктар праграмы SIPRI Од Фляран паведаміла, што лідэрам у пастаўках зброі застаюцца Злучаныя Штаты, прычым разрыў паміж ЗША і рэштай дзяржаваў у гэтай галіне вырас.

У пэрыяд 2014–2018 гг. аб‘ём экспарту асноўных відаў узбраеньня з ЗША быў на 75% большы, чым з Расеі, якая займае другое месца ў экспарце ўзбраеньняў у сьвеце. За гэты ж час аб‘ём расейскага экспарту ўзбраеньняў зьнізіўся на 17% у параўнаньні з пэрыядам 2009–2013 г.

Трэцяе месца ў Францыі, якая за апошнія 5 гадоў нарасьціла экспарт узбраеньняў на 43%.

Асноўная плынь паставак узбраеньняў (35% аб’ёму) скіраваная на Блізкі Ўсход. Найбуйнейшы імпартэр зброі — Саудаўская Арабія.

Чым гандлюе Беларусь

Беларусь у дакладзе названая 20-й сярод найбуйнейшых экспартэраў зброі паводле долі рынку — за 2014–2018 гады Беларусь мела 0,3% таго рынку, роўна як Аб‘яднаныя Арабскія Эміраты, Чэхія, Аўстралія і Паўднёвая Афрыка. Найбольш беларускай зброі пайшло ў Віетнам (там Беларусь аб‘ёмамі продажаў апярэджваюць толькі Расея і Ізраіль), Судан і М‘янму (апярэджваюць Кітай і Расея).

У мінулы пэрыяд (2009–2013 гады) Беларусь мела 0,5% рынку ўзбраеньняў, страціла больш як чвэрць.

У аналізе SIPRI за 2012-2016 гады Беларусь была на 18-м месцы ў сьвеце паводле экспарту зброі. Тады адзначаліся вялікія пастаўкі ў Азэрбайджан, Емэн, М’янму і Судан. Але з 1991 году, паводле зьвестак SIPRI, Беларусь гандлявала толькі ўжыванай зброяй.

Статыстыкі, колькі чаго прадала Беларусь пасьля таго дакладу, не прыводзіцца. Але ў 2012–2016 гадах Беларусь прадавала ўжываныя самалёты Су-24, Су-25 і Іл-76, гелікоптэры Мі-8, Мі-24 і Мі-35, танкі Т-72 і Т-80, бронетранспартэры БТР-70, зэнітна-ракетныя комплексы «Куб», «Квадрат» і «Печора», самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Пион».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG