Лукашэнка расказаў курсантам Вайсковай акадэміі, што пагражае Беларусі. Выйшла цікава, хоць і не зусім зразумела.
Сьцісла
- Курсантам акадэміі забаронена мець асабісты кампутар і доступ у інтэрнэт.
- Галоўны праціўнік — NATO.
- Супярэчлівы адказ на пытаньне пра пагрозы сувэрэнітэту.
- Беларуская стабільнасьць і разьвіцьцё — рэчы несумяшчальныя.
Звычайна Аляксандар Лукашэнка з нагоды Дня абаронцаў Айчыны наведвае Вайсковую акадэмію і выступае там з прамовай, у якой разважае пра ролю Ўзброеных сілаў, ставіць перад імі новыя задачы. Гэтым разам кіраўнік дзяржавы трохі памяняў фармат. Пасьля невялікага выступу ён пачаў адказваць на пытаньні курсантаў.
Навошта курсантам інтэрнэт?
І тут адразу выявілася цікавая рэч. Аказваецца, курсантам забаронена мець асабісты кампутар і доступ у інтэрнэт! Ці ёсьць у сьвеце яшчэ краіна, дзе маладзёны пазбаўленыя такіх правоў і магчымасьцяў?
Дзякуючы Вайсковай акадэміі ў Беларусі зьявіцца бескампутарнае пакаленьне афіцэраў. Якія будуць біць ворага, як казаў некалі мой выкладчык на вайсковай катэдры, «аўтаматам, штыком, гранатай і асабістым прыкладам». Але мудры Лукашэнка абяцаў падумаць, ці варта дапускаць будучых афіцэраў да інтэрнэту.
Гэта і ёсьць рэаліі сучаснай беларускай вайсковай адукацыі. Правільна казала кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава пасьля трагедыі ў Стоўпцах, што ўсё зло ад інтэрнэту. Таму трэба выхаваць ідэалягічна стэрыльны камандны корпус, не заражаны рознымі шкоднымі думкамі.
Натуральна, лічыць Лукашэнка, што вайсковую школу трэба прайсьці практычна ўсім, цяпер у войска будуць набіраць нават не зусім здаровых, у школах пачнуць, як некалі ў СССР, здаваць нарматывы комплексу ГПА. «Спорт — гэта аснова ўсяго», — сказаў кіраўнік дзяржавы. А кампутары і інтэрнэт — гэта лішняе.
Як вядома, Лукашэнка вельмі чуйна ставіцца да аўдыторыі, перад якой выступае. У залежнасьці ад яе ён можа выказваць дыямэтральна процілеглыя думкі. Вось цяпер ён выступаў перад курсантамі.
Галоўны праціўнік — NATO
Развагі Лукашэнкі пра бясьпеку, замежную палітыку, вонкавыя пагрозы рабіліся з улікам таго, каго беларускія вайскоўцы лічаць верагодным праціўнікам. Не вялікі сакрэт, што такім праціўнікам лічыцца NATO. І ўсе пляны, сцэнары створаныя з улікам гэтага чыньніка. Варта ўзгадаць пра «легенды» вайсковых вучэньняў, паводле якіх небясьпека краіне пагражае з захаду ці поўначы.
Таму цалкам лягічна Лукашэнка, выступаючы перад курсантамі, заявіў, што «NATO на Эўрапейскім кантынэнце актывізавалася». Таго, што Пуцін рэгулярна расказвае пра мілітарызацыю Расеі, беларускі лідэр не заўважае. Ён адзначыў, што калі ЗША разьмесьцяць у Эўропе ракеты сярэдняй і меншай дальнасьці, то «нам трэба будзе разам з Расеяй думаць пра захады ў адказ». Гэтая рэпліка вельмі насьцярожвае.
Што пагражае незалежнасьці?
Даволі цікавыя развагі Лукашэнкі пра сувэрэнітэт і незалежнасьць. Як звычайна, ён сам сабе супярэчыць. З аднаго боку, кажа: «Сувэрэнітэт і незалежнасьць — гэта самае вялікае дасягненьне, якое мы сёньня маем... і што мы стварылі разам... Таму вы нават ня слухайце і не чытайце, калі ідзе гаворка пра страту сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны».
І адначасова ён доўга і шматслоўна даводзіць, што гэтая незалежнасьць вельмі крохкая, яна амаль вісіць на валаску: «Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну — яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном. Добра, нас: мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць... Калі адстанем — усё, будзем нечай правінцыяй... Увесь час трэба бегчы, каб ад гэтых монстраў «не адстаць, бо яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парабкі ў якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай».
Калі незалежнасьць так лёгка страціць, то якое гэта «вялікае дасягненьне»? Калі сувэрэнітэт краіны праз 25 гадоў нязьменнага кіраваньня аднаго чалавека так моцна падвісае і лёс дзяржаўнасьці, яе пэрспэктывы такія няпэўныя, то як можна ацаніць вынік працы першага прэзыдэнта?
І яшчэ. Захаваньне стабільнасьці, пра што шмат разважаў Лукашэнка, і патрэба моцна бегчы, каб не адстаць ад «монстраў», — рэчы ў сёньняшніх беларускіх умовах несумяшчальныя. Стабільнасьць, то бок захаваньне беларускай сацыяльнай мадэлі, — галоўны тормаз разьвіцьця.
Зразумела, Лукашэнка баіцца сказаць, што найбольш верагодная небясьпека — аказацца парабкамі ў Расейскай імпэрыі. Таму выцягвае гістарычныя прывіды, кшталту Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Баюся, курсантам так і засталося незразумела, ад чаго трэба бараніцца: ад NATO, ад «монстраў»-суседзяў зь бізунамі, ад дэстабілізацыі ці ад інтэрнэту.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.