У разгары «гонка ўзбраеньняў», заявіў на сустрэчы з журналістамі Аляксандар Лукашэнка, маючы на ўвазе Польшчу. Свабода сабрала факты.
«Польшча да 2026 году затраціць на абарону 50 мільярдаў даляраў. І ўсе маўчаць. Але каб заўтра прайшла навіна, што Расея высунула дадатковы полк на захад ад Масквы, быў бы сусьветны гвалт. Дык давайце выпрацоўваць адзіныя крытэрыі падыходу да такіх падзеяў», — заявіў Лукашэнка 1 сакавіка.
У Польшчы сапраўды зацьверджаны плян тэхнічнай мадэрнізацыі ўзброеных сілаў, які прадугледжвае выдаткі ў памеры 185 злотых (50 мільярдаў даляраў) да 2026 году (на 7 гадоў). Гэтыя выдаткі будуць павялічвацца з 3 мільярдаў даляраў сёлета да 8 мільярдаў даляраў у 2026 годзе.
Вайсковыя выдаткі Расеі складаюць штогод апошнім часам прыкладна каля 3 трыльёнаў рублёў (каля 44 мільярдаў даляраў).
Польшча мяркуе выдаткаваць на мадэрнізацыю войска 50 мільярдаў даляраў за 7 гадоў, Расея траціць на абарону прыкладна 40 мільярдаў даляраў штогод.