Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google-мапы ў Расеі зноў паказваюць Крым як расейскую тэрыторыю


Афіцыйны прадстаўнік Google паведаміў Дзярждуме, што пры заходах з тэрыторыі Расеі Крым цяпер паказваецца на інтэрнэт-карце сэрвісу як расейскі рэгіён.

Расейскае агенцтва ТАСС цытуе старшыню камітэту Дзяржаўнай думы па інфармацыйнай палітыцы Леаніда Левіна:

«На сёньняшні дзень пры заходах з тэрыторыі Расеі Крым паказваецца як расейская тэрыторыя... Акрамя таго, з намі зьвязаўся афіцыйны прадстаўнік кампаніі Google, які таксама афіцыйна пацьвердзіў, што на тэрыторыі РФ Крым паказваецца на картах кампаніі як расейская тэрыторыя. А за мяжой ён паказваецца як спрэчная тэрыторыя».

Паводле ТАСС, прэсавая служба Google патлумачыла тэхнічнай памылкай ранейшую сытуацыю, калі шэрагу карыстальнікаў у Расеі Крым паказваўся як украінская тэрыторыя.

«Мы прыкладаем усе намаганьні для аб’ектыўнага адлюстраваньня спрэчных рэгіёнаў, і там, дзе ў нас ёсьць лякальныя вэрсіі Google-мапаў, як у Расеі, мы кіруемся мясцовым заканадаўствам пры адлюстраваньні назваў і межаў», — цытуе ТАСС прэсавую службу Google.

Сёлета ў студзені сьпікер расейскага парлямэнту Вячаслаў Валодзін даручыў запрасіць у Дзярждуму прадстаўніка кампаніі Google і «данесьці» да яго пазыцыю Расеі аб недапушчальнасьці абазначэньня расейскага Крыму як тэрыторыі Ўкраіны.

У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у выніку так званага «рэфэрэндуму», які быў праведзены пры ўдзеле расейскіх вайскоўцаў, што высадзіліся на паўвостраў.

Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць Расеі эканамічныя санкцыі. Аднак Крэмль адмаўляе гвалтоўную анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Абазначэньне Крыму як тэрыторыі Расеі ўжо было прычынай некалькіх скандалаў.

  • У 2014 годзе, праз некалькі месяцаў пасьля анэксіі, Міжнародная фэдэрацыя футболу выпусьціла афіцыйны відэаролік, у якім Крым быў намаляваны як частка Расеі. Пазьней FIFA выбачылася перад Украінай.
  • У 2015 годзе канадзкі сэрвіс знаёмстваў Ashley Madison, дзе людзі шукаюць сабе сэксуальных партнэраў, таксама аддзяліў Крым ад Украіны: пры рэгістрацыі карыстальнік запаўняе інфармацыю пра сябе і можа выбраць месца жыхарства: Украіна, Расея ці Крым у якасьці асобнай дзяржавы.
  • У 2016 годзе мапу Расеі, дзе быў паказаны анэксаваны Крым у якасьці расейскай тэрыторыі, апублікавала Coca-Cola. Пазьней кампанія афіцыйна папрасіў прабачэньня перад Украінай за гэты ўчынак. «Зьмены на мапу былі ўнесены агенцтвамі [якія не маюць дачыненьня да кампаніі], але мы бярэм на сябе поўную адказнасьць за вынік», — паведаміў вытворцы напояў.

У падручніках і мапах, выдадзеных у Расеі, Крым ужо некалькі гадоў пазначаецца як тэрыторыя Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG