Два дні таму лідэра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі затрымалі на выхадзе з дому, з таго часу яго трымаюць у ізалятары на Акрэсьціна. Суд над ім яшчэ не адбыўся.
Павал Севярынец 21 лютага заклікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі палітвязьняў — Сьвятаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага і іншых. Прычынай акцыі стаў перавод Барановіча з калёніі ў турму. Улады не санкцыянавалі акцыю. Перад яе пачаткам на выхадзе з дому затрымалі Севярынца, а таксама Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву.
26 лютага а 18-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу ў Менску выйшлі 10 чалавек у падтрымку беларускіх палітвязьняў. Акцыя цягнулася каля 25 хвілін. Падчас акцыі яе ўдзельнікаў міліцыянты не затрымлівалі і не папярэджвалі аб адказнасьці, але пасьля акцыі затрымалі Вольгу Мікалайчык і Арцёма Чарняка. На наступны дзень быў затрыманы Леанід Кулакоў. 28 лютага затрымалі Маю Навумаву.
ПЭН-цэнтар, заяву якога перадае «Вясна», адзначае, што на Севярынца рознымі шляхамі чыніцца ціск ужо 20 гадоў: яго пазбаўляюць волі (затрымлівалі больш за 120 разоў, адсядзеў 4,5 года), штрафуюць (сумарна аштрафавалі на 15 тысяч даляраў), ягоныя рукапісы канфіскоўваюць. Беларускія і міжнародныя праваабаронцы неаднаразова прызнавалі Севярынца палітычным зьняволеным і вязьнем сумленьня.
Павал Севярынец — пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, ляўрэат літаратурных прэміяў Беларускага ПЭН-цэнтру: прэміяў імя Адамовіча і імя Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. У 2018 годзе з раманам «Беларусалім» (2017) ён увайшоў у шорт-ліст прэміі Ежы Гедройця.
«Шматгадовыя перасьлед і арышты Паўла Севярынца парушаюць права на выказваньне, падрываюць здароўе творцы і перашкаджаюць творчай дзейнасьці, — заяўляе ПЭН-цэнтар. — У сувязі з гэтым мы заклікаем улады Беларусі спыніць перасьлед Паўла Севярынца».