Даць аб’ектыўную ацэнку зьменам у абноўлены Закон аб масавых мерапрыемствах, які ўлады абвясьцілі «жэстачайшай лібэралізацыяй», можна будзе, толькі правёўшы іх пасьлядоўны маніторынг. Да такой высновы прыйшлі 28 студзеня праваабаронцы з розных рэгіёнаў Беларусі, якія сабраліся ў Менску, каб высьветліць, ці насамрэч палепшацца ўмовы правядзеньня пікетаў і мітынгаў.
Галоўнае новаўвядзеньне закону, падкрэсьліў праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч, — уводзіцца паведамляльны, а не дазваляльны, як было раней, прынцып правядзеньня пікетаў і мітынгаў. Таму ўдзельнікі дыскусіі вырашылі наладзіць кантроль за дзеяньнямі ўладаў: ці будуць тыя, як і раней, знаходзіць розныя прычыны для адмоваў, ці становішча кардынальна зьменіцца.
Праваабаронца Віктар Сазонаў з Горадні лічыць: улады не зьбіраюцца нічога істотна «перакройваць».
«10 сьнежня мы зьвярнуліся ў гарвыканкам з прапановай, каб на ягоным афіцыйным сайце друкавалася, хто і ў які час зьбіраецца праводзіць у горадзе пікет ці мітынг. Гэта было б зручна ўсім. Чыноўнік нам адказаў: такога ў заканадаўстве не прадугледжана. Так, такога там не запісана. Але ж у законе няма і забароны на падобныя камунікацыі», — казаў калегам Віктар Сазонаў.
А ўносіць зьмены, няхай і ў асобных выпадках, давядзецца, кажа праваабаронца зь Сьветлагорску Алена Масьлюкова.
«У нашым горадзе адзінае месца, дзе дазволена зьбірацца, — стадыён „Папернік“. Ён належыць дзіцяча-юнацкай спартовай школе № 2. Але ж ДЮСШ — гэта адукацыйная ўстанова. І ніхто столькі гадоў не зьвяртаў на гэта ўвагі — ні ўлады, ні апазыцыя. А паводле дзейнага заканадаўства мітынгі і пікеты на тэрыторыі адукацыйных установаў забароненыя», — сказала Алена Масьлюкова.
Фотавыстава, якую разгарнулі праваабаронцы, паказала, якія месцы выдзяляюцца ўладамі пад акцыі — паркі на гарадзкіх ускраінах, малыя стадыёны ды іншыя ня вельмі прыдатныя пляцоўкі.