Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 пытаньняў, якія Свабода хоча задаць Аляксандру Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Першага сакавіка Аляксандар Лукашэнка зьбярэ журналістаў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў на другую па ліку «Вялікую размову з прэзыдэнтам». Такі фармат замяніў традыцыйныя прэсавыя канфэрэнцыі.

На гутарку ў выставачны цэнтар «Белэкспа» ў Менску запрасілі больш за 200 чалавек, сярод іх будзе і карэспандэнт Свабоды, які паспрабуе задаць сваё пытаньне. Але пры такой колькасьці ўдзельнікаў гэта будзе складана зрабіць. У 2017 годзе прадстаўнікі недзяржаўных СМІ былі запрошаныя на размову з Аляксандрам Лукашэнкам, але свае пытаньні задаць ня здолелі.

Тым ня менш карэспандэнты Свабоды маюць шмат пытаньняў да Аляксандра Лукашэнкі. Мы адабралі дзесяць пытаньняў і спадзяёмся на адказы.

Пра выбары прэзыдэнта

— Ці будуць сёлета прэзыдэнцкія выбары? Калі вы лічыце, што выбары ў Беларусі сумленныя і дэмакратычныя, то чаму нельга дапусьціць на іх любых назіральнікаў, прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў? І чаму ўлада баіцца дасьледаваньняў незалежных сацыёлягаў, якія маглі б праводзіць апытаньні на выхадзе з участкаў для галасаваньня?

Пра рост дзяржаўнага доўгу

— Сёлета будзе 25 гадоў, як вы пры ўладзе. Якім быў замежны доўг Беларусі ў 1994 годзе і які цяпер? Чаму так адбылося, што краіна, якая фактычна ня мела пазык, сёньня вымушаная ўлазіць у новыя даўгі, каб аддаваць старыя?

Пра дасягненьні і памылкі

— Якія галоўныя дасягненьні свайго кіраваньня вы б адзначылі? І за якія з рашэньняў, прынятых за мінулыя чвэрць стагодзьдзя, вам сорамна?

Пра сыход з палітыкі

— Вы расказвалі, што гаварылі ў Сочы з Уладзімірам Пуціным пра будучыню: «Мы калісьці сыдзем. Што пакінем нашым дзецям? Як яны працягнуць нашую палітыку?» А калі гэты сыход можа адбыцца?

Пра наступнага прэзыдэнта

— Якім вы ўяўляеце прэзыдэнта, які будзе пасьля вас кіраваць Беларусьсю? Што зьбіраецеся рабіць і дзе жыць пасьля таго, як перастанеце быць прэзыдэнтам?

Пра інтэграцыю з Расеяй

— Нядаўна падчас візыту ў Сочы вы сказалі: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы?» А як вызначыць — ці гатовыя беларусы, ці хочуць яны адмовіцца ад незалежнасьці сваёй дзяржавы?

Пра магчымыя прапановы ад Пуціна

— Калі вы і прэзыдэнт Пуцін зусім не абмяркоўвалі ў Сочы «кампэнсацыі падатковага манэўру», то дзеля чаго туды езьдзілі? Калі б прэзыдэнт Пуцін, дапусьцім, прапанаваў вам пасаду віцэ-прэзыдэнта пры ўмове, што Беларусь далучаецца да Расейскай Фэдэрацыі, што б вы яму на гэта адказалі?

Пра заняпад беларускай мовы

— За мінулыя два дзесяцігодзьдзі ў Беларусі істотна зьнізілася колькасьць беларускамоўных школаў. У абласных і раённых цэнтрах амаль не засталося школаў і клясаў зь беларускай мовай навучаньня. Па-беларуску не гаворыць амаль ніхто з чыноўнікаў, няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ, на беларускай мове не вядзецца справаводзтва. Ці ня лічыце вы, што гэтым парушаецца Канстытуцыя, якая гарантуе роўнасьць беларускай і рускай моў? Альбо гэта мэтанакіраваная палітыка дзеля пашырэньня «Русского мира»?

Пра тытунёвы бізнэс

— У Беларусі дэкляруюць барацьбу за здаровы лад жыцьця, а пры гэтым ніяк не абмяжоўваюць продаж алькаголю і масава адкрываюць кіёскі з цыгарэтамі («Табакеркі»), нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў. Чаму так адбываецца? Якое дачыненьне да гэтага мае ўлада?

Пра «справу БелТА»

— Ці сочыце вы за «справай БелТА» і судом над Марынай Золатавай? Старшыня Вярхоўнага суду скардзіўся на вялікую ўвагу да працэсу, якая, паводле яго, можа быць «ціскам на суд». А ці ня ёсьць такі суд ціскам на СМІ?

А пра што спыталіся б у Аляксандра Лукашэнкі вы? Дасылайце свае пытаньні ў камэнтарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG