Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія ўлады адказалі, чаму не прыбяруць «Табакеркі» з вуліц гораду


2000 чалавек падпісаліся супраць усталяваньня ў Віцебску тытунёвых шапікаў. Аднак гарвыканкам ня будзе забараняць «Табакеркі», бо ня можа адмяніць рашэньне ўраду, сказаў Tut.by начальнік аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага аблвыканкаму Ігар Кадушка.

Што сказалі ў Віцебскім гарвыканкаме?

  1. Прыбраць табакеркі мясцовая ўлада ня можа, бо «ўрад загадаў стварыць па ўсёй краіне адзіную сетку па гандлі тытунёвымі вырабамі». Але гарвыканкам адрэагуе, калі яму паведамяць, што «кіёск усталявалі кепска» і ён «замінае людзям хадзіць ці гуляць дзецям».
  2. Некалькі шапікаў усё ж прыбяруць, бо яны «псуюць зьнешні выгляд гораду». Астатнія «глядзяцца цалкам нармальна».
  3. Гарвыканкам настаяў, каб уласьнік «Табакерак» — кампанія «Энэрга-Оіл» усталявала ў Віцебску не кіёскі, а прыпынкі. Віцебскі філіял кампаніі будзе іх абслугоўваць і рамантаваць.
  4. «Мне таксама не зусім падабаецца, што ў горадзе так шмат „Табакерак“. Але тым ня менш ёсьць такі факт».
  5. Цяпер у Віцебску 120 «Табакерак», плянуюць паставіць яшчэ 20. Ня ўсе павільёны адкрыліся, бо да іх цяжка падлучыць электрычнасьць. Колькасьць шапікаў разьлічылі праз колькасьць дарослых гараджан — на адну «Табакерку» прыпадае больш за тысячу чалавек.

Пэтыцыі супраць «Табакерак» у Берасьці і Менску

За ліквідацыю тытунёвых шапікаў пачалі кампанію і берасьцейцы. Адпаведную пэтыцыю разьмясьціла некамэрцыйная ўстанова «За свой горад».

Паводле аўтараў пэтыцыі, усталяваньне тытунёвых шапікаў на прыпынках грамадзкага транспарту парушае рашэньне Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў, якое забараняе разьмяшчаць такія аб’екты на адлегласьці да 500 мэтраў ад устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту.

Супраць разьмяшчэньня на вуліцах Менску 500 тытунёвых кіёскаў падпісаліся на плятформе Petitions.by больш за 360 чалавек. Аднак у Менгарвыканкаме парушэньняў ня ўбачылі.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку 2018 году Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

У сьнежні 2017-га Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Ад жніўня 2018 году «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» — другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займаў 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў 2019 году. У ліку ягоных актываў былі беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Пасьля пагрозы ўвядзеньня санкцый супраць Аляксея Алексіна ў 2020 годзе ён выйшаў з складу ўласьнікаў «Энэрга-Ойл» і «Белнафтагазу». Асноўнымі акцыянэрамі «МТБанку» цяпер запісаныя ягоныя сыны Віталь і Дзьмітрый і іх маці Іна — яны валодаюць больш як 99% акцый банку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG