Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 пытаньняў Свабоды Аляксандру Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

10 красавіка Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з журналістамі ў тэлестудыі Белтэлерадыёкампаніі. На сустрэчу не запрасілі жураналістаў недзяржаўных СМІ, але прадстаўнікі БТ заклікаюць усіх беларусаў скарыстаць «унікальную магчымасьць» і дасылаць пытаньні праз электронную пошту — кіраўнік дзяржавы «адкажа на самыя арыгінальныя» зь іх.

Свабода склала свае пытаньні да Лукашэнкі.

1. Што канкрэтна вы хочаце памяняць у Канстытуцыі Беларусі?

Чаму цяпер кажуць пра зьмены ў Канстытуцыю толькі як аб працэсе, а пра сутнасьць зьменаў ня кажуць?

На сустрэчы 15 сакавіка з судзьдзямі Канстытуцыйнага суду Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «зь цягам часу прыйдуць да абмеркаваньня ўнясеньня зьменаў у Асноўны закон».

2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што прапановы для рэформы выбарчага заканадаўства ня будуць разглядацца, пакуль ня будзе вырашанае пытаньне аб зьмене Канстытуцыі. Лідзія Ярмошына адмовілася адказваць Свабодзе, якія пытаньні могуць быць вынесеныя на рэфэрэндум, дадаўшы, што гэта не яе кампэтэнцыя.

Днямі ў інтэрвію Euronews міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, сярод іншага, заявіў пра магчымыя зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, зьвязаўшы іх з «пытаньнямі стабільнасьці і бясьпекі»

2. Ці не памрэ байнэт пасьля зьменаў закону «Аб СМІ»?

— Законапраект аб зьменах у закон «Аб СМІ» прадугледжвае яшчэ больш жорсткае рэгуляваньне інтэрнэт-прасторы ў Беларусі. Ці не турбуе вас, што, напрыклад, пры забароне ананімнага камэнтаваньня многія беларусы папросту сыдуць на расейскія сайты?

У Беларусі распрацаваныя папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Цалкам магчыма, што закон стане больш жорсткім і ў дачыненьні да СМІ, і да карыстальнікаў сацыяльных сетак. Беларусь у шэрагу рэйтынгаў мае нізкія пазыцыі ў свабодзе прэсы. Рэч ня толькі ў жорсткіх законах адносна СМІ (як, напрыклад, крымінальная адказнасьць за «паклёп на прэзыдэнта», якая абмяжоўвае крытыку ўлады), а і ў абмежаваньнях свабоды прэсы, законнасьць якіх сумнеўная. Бываюць выпадкі, калі напады на СМІ ў Беларусі відавочна незаконныя, але застаюцца непакаранымі.

3. Калі ў Курапатах дзяржава створыць мэмарыял рэпрэсаваным, абяцаны яшчэ ў часы БССР? Ці пабывалі вы асабіста ў Курапатах?

Курапаты вядомыя як месца масавых расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў сталінізму. Паводле гісторыкаў і археолягаў, гэтая тэрыторыя пад Менскам магла дасягаць 26 гектараў і на ёй маглі быць зьнішчаныя ад 40 да 300 тысячаў бязьвінных людзей.

У лютым 2017 году ініцыятыва па стварэньні афіцыйнага памятнага знака ў Курапатах была агучана падчас круглага стала ў рэдакцыі газэты «СБ. Беларусь сегодня». 24 сакавіка 2017, наведваючы Ліду, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што бліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. Аднак вынікі дзяржаўнага конкурсу, на які, як паведамлілася ў канцы мінулага году, падалі каля 60 работ, дагэтуль не падвялі.

Тым часам за 50 мэтраў ад курапацкага мэмарыялу комплекс будынкаў, які раней атрымаў назву «Бульбаш-хол» і выклікаў пратэсты грамадзкасьці, падобна, ужо ўведзены ў эксплюатацыю.

Што адбываецца з загадкавым «Бульбаш-холам» у Курапатах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:54 0:00

4. «Дармаедзкі дэкрэт» быў памылкай?

— Ці прызнаяце вы, што дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», вядомы ў народзе як «дэкрэт пра дармаедаў», быў памылкай улады?

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Гэты дакумэнт прыйшоў на зьмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» 2015 году. Першы дакумэнт аб «дармаедах» абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

«Марш недармаедаў» у Горадні, 15 сакавіка 2017 году
«Марш недармаедаў» у Горадні, 15 сакавіка 2017 году

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 году. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі яго адмяніць. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі.

5. Ці стане Дзень Волі дзяржаўным сьвятам?

— Як вы ставіцеся да прапановы зрабіць дзень 25 сакавіка, гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР, дзяржаўным сьвятам у Беларусі?

Пасьля «Сьвята Незалежнасьці» каля Опэрнага тэатру, якое наведалі дзясяткі тысяч чалавек, зьявілася ініцыятыва аб дзяржаўным сьвяткаваньні. Ці гатовы вы яе падтрымаць?

У Менску Дзень Волі — 2018 праводзіўся з дазволу гарадзкіх уладаў. Паводле розных ацэнак, адсьвяткаваць 100 год незалежнасьці БНР на пляцоўцы каля менскага Опэрнага тэатру 25 сакавіка сабраліся ад 11 тысяч да 50 тысяч чалавек. На правядзеньне канцэрту-мітынгу талакой сабралі 58 860 рублёў.

6. Пра ІТ-краіну

— «ІТ-дэкрэт» дае шырокія прэфэрэнцыі чальцам Парку высокіх тэхналёгій, але туды не прымаюць усіх аўтаматычна. Ці не ствараем мы такім чынам патэнцыйнага карумпаванага манапаліста ў выглядзе адміністрацыі ПВТ?

28 сакавіка ўступіў у сілу дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які кіраўнік краіны падпісаў 22 сьнежня мінулага году.

Дакумэнт падаўжае і пашырае прэфэрэнцыі для рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ), спрашчае патрабаваньні іхнай замежнаэканамічнай дзейнасьці, мусіць стумуляваць разьвіцьцё тэхналягічнай адукацыі ды стварыць больш прывабныя ўмовы для прыходу ў Беларусь сусьветных ІТ-карпарацый і інвэстыцый.

Аднак самы рэзанансная частка ІТ-дэкрэту — легалізацыя крыптавалютаў, іх здабычы і абарачэньня. Дзякуючы гэтаму Беларусь трапіла ў загалоўкі сусьветных мэдыя,​ бо міжнародная практыка заканадаўчага рэгуляваньня праваадносін з крыптавалютамі яшчэ толькі фармуецца, там шмат шэрых зонаў.

7. Пра маршруткі

— Чаму, нягледзячы на звароты тысяч беларусаў, улады вырашылі ліквідаваць нерэгулярныя міжгароднія маршрутныя перавозкі?

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Паводле новага закону дзейнасьць прыватных «нерэгулярных» маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак».

Індывідуальныя прадпрымальнікі лічаць, што Міністэрства транспарту і камунікацый імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі і выціснуць іх з гэтага сэгмэнту рынку, пазбавіўшы працы. Яны перадалі прэзыдэнту зварот з 81 тысячай подпісаў супраць новага закону.

8. Пра мову і нацыянальныя сымбалі

— Калі б перад вамі стаяў выбар — увесьці паўсюднае і абавязковае выкарыстаньне беларускай мовы дзяржаўнымі службоўцамі ці вярнуць афіцыйны статус бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» — што б вы выбралі? Што для вас меншае зло?

9. Пра міністраў

— Вы казалі, некаторыя міністры «абнаглелі». Якія менавіта, у чым гэта выражалася і як іх пакаралі?

5 красавіка Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра лясной гаспадаркі Беларусі – Віталя Дрожжу. Папярэдняга міністра, Міхаіла Амельяновіча, ён зьняў з пасады за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных арганізацыях».

«Глядзіце, каб усё было сумленна і прыстойна, — зьвярнуўся Лукашэнка да Дрожжы. — Мы ўзмацняем кантроль, я пра гэта часта гавару, за працай кіраўнікоў, асабліва сябраў ураду, міністраў, таму што некаторыя проста абнаглелі. І з такімі мы разьбіраемся імгненна».

10. Пра гвалт у войску

— Пасьля пачатку «справы Коржыча», дагэтуль не раскрытай, адбываюцца кропкавыя зьмены ў войску. Ці варта чакаць больш сур’ёзных сыстэмных зьменаў?

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.​

Агулам у справе аб сьмерці салдата Коржыча дапыталі каля 400 чалавек, завялі крымінальныя справы на восем вайскоўцаў, звольнілі чатырох службовых асобаў, прызначылі новага начальніка цэнтру падрыхтоўкі вайскоўцаў. 30 сакавіка прапаршчыка зь Печаў Ігара Хішчанку, які катаваў салдатаў электрашокерам, пакаралі 5 гадамі зьняволеньня.

11. Пра экалёгію і заводы

— Чаму, нягледзячы на пратэсты людзей, якія баяцца за ўласнае здароўе, улады дазволілі будаваць экалягічна небясьпечныя прадпрыемствы ў менскіх Калодзішчах, пад Берасьцем і Сьветлагорскам?

Грамадзяне ня хочуць экалягічна шкодных прадпрыемстваў. Яны пратэстуюць супраць будаўніцтва «Амкадор-маш» у Калодзішчах і акумулятарнага заводу «АйПаўэр» пад Берасьцем, а таксама супраць шкодных выкідаў новага заводу беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску. Мясцовыя жыхары зьвярталіся да ўладаў, таксама да кіраўніка Беларусі.

12. Пра здароўе

– Ці ўжываеце вы прадукты з пальмавым алеем, які ўсё шырэй прысутнічае ў харчах, нягледзячы на незавершаныя экспэрымэнты?

З 1 студзеня гэтага году набылі сілу патрабаваньні тэхнічнага рэглямэнту Эўразійскага саюзу на алейна-тлушчавую прадукцыю. Яны прывядуць да павелічэньня спажываньня беларусамі таннага пальмавага алею, які шэраг дасьледчыкаў лічыць шкодным для здароўя. Першыя навуковыя выпрабаваньні пальмавага алею ў Беларусі яшчэ не завершаныя.

А пра што спыталіся б ў Аляксандра Лукашэнкі вы? Дасылайце свае пытаньні па спасылцы на пачатку тэксту альбо выказвайцеся ў каментарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG