Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У суботу ў школе было мала дзяцей! Рыхтуйцеся да дэпрэміяваньня!!!»


Аднойчы на настаўніцкіх курсах калега паказвала нам фотаздымак аб’явы ў настаўніцкай. У гэтай школе на суботнія школьныя забаўкі прыйшло няшмат дзяцей, і завуч па выхаваўчай рабоце з ранку ў панядзелак павесіла на дошку аб’яў вялікі каляровы ліст, на якім гіганцкімі літарамі з трыма клічнікамі было напісана: «Клясныя кіраўнікі! У суботу ў школе было мала дзяцей! Рыхтуйцеся да дэпрэміяваньня!!!»

Калега паказвала нам здымак, глядзела на нас стомленымі вачыма і спакойна, без эмоцыяў пыталася: «Ну вось як гэта — рыхтавацца да дэпрэміяваньня? Што я павінна рабіць? Які пералік мерапрыемстваў?»

Пералік мерапрыемстваў у межах падрыхтоўкі да дэпрэміяваньня — гэта мы ўмеем. Прычым узаемасувязь паміж падрыхтоўкай да дэпрэміяваньня і нагодай для яго ж можа быць зусім невыразнай. Напрыклад, забойства ў Стоўбцах.

Зразумела, што ў нашай сыстэме адукацыі абавязкова трэба знайсьці нейкіх вінаватых пры пасадзе і як мінімум дэпрэміяваць. Што ім зрабіць у чаканьні пакараньня? Правільна, забараніць мабільныя тэлефоны. Лягічна ж, не?

  • Як зрабіць адукацыю якаснай? Правільна, адмяніць адбор наймацнейшых і ліквідаваць установы, што даюць якасную адукацыю.
  • Як зрабіць добрыя падручнікі? Вы здагадаліся, неадкладна выкінуць старыя і за паўгода напісаць, выпрабаваць і выдаць новыя.
  • Як падвысіць узровень ведаў выпускнікоў? Памяняць сыстэму падліку на ЦТ.
  • Як зрабіць жыцьцё настаўніка лягчэйшым? Нагрузіць працай па суботах.
  • Як зрабіць жыцьцё дзяцей весялейшым? Загнаць на «Сьнежны снайпэр» і дэпрэміяваць клясных кіраўнікоў за тое, што дзеці ў суботу сядзяць з мамкамі па дамах, а не шлэндаюцца па школе.

Калі ты працуеш у сыстэме, ты пачынаеш думаць, як сыстэма. Прэзыдэнт сказаў: «У школах бардак, тэрмінова навядзіце парадак!» Сталі навадзіць парадак — мыць і чысьціць школы. Мятуць двары, фарбуюць парэнчы.

Прэзыдэнт сказаў: «У Стоўбцах вінаваты старшыня райвыканкама!» Назаўтра старшыні выканкамаў паехалі па школах гутарыць зь дзецьмі, прасіць, каб тыя ня кідаліся з нажамі на людзей. Ну, і тэлефоны. Забараніць тэлефоны і ўсім набыць смарт-гадзіньнікі. Цяпер ніякіх трагедый. У чыстых школах, пасьля гутаркі з мэрам, са смарт-гадзіньнікам на руцэ — ніхто нікога не кране. Лягічна ж.

Колькі робіцца ў школах у чаканьні дэпрэміяваньня! Дзеці падпісваюць сшыткі то па цэнтры, то зьлева, а калі заблытаўся, нясі новы. Паміж работамі прапускаюцца два радкі, і каб ня тры, барані Божа.

Адпаведныя людзі гадзінамі правяраюць школьныя журналы, каб там напрыканцы тэмы ўроку не стаяла кропка. Спэцыяльныя гадзіны адводзяцца, каб настаўнікі расказвалі дзецям пра навагодні бал у прэзыдэнта. Не раскажаш — рыхтуйся да... Ну, вы зразумелі.

Гэта сьмешна, але сьмяяцца не атрымліваецца. У кожнага з нас — толькі адно жыцьцё. Як так складваецца, што мы павінны праводзіць яго ў вар’ятні, дзе кожны дзень хто-небудзь з вялікай чыноўнай стараннасьцю чакае дэпрэміяваньня?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG