У школах і гімназіях чакаюцца масавыя праверкі і «аналіз працы сацыяльна-псыхалягічных службаў», абяцае Міністэрства адукацыі.
Аднак абавязковых рэкамэндацый, якія захады трэба зрабіць у зьвязку са стаўпецкай трагедыяй, навучальныя ўстановы і аддзелы адукацыі яшчэ не атрымалі. Затое некаторыя дырэктары школ праяўляюць дзіўную ўласную ініцыятыву.
14 лютага, праз тры дні пасьля трагедыі, у Стоўпцы на тэрміновую нараду выклікалі ўсіх начальнікаў раённых аддзелаў адукацыі Менскай вобласьці, сказала Свабодзе на ўмовах ананімнасьці вядучы спэцыяліст аднаго з аддзелаў. Магчыма, там і будуць выпрацаваныя канкрэтныя захады, плян мерапрыемстваў.
Што да прычын трагедыі, чыноўніца раённага аддзелу адукацыі выказала думку, што нейкі канфлікт, безумоўна, быў, і ўскосна тут ёсьць віна пэдагогаў.
«Канечне, не дагледзелі, не заўважылі нечага і клясны кіраўнік, і школьны псыхоляг. Але пры такой нагрузцы, якую маюць пэдагогі ў школах, пры дадатковых абавязках (кшталту — завезьці пэўную групу дзяцей на спаборніцтвы „Сьнежны снайпэр“ з нашага раёну ў Раўбічы, як было ў мінулыя выходныя) настаўнік фізычна ня мае часу, каб дайсьці да кожнага дзіцяці, заглянуць яму ў душу», — кажа суразмоўніца.
На школьных псыхолягаў ускладзена шмат абавязкаў: праца і з вучнямі, якія слаба вучацца, і зь «цяжкімі падлеткамі», і з адоранымі дзецьмі, і з праблемнымі сем’ямі.
Аднак, згодна з пастановай Міністэрства адукацыі Беларусі ад 24 красавіка 2013 году № 22 «Аб тыпавых штатах і нарматывах колькасьці працаўнікоў асобных установаў агульнай і спэцыяльнай адукацыі», у школах, дзе менш за 350 вучняў, прадугледжана 0,5 стаўкі пэдагога-псыхоляга, да 500 вучняў — 1 стаўка, да 800 — 1,5 стаўкі, і толькі калі больш за 800 вучняў, школа можа дазволіць сабе двух пэдагогаў-псыхолягаў. Рэдкае выключэньне — ліцэй БДУ: там ёсьць адмысловая сацыяльна-псыхалягічная служба, у якой працуюць тры спэцыялісты.
У Стаўпецкай сярэдняй школе № 2, дзе вучацца 534 дзіцяці, працуе толькі адзін псыхоляг.
У школах чакаюцца масавыя праверкі і маніторынгі
Пасьля кожнага надзвычайнага здарэньня пачынаюцца праверкі па ўсіх кірунках — і Міністэрства надзвычайных сытуацый, і санстанцыі, працягвае чыноўніца аднаго з раённых аддзелаў адукацыі Менскай вобласьці.
«Ужо прайшла разборка — чаму запасны выхад у стаўпецкай школе быў закрыты. Усіх папярэдзілі, што гэта сур’ёзнае парушэньне пажарнай бясьпекі. Пакуль праверак працы пэдагогаў-псыхолягаў, клясных кіраўнікоў не было, але чакаем — і школы, і аддзел адукацыі ў напружаньні. Я і не сумняюся — крайнімі зробяць настаўнікаў, псыхолягаў, завучаў», — кажа суразмоўніца Свабоды.
Пра праверкі сьведчыць і камэнтар прэсавай сакратаркі Мінадукацыі Людмілы Высоцкай інфармацыйнаму агенцтву БелТА: «Бліжэйшым часам усе ўстановы адукацыі краіны наведаюць маніторынгавыя групы, якія прааналізуюць працу сацыяльна-пэдагагічных службаў навучальных установаў».
Праўда, пра якія службы ідзе гаворка, не зусім зразумела, бо паводле штатнага раскладу ў бальшыні школ краіны працуе адзін пэдагог-псыхоляг на палову стаўкі.
У школах вахтэрамі працуюць у асноўным пэнсіянэры
Ёсьць адмысловае палажэньне аб прапускным рэжыме ва ўстановах адукацыі. Калі ў школе ці гімназіі больш за 500 вучняў, там павінны стаяць турнікеты, а дзеці павінны мець электронныя пропускі. Дзе менш за 500 вучняў — сядзіць вахцёр, які звычайна настаўнікаў і дзяцей ведае ў твар, а ў пабочных асобаў павінен пытацца, куды і зь якой мэтай ідуць, і запісваць у адмысловы журнал. Звычайна вахцёрамі працуюць пэнсіянэры. Рэчы школьнікаў і наведнікаў ніхто не правярае.
На пытаньне Свабоды, якім чынам будуць узмоцненыя захады бясьпекі, якія высновы зробленыя пасьля трагедыі ў Стоўпцах, прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая адказваць адмовілася.
«Чытайце мой камэнтар інфармацыйнаму агенцтву БелТА», — адказала Высоцкая.
- «Міністэрства адукацыі сумесна з зацікаўленымі прапрацуе пытаньне прававога рэгуляваньня мер бясьпекі і прапускнога рэжыму ў школах Беларусі...
- Ва ўсіх установах адукацыі Беларусі будуць узмоцненыя захады бясьпекі і дысцыпліны...
- Асаблівая ўвага будзе аддадзеная выхаваўчай і сацыяльна-псыхалягічнай працы...
- Будзе распрацаваны альгарытм сумесных дзеяньняў з бацькамі ў пляне кантролю занятасьці падлеткаў пасьля вучобы», — пералічвае чыноўніца ў камэнтары дзяржаўнаму агенцтву, што будзе рабіць Міністэрства адукацыі.
У адных школах правяраюць заплечнікі, у іншых настаўнікам раяць ня ставіць нізкія адзнакі
Школы пакуль не атрымалі ад Міністэрства адукацыі дакладных рэкамэндацый, што рабіць далей. Але ў некаторых навучальных установах адміністрацыя праяўляе ініцыятыву на свой розум.
У адным райцэнтры дырэктар школы даў указаньне вахцёру правяраць заплечнікі, партфэлі вучняў.
А ў другую школу забаранілі пускаць усіх пабочных, і нават бацькоў — а тыя пачалі скардзіцца ў аддзел адукацыі.
Настаўніца адной са сталічных школ паведаміла, што дырэктар на пэдсавеце вельмі далікатна і асьцярожна парэкамэндаваў ня ставіць вучням адзнак ніжэй за 5 балаў.
Што да Ліцэя БДУ, дзе ёсьць адмысловая сацыяльна-псыхалягічная служба, пакуль ніякіх адмысловых распараджэньняў і загадаў няма, сказаў Свабодзе намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы Іван Тапчый.
«Мы самі пакуль разгубленыя, думаем, што рабіць. Нашаму ліцэю больш пашанцавала — у нас тры высокакваліфікаваныя псыхолягі. Што да адмысловых клясных гадзінаў, клясныя кіраўнікі ў нашым ліцэі маюць поўную свабоду, чым іх напаўняць, што абмяркоўваць. Ніякіх агульналіцэйскіх рэкамэндацый, указаньняў — засяродзіць увагу на трагедыі ці не — не было», — кажа Іван Тапчый.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.