Аляксандар Лукашэнка 22 лютага наведаў з візытам Вайсковую акадэмію ў Менску. Свабода сабрала, што важна ведаць пра візыт Лукашэнкі ў Вайсковую акадэмію.
Пра кампутары і інтэрнэт
Лукашэнка загадаў знайсьці магчымасьць больш шырокага доступу курсантаў у вайсковым ВНУ да асабістых кампутараў і інтэрнэту. Пытаньне пра гэта Лукашэнку задаў курсант, піша БелТА.
Што сказаў курсант?
Яму і яго калегам хацелася б мець свой асабісты кампутар і доступ у інтэрнэт, каб рыхтавацца да заняткаў, удасканальваць сябе як спэцыялістаў, павышаць падрыхтаванасьць. Аднак у сілу вайсковай спэцыфікі гэта не заўжды магчыма.
Што адказаў Лукашэнка?
Над гэтым трэба «сурʼёзна папрацаваць», выслухаць аргумэнты за і супраць.
«Празьмернасьцяў не павінна быць, трэба знайсьці тую форму, якая задаволіць вас, і мяжу, якую перайсьці ня можам», — сказаў Лукашэнка.
Пра NATO і Расею
Паводле Лукашэнкі, NATO на Эўрапейскім кантынэнце актывізавалася, а пашырэньне вайсковых блёкаў ускладняе сытуацыю ля беларускіх межаў. Беларусь гатовая да дыялёгу з NATO на прынцыпах парытэтнасьці і празрыстасьці.
Менск будзе абараняць свае інтарэсы, у тым ліку праз сумесную з Расеяй абаронную дактрыну. Паводле Лукашэнкі, Расея — «асноўны саюзьнік» Беларусі.
«Мы заўжды будзем разам, колькі б мы не сварыліся», — сказаў Лукашэнка.