Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежная служба: дзяўчатам тут месца


Калі спрачаюцца пра гендэрныя квоты, якія забясьпечвалі б жаночае прадстаўніцтва на кіраўнічых пасадах і ўвогуле ў розных арганізацыях, часта забываюць, што квоты ў Беларусі ўжо ёсьць. Толькі працуюць яны наадварот.

Гендэрныя квоты ў Беларусі ўжо ёсьць. Толькі працуюць яны наадварот.

У 2019 годзе ніводная дзяўчына ў нашай краіне ня зможа пачаць вучыцца ў Інстытуце памежнай службы. Памежны камітэт штогод падае заяўку, колькі дзяўчат мусіць навучацца ў інстытуце. І сёлета, як і ў мінулым годзе, дзяўчат яны не чакаюць.

Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту, кажа, што для навучаньня жанчын трэба ствараць пэўныя ўмовы (асобнае разьмяшчэньне). І гэта нібыта праблема! Але ж я ўпэўнена, што калі заўтра зьявяцца санітарныя нормы, дзеля выкананьня якіх трэба будзе зьмяняць умовы разьмяшчэньня мужчын, інстытут ня стануць закрываць. Усе патрабаваньні паслухмяна выканаюць.

Толькі калі справа даходзіць да таго, каб нешта зрабіць для жанчын, становіцца відавочна, што да гэтага ставяцца не як да рэальнай патрэбы, а як да нечых дурных прыхамацяў.

А яшчэ аказваецца, што браць у гэтым годзе на навучаньне толькі мужчын — гэта такое захаваньне балянсу «каб забясьпечыць нармальныя ўмовы навучаньня і выканаць замову».

Такія людзі, як Бычкоўскі, самі ствараюць і падтрымліваюць гэтую заканамернасьць.

Прадстаўнік камітэту кажа, што вайсковым арганізацыям больш патрэбны мужчыны, і што гэта заканамерна. «Традыцыйна так склалася». Але хіба ж гэта нейкая аб’ектыўная заканамернасьць, а не прымітыўныя і даўно састарэлыя стэрэатыпы? Такія людзі, як Бычкоўскі, самі ствараюць і падтрымліваюць гэтую заканамернасьць: замацоўваюць яе сваімі рашэньнямі і наўпрост абмяжоўваюць жанчын у праве на выбар і рэалізацыю ў прафэсіі.

Аб’ектыўных абмежаваньняў для жанчын не існуе — гэта проста чарговая адгаворка, каб не мадэрнізаваць сыстэму. Але ж нягледзячы на відавочную дыскрымінацыю, Антон Бычкоўскі ўпэўнены, што для жанчын няма ніякіх абмежаваньняў для кар’еры, у тым ліку для кіруючых афіцэрскіх пасадаў.

Гэта проста чарговая адгаворка, каб не мадэрнізаваць сыстэму.

Толькі вельмі хочацца запытацца: для якіх менавіта жанчын? Для тых, каму пашанцавала быць абітурыенткамі ў той год, калі камітэт высакародна дазволіў ім паступаць у ВНУ? Для тых жанчын, якія прайшлі па асобным конкурсе зь вялікай канкурэнцыяй?

Апошні раз дзяўчат у Інстытут памежнай службы прымалі ў 2017 годзе. Яны маглі паступіць толькі на адзін факультэт з чатырох. Жаночы прахадны был быў на 38 пунктаў вышэйшы за мужчынскі. Дзеля справядлівасьці, у 2016 годзе ў хлопцаў прахадны бал быў вышэйшы, чым у дзяўчат.

Але ж як такі падыход можна назваць збалянсаваным? І чаму так атрымліваецца, што ў адказ на прапановы ўвесьці квоты для жанчын мы часта чуем абвінавачваньні ў несправядлівасьці і пратэкцыянізме, але існыя квоты для мужчын успрымаюцца як норма і «заканамернасьць, якая традыцыйна склалася»?

Лёгка быць героямі без канкурэнцыі.

І гэтыя мужчыны, якія не пускаюць жанчын у прафэсію, 23 лютага з гонарам расказваюць, як яны ганарацца быць нашымі абаронцамі. Якія яны моцныя і адважныя, як гатовыя змагацца з уяўнымі ворагамі, і ўсё гэта толькі дзеля нас!

Лёгка быць героямі без канкурэнцыі. Самі сябе прызначылі, самі сябе ўсхваляюць. Але ж конкурс пяць чалавек на адно жаночае месца ў Інстытуце памежнай службы празрыста намякае, што жанчыны самі гатовыя сябе абараняць. І гэта ня ветлівая просьба, а вяртаньне сабе таго, на што мы заўжды мелі права.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG