Як даведалася Свабода, падазраваны ў двайным забойстве і замаху на забойства ў школе N2 у Стоўпцах Вадзім М. пачаў даваць паказаньні. Гэтую інфармацыю таксама пракамэнтавалі ў Сьледчым камітэце.
«Пакуль магу паведаміць толькі тое, што расьсьледаваньне працягваецца, сьледчыя працягваюць высьвятляць усе абставіны. Праводзяцца плянавыя сьледчыя дзеяньні. Іншая інфармацыя ў інтарэсах сьледзтва ў найбліжэйшы час паведамляцца ня будзе», — паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.
Затрыманы неўзабаве пасьля здарэньня ў школе N2 Вадзім М. да гэтага часу знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня райаддзелу міліцыі ў Стоўпцах.
Як паведаміла ў суботнім нумары стаўпецкая раённая газэта «Прамень», сьледчыя разглядаюць розныя вэрсіі забойства — ад канфліктнай сытуацыі да псыхалягічнага ўзьдзеньня на падлетка, у тым ліку праз інтэрнэт, рэлігійную сэкту і да т. п.
Выданьне цытуе намесьніцу дырэктара школы N2 Ірыну Гарэлік, якая вяла ўрок матэматыкі, падчас якога адбыўся напад на Аляксандра Р. Паводле яе, Вадзім М., зайшоўшы ў клясу, дзе яна вяла ўрок, накіраваўся менавіта да парты Аляксандра Р.
«Саша паміраў у мяне на руках. Калі трагедыя здарылася, у нас толькі-толькі пачаўся ўрок матэматыкі. Мы пасьпелі праверыць толькі адно хатняе заданьне. Тут адчыніліся дзьверы, увайшоў дзесяціклясьнік, за долю сэкунды ён прайшоў міма сьцяны, накіраваўся да трэцяй парты і нанёс удар Сашу. Мы падхапілі яго на рукі, адсунулі сталы, сталі спыняць кроў. Я маліла Бога: Сашачка, не памірай», — расказала Ірына Гарэлік.
Паводле мэдыцынскага агляду, падазраваны ня быў ані ў стане алькагольнага ап’яненьня, ані пад узьдзеяньнем наркотыкаў ці псыхатропаў.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.