Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абараніцца ад школьніка з нажом. Забойства ў Стоўпцах вачыма настаўніцы, псыхоляга і пісьменьніцы


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак, настаўніца Ганна Севярынец і псыхоляг Алена Ермакова аналізуюць прычыны падлеткавай агрэсіі, разважаюць пра цкаваньне ў школах, хатні гвалт, а таксама пра тое, што часам схавана за добрымі адзнакамі і «ціхімі» паводзінамі.

Сьцісла

  • Ганна Севярынец: Падлетак знаходзіцца ў такім стане, калі неадэкватную, нечаканую рэакцыю можа выклікаць што заўгодна.
  • Алена Ермакова: Ёсьць рэчы, якім трэба дзяцей вучыць загадзя. Гэта нейкія нечаканыя дзеяньні — кідаць любыя прадметы, біць шкло ў клясе.
  • Яўгенія Пастарнак: Няма ніякай асобна ўзятай падлеткавай агрэсіі, ёсьць вонкавая агрэсія, якую яны адчуваюць.
Наўпроставы лінк


Што можа выклікаць агрэсію ў падлеткаў

Яўгенія Пастарнак
Яўгенія Пастарнак

Яўгенія Пастарнак: Прычыны могуць быць вельмі розныя. Магчыма, псыхіятрыя, што ніяк не прагназуецца і абараніцца ад гэтага нельга. Магчыма, агрэсіўныя паводзіны навакольных ці наадварот іх абыякавасьць... Кожны выпадак індывідуальны, у кожным трэба разьбірацца асобна.

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Ганна Севярынец: Падлетак знаходзіцца ў такім стане, калі нейкую неадэкватную, нечаканую рэакцыю можа выклікаць што заўгодна. Мы ня выведзем агульных законаў і нейкіх інструкцыяў ня зробім, калі канкрэтны падлетак будзе праяўляць агрэсію, а калі ня будзе. Школа сама па сабе такі правакуючы асяродак, якая б яна ні была. Гэта калектывы, сфармаваныя выпадкова, у якіх пастаянная стрэсавая сытуацыя не таму, што там настаўнікі благія ці дзеці благія, а проста па вызначэньні гэта — стрэсавыя ўмовы.

Што да стаўпецкай школы, я хацела б, па-першае, выказаць спачуваньні. Паглядзіце, як годна паводзіць сябе і адміністрацыя, і настаўнікі, як яны ідуць на кантакт, як яны ўсё тлумачаць, якія яны ў гэтай пачварнай сытуацыі адкрытыя для ўсіх. А зараз ім так цяжка, а яшчэ такая ўвага публічная да іх. Мы маем значна болей інфармацыі, чым мелі, прыкладам, у выпадку з Данатам Скакуном.

«У сацсетках жанчыны выносяць прысуд і гатовыя зладзіць самасуд»

Алена Ермакова
Алена Ермакова

Алена Ермакова: І пубертат (палавое высьпяваньне — РС) адыгрывае сваю ролю, і сацыяпатаў сярод падлеткаў вельмі многа. Акрамя гэтага падлетак усмоктвае ўсё адусюль — зь сям’і, школы, з грамадзтва ў цэлым праз тэлебачаньне, інтэрнэт, праз абсалютна ўсё. І ў рэальнасьці, мне здаецца, агрэсіі многа. Калі пачытаць, што пішуць людзі ў сацсетках, абмяркоўваючы гэты выпадак, то там дзьве вялікія партыі: адны абвінавачваюць сям’ю, другія абвінавачваюць школу. І ня проста абвінавачваюць — часам чытаць страшна. Жанчыны выносяць прысуд і гатовыя зладзіць самасуд. Гэта значыць, што гэтай агрэсіяй перапоўненыя мы. І падлетак, у дадатак да ўсіх сваіх цяжкасьцяў, усмоктвае гэта як губка.

Што рабіць, калі гэта ўжо адбываецца? Ёсьць рэчы, якім трэба дзяцей вучыць загадзя. Ня ў тым сэнсе, што ваш аднаклясьнік на кагосьці нападзе. Не, але калі адбываецца сытуацыя, якая пагражае жыцьцю, калі ёсьць такая магчымасьць, то ўсё, што можа зрабіць дзіця, падлетак — нейкія нечаканыя дзеяньні. Дапусьцім у той жа клясе кідаць любыя прадметы, біць шкло. Гэта пэўны шанец, што агрэсар хоць бы на нейкі час спыніцца. А прадбачыць такую сытуацыя ў рэальнасьці вельмі цяжка. Калі гэта нейкі разлад, то ён можа працякаць схавана. Сацыяпаты цудоўна маскіруюцца. У тым, што кажуць пакуль пра хлопчыка, адзінае, што мяне насьцярожвае — гэта тое, што ён быў ціхі, спакойны і ні на што не рэагаваў. Часта гэта дзеці, якім вельмі цяжка ўнутры, і потым гэта вырываецца вонкі. Такія дзеці ці падлеткі бываюць вельмі зручныя для дарослых, ну проста мара — спакойны падлетак, ні ўва што не ўключаецца. І мы не заўважаем тых званочкаў, якія могуць насьцярожыць.

«Мы ўжо — таўстаскурыя, а яны яшчэ не. Таму яны больш бурна рэагуюць»

Ганна Соўсь: У працяг думкі пра агрэсію ў сацыяльных сетках, калі абвінавачваюць і выносяць прысуды, ня ведаючы справы, хацела бы працытаваць грамадзкага актывіста Паўла Каралёва: «Гляджу тэлевізар некалькі разоў на год. Сёньня акурат такі дзень. Разумею чаму здарылася трагедыя ў Стоўпцах. Гвалт, забойствы, крымінальныя зводкі па каналах зашкальваюць. Гэта норма для тых, хто гэта глядзець. Ужо не кажу пра адпаведныя кампутарныя гульні. А здарэньне гэта ўжо наступства. І ніякі ціхі хлопец не зьяўляецца абароненым ад віруса. А людзей шкада». Яўгенія, вы пішаце разам з Андрэем Жвалеўскім кнігі для падлеткаў, шмат сустракаецеся з падлеткамі, разумееце, што хавацца за нібыта ціхімі паводзінамі, зручнымі для настаўнікаў. Як можна гэта прадбачыць ці заўважыць раней?

Яўгенія Пастарнак: Падлеткі адлюстроўваюць дарослы сьвет. Яны ня ў вакуўме жывуць. Няма ніякай асобна ўзятай падлеткавай агрэсіі, ёсьць вонкавая агрэсія, якую яны адчуваюць. Падлеткавы ўзрост — гэта ўзрост павышанай адчувальнасьці, і ў іх вельмі вострае пачуцьцё справядлівасьці. У іх яшчэ гэткая зьнешняя скура не адрасла, і іх раніць больш балюча, чым дарослых людзей. Мы ўжо — таўстаскурыя, многае можам прапусьціць скрозь пальцы, а яны яшчэ не. Таму яны больш бурна на гэта рэагуюць.

Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства.
Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства.

У прынцыпе ня трэба лекаваць падлеткаў — лекаваць трэба сябе. І пакуль дарослыя будуць сабе дазваляць адкрытае хамства, і ня толькі ў інтэрнэце, але і ў жыцьці, пакуль мы будзе крычаць адзін на аднаго, тупаць нагамі і агрэсіраваць, высьвятляць адносіны так чынам, падлеткі будуць такімі. У іх проста выхаду няма, яны б з задавальненьнем навучыліся б дабру, але ў каго? Таму сачыць трэба за сабой.

Булінг як адна з прычынаў агрэсіі ў адказ

Ганна Соўсь: У беларускіх школах у пэўнай ступені распаўсюджаны булінг, калі цкуюць таго, хто не такі, як іншыя, слабейшага ці менш здольнага, з розных прычынаў. З гэтай зьявай спрабуюць змагацца, але яна ёсьць. І часам булінг і можа стаць прычынай спантаннага выхаду агрэсіі. Ганна, ці часта вам даводзілася сутыкацца з падлеткавай агрэсіяй і якія яе прычыны?

Ганна Севярынец: Я ня думаю, што гэта праблема беларускіх школаў. Гэта ва ўсім сьвеце псыхалягічная асаблівасьць дзіцячых калектываў. Дарослыя больш кантралююць сябе і маюць мэханізмы, каб спыняць гэтыя рэчы. Дарослыя людзі больш вольныя памяняць калектыў, у якім ім нязручна. Я б сказала, што ў беларускіх школах менш булінгу, чым лічыцца. Прынамсі сярод тых дзяцей, якіх я назіраю, зь якімі я працую. Зразумела, ён бывае, але ён даволі проста спыняецца.

Ёсьць мэтодыкі і мэханізмы, і дзеці сёньня дасьведчаныя. Яны з задавальненьнем глядзяць спэцыяльныя заходнія ролікі, вельмі добрыя і прафэсійна зробленыя, пра тое, як рэагаваць на булінг. Мне падаецца, што канкрэтна ў Стоўпцах праблема ня ў гэтым, і якраз булінг ня так часта становіцца прычынай маштабных трагедый з масавымі забойствамі. Тут нешта іншае. Пакуль мы нічога ня ведаем.

Алена Ермакова: Два словы наконт булінгу. З аднаго боку чамусьці ня думаю, што ў Стоўпцах у гэтым справа, бо калі я бачу гэтых настаўнікаў, завуча, мне складана ўявіць, што там, дзе яны працуюць, мог бы квітнець булінг. Падлеткі вельмі хаваюць свае праблемы, і мы ня вучым дзяцей расказваць дарослым праўду. У нас ёсьць у культуры — не данасіць. Данасіць — гэта кепска. Пры гэтым падлетак павінен умець паскрадзіцца, расказаць даросламу, калі ён не дае рады сам.

​У мяне няма такога аптымізму наконт булінгу ў нашых школах. Літаральна пару месяцаў таму адна дзяўчынка-падлетак паказала мне, што ёй пішуць у адным з мэсанджараў яе аднаклясьнікі. Аднаклясьніца, выдатніца, узорная дзяўчынка — пагражае. Прывесьці поўны тэкст я не магу, таму што там большая частка — з ненарматыўнай лексыкі. А сутнасьць у тым, што я атручу табе жыцьцё ў школе да самага канца. І гэта піша сяміклясьніца. Калі я падзялілася з калегамі, у якіх такога ж узросту дзеці, зь дзіцячымі псыхолягамі (я сама працую зь дзецьмі і падлеткамі), яны мне сказалі, што такога поўна. А другая дзяўчынка маўчыць. Яна мне пра гэта расказала пасьля колькігадзіннай гутаркі. Так і казала: я павінна сама, нас усе вучаць самім разабрацца, дамовіцца.

Мне здаецца, што самая вялізная праблема — гэта адсутнасьць дыялёгу паміж бацькамі з аднаго боку і ўсім пэдкалектывам з другога. Гэта і няўменьне размаўляць зь дзіцяці. Заўважыць, насамрэч, у дзіцяці можна вельмі многае. Любая зьмена ў паводзінах у любы бок пра нешта сыгналізуе. Трэба ўмець зь імі пагаварыць так, каб зразумець, што за гэтым стаіць.

Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства.
Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства.

Ганна Соўсь: Відавочна, што трагедыя ў Стоўпцах — ня проста навіна з крымінальнай хронікі, пра якую забудуць. Магчыма, гэтая трагедыя дае ўсім магчымасьць паразважаць, што робіцца ня так, на што трэба зьвярнуць увагу. Яўгенія, для вас гэтая трагедыя стала нагодай задаць якія пытаньні пра грамадзтва, школу, сыстэму адукацыі, сям’ю, сьвет падлеткаў?

Яўгенія Пастарнак: Нічога новага, уласна. Зразумела, гэта жахлівая трагедыя. Тое, што перажылі аднаклясьнікі, настаўнікі, не забудзецца ніколі. Гэта, магчыма, неяк зьменіць іх жыцьці. Тым ня менш, пытаньні ня новыя. Гэта пытаньне пра ўвагу да кожнага канкрэтнага чалавека, да кожнага канкрэтнага дзіцяці. Дзіця — гэта ня проста адзін з тысячы вучняў у школе ці адзін з трыццаці ў клясе. Кожнае дзіця патрабуе асобнай увагі. І калі мы ўсе будзем уважлівыя, я думаю, такіх трагедыя будзе нашмат менш.

Ганна Соўсь: А вы з Андрэем Жвалеўскім маглі б узяць гэтую гісторыю як аснову для рамана?

Яўгенія Пастарнак: Не, канешне, гэта неэтычна. Мы можам прыдумаць нейкую іншую трагедыю, але на аснове рэальных гісторый — не. Такіх гісторый насамрэч у сьвеце многа адбываецца. На жаль, у Беларусі яна ня першая. Дай Бог, каб апошняя.

«Ніхто не падрыхтаваны да таго, што праз хвіліну табе трэба будзе бараніць сваю настаўніцу ад вучня з нажом»

Ганна Соўсь: Ганна, пра што трэба задумацца пасьля трагедыі ў Стоўпцах? Што перагледзець? Магчыма, гэта і тэхнічныя рэчы, сыстэма праходу ў школы?

Ганна Севярынец: Найперш трэба гутарыць зь дзецьмі пра тое, што рабіць, калі раптам такое здараецца. Ніхто з нас не падрыхтаваны да таго, што праз хвіліну трэба будзе бараніць сваю настаўніцу ад вучня з нажом. Заўважце, дзеці кінуліся бараніць настаўніцу. Я люблю гэтых дзяцей за тое, што яны так зрабілі, хаця яны пацярпелі праз гэта. Што рабіць дзецям? Яны, няшчасныя, падалі на падлогу, бо яны не разумелі, што рабіць. Калі гэты хлопчык пайшоў па калідоры адкрываць дзьверы ў іншыя клясы, дзеці выскачылі і пачалі крычаць настаўнікам «Закрыйце дзьверы!». То бок людзі дзейнічалі як людзі, дзейнічалі так, як павінны былі. Але яны ня здольныя былі ўратавацца самі, уратаваць блізкіх побач.

І трэба вучыць іх ужо сёньня, як рэагаваць на такія сытуацыі, бо ўсё ж яны здараюцца. Трэба вучыць і таму, як паводзіць сябе, калі побач з табой чалавек звар’яцеў, калі ён неадэкватна сябе паводзіць. Трэба разумець, як паводзіць сябе ў выпадку тэрарыстычных нападаў. Гутаркі зь дзецьмі павінны стаць больш прадметнымі ў сэнсе бясьпекі ў такіх сытуацыях.

Трэба думаць і пра тое, каб расьціснуць усе абцугі, якімі сёньня скаваная школа. Узровень вонкавага ціску на школу, на дзяцей, на настаўнікаў зашкальвае. Наўрад ці гэта прычына, але немагчыма адсачыць усіх дзяцей, працаваць з кожным асобна, аналізаваць — гэта ўсё мы павінны рабіць, мы робім, але, бачыце, што мы не даглядаем.

Трэба расьціснуць псыхалягічныя абцугі, у якіх мы сёньня ўсе знаходзімся ў школе. Трэба, каб былі пакоі псыхалягічнай разгрузкі, каб быў нейкі менш траўматычны рэжым, каб было меней ціску, які адчуваюць дзеці, падлеткі, настаўнікі. Думаць не пра тое, каб «завінціць», а пра тое, каб «разьвінціць», менавіта таму, што пад ціскам такія слабыя псыхікі ўзрываюцца і правакуюцца такія неадэкватныя паводзіны. У гэтым накірунку трэба думаць, а не пра тое, каб паставіць каля кожнай клясы міліцыянта.

«Вельмі важныя першыя гадзіны ці дні пасьля таго, як адбылася трагедыя»

Ганна Соўсь: Якая псыхалягічная дапамога патрэбная вучням, настаўнікам, бацькам пацярпелых і бацькам хлопца, які злачынства ўчыніў?

Алена Ермакова: Спадзяюся, што побач зь імі блізкія, людзі, якія падзяляюць усю гэтую трагедыю. Там вельмі важныя першыя, па магчымасьці, гадзіны, ці першыя дні пасьля таго, як адбылася гэтая трагедыя. Ёсьць спэцыяльныя тэхналёгіі. Было б добра, калі б псыхолягі правялі групавую працу. Гэта ня зьнізіць боль страты ў сям’і загінулай настаўніцы, у сям’і загінулага дзіцяці, але прынамсі гэта крыху зьнізіць узровень страху, трывогі ў астатніх вучняў, настаўнікаў, таму што аддаленыя наступствы для псыхікі дзяцей могуць быць дастаткова сур’ёзнымі.

«Ня трэба думаць, што нас уратуе нейкі закон, ці дзяржава, ці міліцыянт на ўваходзе ў школу»

Ганна Соўсь: У Беларусі летась адмовіліся ад распрацоўкі закону пра хатні гвалт, пры тым што паводле шматлікіх апытаньняў, у многіх сем’ях у Беларусі практыкуюць і фізычныя пакараньні, шырока распаўсюджаны і псыхалягічны хатні гвалт. Як сытуацыя гвалту ў сямʼі можа справакаваць агрэсію падлеткаў?

Ганна Севярынец: Я думаю, што яны зьвязаныя ў той самай ступені, у якой зьвязанае ўсё: узровень гвалту ў сеціве, у творах мастацтва, па тэлебачаньні. Што тычыцца закону супраць хатняга гвалту — гэта, безумоўна, прагрэсіўны закон, але, як і шмат хто, я таксама баюся, што ў нашай дзяржаве ён можа быць выкарыстаны для таго, каб памножыць дзяржаўны гвалт адносна сям’і, а не спыніць гвалт унутры сям’і.

Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства.
Каля школы №2 у Стоўпцах пасьля двайнога забойства.

Мне вельмі шкада і тых няшчасных настаўнікаў, і тых няшчасных дзяцей, у якіх адно адзінае жыцьцё зараз паламанае тым грамадзтвам, у якім мы ўсе жывем. Кожнаму з нас трэба спадзявацца на тое, што мы ўнутры сябе будзем перамагаць агрэсію, гэтае чалавечае зьвярынае. Толькі тады мы будзем ратавацца. А ня думаць, што нас уратуе нейкі закон, ці дзяржава, ці міліцыянт на ўваходзе ў школу.

Алена Ермакова: Самае галоўнае — пераадольваць агрэсію ў сабе, ня толькі ў школе, ня толькі ў сям’і, у прынцыпе. Нават калі мы гаворым пра гэты вельмі прагрэсіўны і патрэбны закон, там таксама ўзьнікае адно «але». Бацькі ў сям’і, якія чыняць хатні гвалт — гэта ж ня людзі з іншай плянэты, так? А мы ўсе жывем тут, у гэтай прасторы, і ў аднолькавай ступені за гэта адказныя.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG