Сотні тысяч людзей, якія выступаюць за незалежнасьць Каталёніі 16 лютага выйшлі на вуліцы Барсэлёны.
Яны выкрыквалі «Свабода», «Незалежнасьць» і трымалі ў руках партрэты зьняволеных незалежніцкіх лідэраў. Акрамя таго, мітынгоўцы несьлі плякат з надпісам «Самавызначэньне — не злачынства».
Паводле дадзеных паліцыі, у акцыі ўзялі ўдзел каля 200 000 чалавек; арганізатары заявілі пра 500 000 удзельнікаў.
12 лютага ў Мадрыдзе пачаўся суд у справе 12 каталёнскіх незалежніцкіх лідэраў у сувязі зь непрызнаным Мадрыдам рэфэрэндумам аб незалежнасьці Каталёніі ад Гішпаніі 2017 году. Справу разглядае Вярхоўны суд Гішпаніі.
Падсудным, сярод якіх былыя міністры, экс-сьпікер парлямэнту Каталёніі і лідэры арганізацый, якія выступалі за незалежнасьць рэгіёну, выставілі абвінавачаньні, у прыватнасьці ў мяцяжы, закліках да паўстаньня і нямэтавым выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў. Усе падсудныя абвінавачаньні адкідаюць.
Рэфэрэндум, на якім большасьць з тых, хто браў у ім удзел, выказалася за незалежнасьць, адбыўся ў Каталёніі 1 кастрычніка 2017 году. Пазьней парлямэнт у Барсэлёне прагаласаваў за абвяшчэньне незалежнасьці аўтаномнага рэгіёну.
Аднак Канстытуцыйны суд Гішпаніі прызнаў рэфэрэндум незаконным.
Цэнтральная ўлада ў Мадрыдзе ўвяла сваё кіраваньне ў рэгіёне, а некалькі каталёнскіх лідэраў пакінулі краіну або былі затрыманыя.
У чэрвені летась у Каталёніі прыняў прысягу новы рэгіянальны ўрад на чале з Кімам Тора, паплечнікам былога каталёнскага лідэра Карлеса Пудждэмона, пры якім у рэгіёне адбыўся непрызнаны Мадрыдам рэфэрэндум аб незалежнасьці.