13 лютага ў Стоўпцах хаваюць настаўніцу сярэдняй школы № 2 Марыну Пархімовіч і вучня Аляксандра Р., на якіх 11 лютага напаў з нажом вучань 10 клясу Вадзім М.
Разьвітацца з Марынай Пархімовіч да яе дому прыйшлі некалькі сотняў чалавек.
Труну настаўніцы выносілі пад звон школьнага званочка.
Дарога, па якой ідзе працэсія з труной, перакрытая міліцыяй.
З паўсотні старшаклясьнікаў прыйшлі зь сярэдняй школы № 2 да дому загінулай настаўніцы Марыны Пархімовіч у Стоўпцах.
Марыну Пархімовіч пасьля адпяваньня а 12-й гадзіне ў царкве пахаваюць на могілках роднай для яе вёскі Шашкі.
Каля царквы ў вёсцы Шашкі, дзе пахаваюць настаўніцу, сабраўся картэж з больш як 50 машын.
Загінулага ў выніку нападу 17-гадовага вучня Аляксандра Р. пасьля адпяваньня ў стаўпецкай царкве апоўдні, пахаваюць на гарадзкіх могілках.
Ушанаваць памяць загінулага вучня прыйшлі старшыня Стаўпецкага райвыканкаму Дзяніс Калясень і ягоная намесьніца Жанна Лысая.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.