А 10-й гадзіне з паўсотні старшаклясьнікаў выйшлі зь сярэдняй школы № 2 да дому загінулай настаўніцы Марыны Пархімовіч у Стоўпцах. Сёньня праходзіць разьвітаньне і пахаваньне Марыны Пархімовіч і вучня Аляксандра Р., на якіх 11 лютага напаў з нажом вучань 10 клясу Вадзім М.
Разьвітаньне з Марынай Пархімовіч пройдзе дома ў 11 гадзін, а ў 11.30 разьвітаньне з вучнем Аляксандрам.
Каля дому настаўніцы ўжо сабраліся людзі.
Марыну Пархімовіч пасьля адпяваньня ў 12 гадзін у царкве пахаваюць на могілках роднай для яе вёсцы Шашкі, а вучня пасьля адпяваньня ў стаўпецкай царкве ў 12 гадзін, пахаваюць на стаўпецкіх могілках.
Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае
- Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
- 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.