Жанчыны часьцей сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у сувязі са сваёй роляй жонкі і маці, мужчыны — у сувязі з узростам.
З дыскрымінацыяй на рынку працы сутыкаліся 85% апытаных беларусаў, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску спэцыяліст міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Алена Арцёменка. Яна прадставіла вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня аб гендэрнай дыскрымінацыі на рынку працы, піша БелаПАН.
Паводле яе слоў, з дыскрымінацыяй сутыкаліся 89,6% жанчын і 80,4% мужчын. Пры гэтым жанчыны часьцей сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у сувязі са сваёй роляй жонкі і маці, мужчыны — у сувязі з узростам.
Самыя ўразьлівыя на рынку працы групы, паводле сацыёлягаў:
- замужнія і незамужнія жанчыны да 35 гадоў безь дзяцей,
- жанчыны зь дзецьмі да 10 гадоў,
- жанчыны ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.
Як адзначыла Арцёменка, разрыў паміж заработнай платай мужчын і жанчын складае 25%.
Рызыка дыскрымінацыі таксама павышаецца сярод людзей ва ўзросьце 35-44 гадоў і з вышэйшай адукацыяй.
Самы распаўсюджаны від дыскрымінацыі — пры прыёме на працу
З дыскрымінацыяй пры прыёме на працу сутыкаюцца 69,3% беларусаў (73,8% жанчын і 64,7% мужчын).
Найчасьцей — тыя, хто працуе ў сфэры гандлю (84,3%), з уразьлівых групаў — замужнія жанчыны да 35 гадоў без дзяцей (84%).
«Чаму такая высокая лічба менавіта ў гандлёвай сфэры — пытаньне для асобнага дасьледаваньня, — сказала старшыня праўленьня „Гендэрных пэрспэктыў“ Ірына Альхоўка. — Магчыма, тут грае ролю зьнешнасьць і ўзрост работнікаў».
Дыскрымінацыя на працоўным месцы
Дыскрымінацыя на працоўным месцы крыху меншая, чым пры прыёме на працу: ад яе калі-небудзь цярпелі 64,1% эканамічна актыўнага насельніцтва (68% жанчын і 60,3% мужчын).
Сярод прычынаў дыскрымінацыі на працоўным месцы:
- узрост, у першую чаргу малады — з 16 да 24 гадоў (самая распаўсюджаная прычына),
- цяжарнасьць або адпачынак па догляду за дзіцем (сутыкаліся 26,2% жанчын),
- неабгрунтаваныя патрабаваньні да вонкавага выгляду на працоўным месцы (сутыкаліся 28,6% мужчын і 27,1% жанчын),
З парушэньнем сэксуальнай недатыкальнасьці на працоўным месцы сутыкаліся 18,8% рэспандэнтаў (23% жанчын і 14,6% мужчын).
Асноўнае выйсьце — звольніцца
Ірына Альхоўка кажа, што людзі часта не ўсьведамляюць, калі іх правы парушаюцца.
«Траплялі ў сытуацыі дыскрымінацыі, але не лічылі іх такімі, 26,6% пры прыёме на працу і 17,6% — на працоўным месцы. І гэта значная праблема», — падкрэсьліла яна.
Як адзначыла Ірына Арцёменка, асноўным выйсьцем з сытуацыі дыскрымінацыі на працоўным месцы беларусы лічаць звальненьне. Паводле яе, з працы звальняюцца 30% тых, хто рэагуе на ўціск правоў на працоўным месцы.
Гатоўнасьць адстойваць свае правы ў выпадку іх парушэньня не высокая:
- Пры прыёме на працу што-небудзь робяць 12,7% людзей, хочуць, але ня робяць — 40,1%.
- У сытуацыях на працоўным месцы адстойваюць свае правы 22,7% работнікаў, хацелі б адстаяць, але ня робяць гэтага — 40,5%.
У кожным выпадку дыскрымінацыі 10-20% рэспандэнтаў ня ведае, куды зьвярнуцца і што зрабіць.
«Гэта сьведчыць аб тым, што канструктыўных мэханізмаў вырашэньня праблемы не існуе, або работнікі не разглядаюць іншыя спосабы, ці не валодаюць імі. Такім чынам, яны з сытуацыі парушэньня правоў трапляюць у яшчэ больш ўразьлівую сытуацыю, губляючы працу», — адзначыла Арцёменка.
Дасьледаваньне праводзіла кампанія SATIO & CIVITTA ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Пол ня столь», якую рэалізуе ў Беларусі МГА «Гендарныя пэрспэктывы».
Дасьледаваньне праводзілі мэтадам панэльнага інтэрнэт-апытаньня ў жніўні 2018 году сярод эканамічна актыўнага насельніцтва працаздольнага ўзросту — ад 16 да 63 гадоў. Было апытана 1.298 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі.