Гаспадар прытулку для бяздомных у Горадзенскай вобласьці Аляксей Шчадроў распавёў Свабодзе, што яго затрымалі міліцыянты за крадзеж, якога ён не зьдзяйсьняў.
Каб выбіць паказаньні, над ім зьдзекаваліся цэлую ноч.
У Шчучынскім РАУС карэспандэнту Свабоды не патлумачылі сытуацыю.
Затрымалі за крадзеж гаманца ў шпіталі
Па словах Шчадрова, яго затрымалі 31 студзеня. Па абедзе да ягонага дому ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну Горадзенскай вобласьці прыехалі міліцыянты і загадалі паехаць зь імі ў Шчучынскі РАУС.
Прычынай затрыманьня стаў крадзеж гаманца з грашыма ў мэдсястры са Шчучынскага шпіталя. У той дзень Аляксей быў у шпіталі ў стаматоляга.
Міліцыянты, два старэйшыя лейтэнанты, запыталіся, дзе гаманец. Сказалі, што па камэрах відэаназіраньня бачна, як ён заходзіў у кабінэт, адкуль зьніклі грошы, што на дзьвярах застаўся адбітак ягонага пальца.
«Пакуль не прызнаесься, будзеш сядзець да ранку», — пераказвае словы міліцыянтаў Аляксей.
«Мы зараз табе вушы стэплерам праб’ем, нос!»
Ён кажа, што над ім зьдзекаваліся ўсю ноч. Сесьці дазвалялі на некалькі хвілін, а потым зноўку загадвалі ўставаць. Казалі падымаць гіру і адціскацца, але Аляксей адмовіўся, бо мае хворае сэрца. Пхнулі на падлогу, каб той упаў, а міліцыянт наступіў ботам яму на ногі.
Адзін з апэратыўнікаў пачаў торкаць дубінкай у бок, з моцай і крыкам пагрозьліва біў па стале.
Аляксей кажа, што цэлую ноч ціха маліўся, а на яго крычалі, што выб’юць ягоную веру. У нейкі момант Шчадрова пачалі моцна біць па галаве, па плячах.
«Узялі стэплеры, якімі сшываюць паперы, падышлі з абодвух бакоў і пачалі араць: „Мы зараз табе вушы праб’ем, нос! Давай кажы, куды падзеў гаманец!“», — узгадвае допыт Шчадроў.
Схлусіў, што скраў, каб перасталі біць
Каб яго перасталі біць, мужчына сказаў, што гэта ён скраў гаманец, але ніякія паперы падпісваць яму не давалі. Калі міліцыянты пачалі высьвятляць падрабязнасьці, яму падалося, што нешта ў ягоных паказаньнях не супадала з тым, чаго ад яго чакалі.
Па меркаваньні Аляксея, міліцыянты зразумелі, што ён на сябе нагаворвае. «На калідоры падышоў адзін старлей, запытаўся:
«Скажы шчыра, ці цябе білі. Я адказаў: „Крыху білі“. Ён моцна мяне ўдарыў у грудзі: „Няхай хоць яшчэ каму скажаш! Цябе ніхто ня біў!“», — распавядае Аляксей. Ён кажа, што чуў крыкі зь іншых кабінэтаў.
Доказаў віны не знайшлі
Допыт скончыўся толькі ў абед наступнага дня, калі за справу ўзяўся чарговы міліцыянт, якога Аляксей запомніў як «маёр Станіславіч».
На відэа з камэр назіраньня ўбачылі, што Шчадроў не заходзіў ні ў кабінэт, адкуль прапалі грошы, ні ў тое аддзяленьне. Яму запарылі гарбату і далі дзьве булачкі.
Потым завезьлі дахаты ў Аляксандраўку, правялі дома ператрус, нічога падазронага, па словах Аляксея, не знайшлі і зьехалі.
«Трэба дараваць ворагам»
Суразмоўца мяркуе, што яго падазравалі, бо ён меў раней судзімасьць за наркотыкі і крадзеж.
«Звычайна апэратыўнікі ня вераць, што людзі зьмяняюцца, што Бог мяняе чалавека. Першымі падазраванымі становяцца тыя, хто раней быў судзімы», — мяркуе ён.
Колькі грошаў было ў гаманцы і ці знайшлі таго, хто насамрэч іх скраў, мужчына ня ведае. Скардзіцца ў міліцыю ці некуды яшчэ на паводзіны міліцыянтаў Шчадроў не плянуе.
«Я ім дараваў, як хрысьціянін. У Эвангельлі напісана, што трэба маліцца за тых, хто нас крыўдзіць, і дараваць ворагам. Прыйдзе час, яны адкажуць за гэта, можа, не перад дзяржаўным законам, але на Божым судзе», — кажа ён.
Шчадроў апякуецца бяздомнымі больш за сем гадоў
33-гадовы Аляксей Шчадроў заснаваў прытулак у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна сем гадоў таму. Там зьбіраюцца бяздомныя людзі з усёй Беларусі.
Яны могуць памыцца, паесьці, маюць, дзе спаць. Узімку колькасьць падапечных можа сягаць трыццаці.
Прытулак ня мае рэгістрацыі і афіцыйнага статусу. Існуе на добраахвотныя ахвяраваньні.