Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё захапілі». У Гомелі жыхары паўсталі супраць пабудовы новага дома ў двары


Будаўнічая пляцоўка.
Будаўнічая пляцоўка.

Жыхары пяці дамоў па вуліцы Быхаўскай у Гомелі пратэстуюць супраць зьяўленьня ў іх новых суседзяў. У панядзелак мясцовыя людзі ўбачылі, што ў іх двары сьсеклі дрэвы і абгарадзілі плотам пляцоўку пад будаўніцтва.

«Нас ніхто не папярэдзіў, мы нічога ня ведалі. У нас забіраюць апошні лапік зялёнай зоны, нашы ходнікі, нашу тэрыторыю. Гэта незаконна, свавольства і зьдзек», — кажуць жыхары кварталу.

Дзе і што будуць будаваць

Будаўніцтва новага 11-павярховага дому на 44 кватэры заплянавана ў квартале паміж дамамі №№ 99, 105, 111, 113, 113А вуліцы Быхаўскай.

Замовіла новы дом упраўленьне капітальнага будаўніцтва. Да панядзелка тут быў двор, зялёная зона, лавачкі — месца адпачынку для дзяцей і дарослых. «Усё захапілі, дрэвы сьсеклі, абнесьлі плотам, дарогу засыпалі друзам», — кажуць жыхары дому № 111.

Чым новы дом перашкаджае мясцовым

  • Ня будзе вольнай тэрыторыі ля дамоў.
  • Пагоршыцца экалягічная сытуацыя: сьсеклі дрэвы, забяруць зялёную зону пад будаўнічую пляцоўку.
  • Паркоўка для новага дому будзе разьмешчана ля дому113А, у якім ужо жывуць людзі.
  • Паводле жыхароў пад пагрозай — жыцьцё і здароўе дзяцей, якія ходзяць у школу па дарозе, дзе будзе езьдзіць будаўнічая тэхніка.
  • Асноўная частка сьцяжынак, якія вядуць да паліклінік, крамаў, школаў перакрываюцца ў працэсе будаўніцтва.
  • Пэнсіянэры праз зруйнаваныя ходнікі і сьцяжынкі будуць мець праблемы, каб трапіць у паліклініку.
  • Санітарны разрыў ад аўтастаянак да зон адпачынку і дзіцячых пляцовак павінен быць ня менш 20 мэтраў. Дадзеная норма парушаная, лічаць жыхары.
  • Пабольшае нагрузка на старыя камунікацыі.
  • У вокны першага паверха дому № 113а ня будзе трапляць сонца
  • Парушаныя інтарэсы тысячы жыхароў кварталу.
  • Зацьверджаным Генэральным плянам мікрараёну дадзенае будаўніцтва не прадугледжвалася.

На каго спадзяюцца жыхары кварталу

Жыхары Быхаўскай распачалі збор подпісаў — ужо 200 чалавек паставілі свае аўтографы. Зварот яны накіруюць у адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, аблвыканкам, гарвыканкам, адміністрацыю раёну.

У лісьце людзі пішуць, што будаўніцтва дому — незаконнае, парушаныя нормы будаўніцтва, санітарна-гігіенічныя і іншыя.

Жыхар Лабанаў.
Жыхар Лабанаў.

«Аб будаўніцтве мы не былі праінфармаваныя належным чынам, і ня мелі магчымасьці выказаць сваё меркаваньне з нагоды пагаршэньня ўмоваў жыцьця, адпачынку, экалёгіі, парушэньня нарматываў будаўніцтва. Нашы інтарэсы былі парушаныя і не ўлічаныя. Мы ня кажам — хочам мы, ня хочам, а спасылаемся на канкрэтныя нормы заканадаўства, якія былі парушаныя», — кажа жыхар дому № 111 Аляксандр Лабанаў. У гэтым мікрараёне ён пражыў 44 гады.

Што кажуць жыхары Быхаўскай

Тацяна Цярлецкая.
Тацяна Цярлецкая.

Тацьцяна Цярлецкая жыве ў доме № 113а. Яна сьцьвярджае, што ніхто ня ведаў пра пляны будаўніцтва дому. Толькі пасьля таго, як у двары паставілі плот, на сайце адміністрацыі Савецкага раёну яны знайшлі прапанову паўдзельнічаць у грамадзкім абмеркаваньні гэтай будоўлі. Абвестка была разьмешчана ў 2017 годзе. «Мы жывём у даўно забудаваным квартале, і трэба быць проста параноікам, каб кожны дзень адчыняць сайт адміністрацыі Савецкага раёну ў пошуках нейкай пагрозы, якая падкрадаецца да нас», — тлумачыць жыхарка Гомелю.

Яна пераймаецца за сваіх суседзяў — пэнсіянэраў, якія праз стан здароўя не выходзяць з кватэраў. Новы дом засланіць ім сьвятло. «Сонца яны будуць бачыць толькі на карцінках і ў тэлевізары», — упэўнена Тацьцяна.

Пляцоўку ля іх дому «захопяць» пад паркоўку для навасёлаў. «У новым доме толькі 44 кватэры. А нас тут жыве больш за тысячу жыхароў. Чаму нашы інтарэсы, бальшыні, не ўлічваюцца? Нешта палепшыць свае жыльлёвыя ўмовы за наш кошт — чаму такая несправядлівасьць?», — абурана жыхарка Гомелю.

Пэнсіянэрка Элеанора Рудэнка плакала на сходзе. Яна мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, і цяпер, калі загарадзілі ходнікі, ня ведае, як трапіць у паліклініку па разьбітых на касагоры лесьвіцах.

Марыя Вавуткіна жыве тут з 1975 году, сама садзіла дрэвы, якія цяпер сьсеклі. «Што адміністрацыя нам зрабіла для добраўпарадкаваньня за гэтыя гады? Нічога. Новых дрэў не садзілі. Пляцоўка дзіцячая — адзін сорам. Лесьвіцы на касагоры разламаныя. З вазком маладым мамам няма дзе гуляць. Цяпер апошняе забіраць. Мы ніхто для дзяржавы», — кажа пэнсіянэрка.

Што прапануюць жыхары Быхаўскай

  • Спыніць будаўніцтва.
  • Новы дом пабудаваць у новым раёне «Швэдзкая горка».
  • «Яшчэ лепш — пабудаваць новы дом перад будынкам адміністрацыі Савецкага раёну. Там вялізарная вольная пляцоўка, дзе толькі некалькі сьцяжынак і кволых дрэўцаў. Хай там будуюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG