Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест лякарні багушэўскім пратэстоўцам абяцаюць дадатковы аўтобус у райцэнтар


Удзельнікі сходу каля багушэўскай лякарні. 18 кастрычніка
Удзельнікі сходу каля багушэўскай лякарні. 18 кастрычніка

З жыхарамі Багушэўску, якія пратэстуюць супраць закрыцьця лякарні і паліклінікі, сустрэўся старшыня Сеньненскага райвыканкаму і мясцовыя дэпутаты. Яны казалі, што мэдыцынскія ўстановы не закрываюць, а толькі рэарганізуюць.

Не лякарня, а дзённы стацыянар. Не паліклініка, а амбуляторыя

Стыхійны пратэст супраць закрыцьця мэдыцынскіх установаў у Багушэўску распачаўся 18 кастрычніка: каля сотні мясцовых жыхароў сабраліся ля ганку лякарні. Яны патрабавалі сустрэчы з раённымі ўладамі, каб давесьці, што пасёлак з насельніцтвам 2,5 тысячы чалавек нельга пакідаць без мэдыцынскага абслугоўваньня.

Падчас сходу 18 кастрычніка
Падчас сходу 18 кастрычніка

Да пратэстоўцаў прыехалі старшыня Сеньненскага райвыканкаму Васіль Чарэднік, прадстаўнікі сацыяльных службаў раёну, зьявіліся і мясцовыя дэпутаты. Яны спрабавалі пераканаць людзей, што мэдыцынскія ўстановы ў пасёлку чакае не закрыцьцё, а рэфармаваньне.

Прыкладам, паліклініка стане амбуляторыяй, дзе паводле графіку будуць прымаць розныя спэцыялісты. Што да шпіталя, то 27 месцаў аддадуць для пажылых людзей, якім патрэбен сталы мэдыцынскі догляд. Астатнія 7 месцаў будуць выкарыстаныя для дзённага стацыянару: хворыя, якія знаходзяцца дома «на бальнічным», будуць прыходзіць сюды для мэдыцынскіх працэдур — іньекцый, кропельніц ды іншага.

Жыхароў Багушэўску такая рэарганізацыя не задавальняе.

«На нашым здароўі проста хочуць зэканоміць»

Пэрспэктыва «дзённага стацыянару» ў мясцовым шпіталі — гэта спроба сзканоміць раённы бюджэт, лічыць пэнсіянэрка Сьвятлана Сямёнаўна.

Багушэўская пэнсіянэрка
Багушэўская пэнсіянэрка

«На дзённым стацыянары хворых ня трэба карміць тры разы на дзень, і лекі яны набудуць за ўласныя грошы. Гэтая першая эканомія. Другая — з тымі „сацыяльнымі ложкамі“, якія ў шпіталі хочуць зрабіць. За іх жа плацяць з пэнсіі ўтрыманцаў! А што будзе з намі, калі захварэем? Ехаць у Сеньненскі шпіталь сваім ходам?» — абураецца пэнсіянэрка.

Ехаць у райцэнтар давядзецца ў любым выпадку: амбуляторыя, якую абяцаюць стварыць замест паліклінікі, ня зможа выканаць усіх належных функцый. Напрыклад, ня дасьць «бальнічны». Давядзецца ехаць у сеньненскую паліклініку і каб здаць аналізы. З улікам таго, што аўтобус у Сянно ходзіць з Багушэўску 2-3 разы на дзень, такая паездка займае да 12 гадзін, кажуць мясцовыя жыхары.

Пасьля сходу. Людзі засталіся незадаволеныя
Пасьля сходу. Людзі засталіся незадаволеныя

Старшыня райвыканкаму Васіль Чарэднік паабяцаў, што будзе арганізаваны яшчэ адзін аўтобусны рэйс. Аднак гэта не вырашае праблему мэдыцынскай дапамогі, лічаць людзі. Жыхары Багушэўску зьбіраюцца пісаць скаргі з дапамогай праваабаронцаў і не выключаюць верагоднасьці новых вулічных пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG