У Сьветлагорску і Берасьці на мінулых выходных пратэставалі супраць новых заводаў, якія мясцовыя жыхары лічаць небясьпечнымі для свайго здароўя. Свабода склала мапу самых гарачых пратэстаў на глебе будаўніцтва*.
Жыхары могуць спыніць нават дзяржаўнага забудоўшчыка
*Да ўвагі браліся адкрытыя канфлікты, дзе мясцовыя жыхары актыўна выступаюць супраць забудоўшчыкаў ці інвэстараў
«У апошнія 8 год канфлікты паміж мясцовымі жыхарамі і забудоўшчыкамі здараюцца рэгулярна», — лічыць Дзяніс Кобрусеў, кіраўнік таварыства «Горад для гараджан».
«Падаецца, што трэнду актыўнасьці няма, — сказаў Дзяніс Кобрусеў Свабодзе. — Бываюць усплёскі канфліктаў, як цяпер у Першамайскім раёне Менску. Але нельга казаць пра валавы плян уладаў пагаршаць жыцьцё мясцовым жыхарам».
У навінах часта можна прачытаць, як жыхары адстойваюць сваю тэрыторыю і забудоўшчыкі сыходзяць. Дзяніс Кобрусеў з калегамі бачаць тры асноўныя фактары, якія прыводзяць да посьпеху ў змаганьні за сваю тэрыторыю.
Па-першае, трэба ведаць заканадаўства, адсочваць парушэньні, удзельнічаць у грамадзкім абмеркаваньні. Сюды варта аднесьці камунікацыю зь дзяржаўнымі органамі, бо часта сярод некаторых зь іх можна знайсьці хаўрусьнікаў.
«Здараюцца выпадкі, калі адны дзяржаўныя органы выступаюць за будоўлю, а іншыя — супраць», — кажа Дзяніс.
Па-другое, неабходны грамадзкі рэзананс. Згадкі ў СМІ, абмеркаваньні на форумах, за ўсім гэтым сочаць улады. Пад ціскам мэдыяў чыноўнікі могуць перастаць даваць адпіскі.
Па-трэцяе, трэба разумець, хто стаіць за будоўляй. Гэта могуць быць бізнэсоўцы рознай вагі ці дзяржаўныя УКБ (упраўленьні капітальнага будаўніцтва. — РС). У нейкім выпадку ўлады пойдуць на саступкі. Але калі гэта завод, пабудаваны на шматмільённыя кітайскія крэдыты, то ня будзе гаворкі, каб яго не запусьцілі.
«Трэба разумець, зь якімі сіламі вядзецца барацьба. Але ёсьць выпадкі, калі ўдавалася вырашыць пытаньне і зь дзяржаўным забудоўшчыкамі. Адстойваць свае інтарэсы варта ў любым выпадку», — лічыць Дзяніс.
Можна знайсьці кампраміс паміж уладамі і грамадзкасьцю
Часта здараецца, што жыхары знайшлі парушэньне заканадаўства пры будаўніцтве і пішуць запыты ў выканкам і пракуратуру. Але атрымліваюць адпіскі, а працы працягваюцца. За кім з уладаў звычайна апошняе слова?
«Чыноўнікі шукаюць пралазы, каб нічога не рабіць, і самі адмыслова заблытваюць людзей. Спыняць будаўніцтва павінны праваахоўныя органы перадусім. Гэта Камітэт дзяржаўнага кантролю і пракуратура».
Калі чыноўнікі ні на што не рэагуюць, трэба зноў зьвяртацца ў пракуратуру са скаргай аб бязьдзеяньні службовых асобаў.
«Іншага шляху няма, — кажа Дзяніс Кобрусеў. — У любой іншай краіне будаўніцтва можна было б спыніць праз суд. А ў нас судовая сыстэма не працуе. Суд альбо зусім не прымае такую заяву, альбо спыняе справу пасьля першых разглядаў».
Барацьба з забудоўшчыкам можа зацягвацца на гады. За гэты час усе суседзі перазнаёмліваюцца. Але ці стварае гэта мясцовую супольнасьць?
«Калі праблема вырашаецца, ці не вырашаецца, аб’яднаныя групы схільныя распадацца. Часам пасьля ўдалай барацьбы людзі пачынаюць займацца ўпарадкаваньнем раёну, і тады можна казаць пра фармаваньне мясцовай супольнасьці. Але такое нячаста здараецца».