Паводле Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак у Салігорскім раёне — найвышэйшы па краіне — у сьнежні 2018 году склаў 2110,3 рубля. Гэта ажно на 623,4 рубля, ці 42% болей, чым было ў лістападзе 2018 году. Як так атрымалася?
Топ-5 раёнаў з найвышэйшым сярэднім заробкам у сьнежні 2018 (у рублях)
- Салігорскі — 2110,3 (+ 623,40 да лістападу)
- Менскі — 1301,2 (+110,10)
- Рэчыцкі — 1175,1 (+100,50)
- Дзяржынскі — 1159,8 (+112,30)
- Астравецкі — 1084,7 (+186,40)
Для параўнаньня, у лістападзе 2017 году сярэдні заробак у Салігорскім раёне складаў 1127,4 рубля, а ў сьнежні 2017 — 1449,7 рубля. Свабода разьбіралася, што спрычынілася да такога істотнага падвышэньня выплатаў.
«Белстат канстатуе факт»
З чым зьвязаны такі значны рост заробку ў Салігорскім раёне, калі ў астатніх раёнах Беларусі ён быў значна меншы? Такой інфармацыі ў Белстаце няма.
«Белстат канстатуе факт. Аналіз прычынаў росту ці зьніжэньня заробку не ўваходзіць у кампэтэнцыю Белстату», — сказалі ў прэс-службе Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь.
Не далі ў Белстаце інфармацыі і пра тое, на якім прадпрыемстве ў Салігорскім раёне былі самыя высокія заробкі, а на якім — самыя нізкія.
«Больш за 40% работнікаў раёну занята ў апрацоўчай галіне»
У Салігорскім райвыканкаме таксама не назвалі самых багатых і самых бедных прадпрыемстваў.
«Я магу сказаць толькі па галінах, па прадпрыемствах у нас няма. У нас у лідэрах апрацоўчая галіна прамысловасьці, дзе занята больш за 40% работнікаў раёну. А самы малы — гэта можа быць бюджэтная сфэра, сфэра „іншых паслуг“, як гэта значыцца ў статыстыцы», — сказала карэспандэнту Свабоды начальнік упраўленьня працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Салігорскага райвыканкаму Ніна Новікава.
Чым яна тлумачыць такі значны рост заробку па раёне?
«Прадпрыемства ня можа падвысіць заробак, калі ўзровень прадукцыйнасьці працы не расьце. Павялічваюцца аб’ёмы вытворчасьці, і атрымліваецца дадатковая выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго работніка. Гэтыя ўмовы ў Салігорскім раёне захоўваліся. Адным з крытэраў росту заробку было павелічэньне прадукцыйнасьці працы».
Таксама, паводле Ніны Новікавай, адбылося павелічэньне заробкаў у бюджэтнай сфэры.
«Бюджэтнікам былі падвышаныя тарыфныя стаўкі і асобным катэгорыям вызначаны штомесячныя даплаты. Гэта таксама пацягнула за сабой павелічэньне ў цэлым па раёне. У нас расьце ня толькі намінальны, але і рэальны заробак. Таксама былі выручаныя сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасьці, якія таксама накіроўваліся на павелічэньне заробку».
Ніна Новікава таксама не назвала, якім быў сярэдні заробак супрацоўнікаў райвыканкаму.
«Быў выплачаны 13-ы заробак. Вось і ўсе разборкі»
На ААТ «Беларуськалій» таксама не назвалі, якім быў сярэдні заробак на прадпрыемстве ў лістападзе-сьнежні мінулага году. Але начальнік аддзелу працы і заробку Cяргей Бараноўскі патлумачыў, чаму адбыўся рост.
«На нашым прадпрыемстве ў сьнежні быў выплачаны так званы 13-ы заробак, альбо ўзнагароджаньне па выніках працы за год. Таму ў сьнежні і вырас заробак на нашым прадпрыемстве. А значыць, і ў Салігорскім раёне, як напісана ў статыстыцы, на 623 рублі. Вось і ўсе разборкі».
Паводле Сяргея Бараноўскага, статыстыка зрабіла ўсё правільна і на падставе афіцыйных дадзеных.
У незалежным прафсаюзе гарнякоў карэспандэнту Свабоды сказалі, што сярэдні заробак гарнякоў — да 2,5 тысячы рублёў.
А вось, напрыклад, на ААТ «Бальшавік-Агра» ў лістападзе было 634 рублі, а ў сьнежні — крыху больш за 680.