Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З цэнтральных вуліц Салігорску прыбяруць «Табакеркі», экспансію якіх ухваліў Лукашэнка


Тытунёвы шапік каля царквы ў вёсцы Лужкі Віцебскай вобласьці
Тытунёвы шапік каля царквы ў вёсцы Лужкі Віцебскай вобласьці

Салігорскі райвыканкам паабяцаў аўтарам пэтыцыі прыбраць шапікі «Табакерка» па продажы тытуню з прыпынкаў грамадзкага транспарту.

Шапікі належаць кампаніі «Энерга-Оіл», падкантрольнай аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну. Паводле СМІ, Аляксандар Лукашэнка даручыў яму стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Аўтары пэтыцыі прасілі забараніць усталёўваньне шапікаў па продажы тытунёвых вырабаў на прыпынках грамадзкага транспарту ў Салігорску, бо яны «прапагандуюць нездаровы лад жыцьця».

Намесьнік старшыні Салігорскага райвыканкаму Дзьмітры Тарлецкі адказаў на пэтыцыю, якую падпісалі сто грамадзянаў. Ён паведаміў, што райвыканкам перагледзеў месцы разьмяшчэньня гандлёвых павільёнаў «Табакерка».

«Гэтыя павільёны плянуецца ўстанаўліваць унутры жылых мікрараёнаў, а таксама ў прамысловых зонах Салігорскага раёна. Устаноўка гандлёвых павільёнаў „Табакерка“ на прыпынках грамадзкага транспарту, а таксама ўздоўж галоўных вуліц горада не плянуецца. Павільёны, устаноўленыя раней на галоўных вуліцах горада, будуць дэмантаваныя», — паведаміў Дзьмітры Тарлецкі.

«Табакеркі» пачалі зьяўляцца паводле прэзыдэнцкага ўказу «Аб рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту». Гэты праект скіраваны на ўдасканаленьне парадку аптовага і раздробнага гандлю тытунёвымі вырабамі.

На прыпынках у Салігорску «Табакерак» ня будзе

Цяпер у Салігорску ўсталявана каля 10 шапікаў «Табакерка». Галоўны архітэктар Салігорскага райвыканкаму Валянцін Стасюкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што старшыня райвыканкаму яшчэ канчаткова не зацьвердзіў рашэньне адносна месцаў усталяваньня тытунёвых шапікаў.

«Шапікі былі ўсталяваныя да прыняцьця афіцыйнага рашэньня. Цяпер яны разглядаюцца як сэзонныя аб’екты гандлю — часовыя. Таму мы выслалі прадпісаньне, каб гэтыя шапікі дэмантавалі, бо іх устаноўка самавольная. Пазьней быў перагледжаны фармат іх устаноўкі. Я прапанаваў пераносіць іх углыб дваровых тэрыторый, каб яны не псавалі выгляд галоўных вуліц».

У сельскай мясцовасьці «будзе выконвацца сацыяльная нагрузка» — «Табакеркі» ўсталёўваюць разам з новымі павільёнамі прыпыначных пунктаў грамадзкага транспарту. Але ў самім Салігорску тытунёвых шапікаў на прыпынках ня будзе.

«Кіраўніцтва гораду сказала катэгарычна не, бо прыпыначныя павільёны будуць рабіцца эстэтычна выразнымі і ніякіх „Табакерак“ там не павінна быць», — сказаў Стасюкевіч.

Пэтыцыя супраць «Табакерак» зьявілася ў Берасьці

За ліквідацыю тытунёвых шапікаў пачалі кампанію і берасьцейцы. Адпаведную пэтыцыю разьмясьціла некамэрцыйная ўстанова «За свой горад».

Паводле аўтараў пэтыцыі, усталяваньне тытунёвых шапікаў на прыпынках грамадзкага транспарту парушае рашэньне Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў, якое забараняе разьмяшчаць такія аб’екты на адлегласьці да 500 мэтраў ад устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту.

«Падобная практыка рэалізацыі тытунёвай прадукцыі дыскрэдытуе ідэю здаровага ладу жыцьця і зводзіць на нішто ўсе папярэднія станоўчыя вынікі дзяржавы, накіраваныя на зьніжэньне ўзроўню спажываньня тытуню», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Супраць разьмяшчэньня на вуліцах Менску 500 тытунёвых кіёскаў падпісаліся на плятформе Petitions.by больш за 360 чалавек. Аднак у Менгарвыканкаме парушэньняў ня ўбачылі.

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

Алексін, верагодна, адзін з найбагацейшых людзей Беларусі. У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» ён займае 6-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG