Дэпутат Вярхоўнай Рады і герой Украіны Надзея Саўчанка, якая цяпер знаходзіцца ва ўкраінскай турме паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэракту, пажадала ўкраінскаму рэжысэру Алегу Сянцову, які абвясьціў галадоўку ў расейскай турме, «не паўтарыць ейнага лёсу».
Заява Саўчанкі разьмешчаная на яе старонцы ў Facebook.
«Я шчыра спадзяюся, што Алега Сянцова абміне мой лёс, калі з чалавека спачатку робяць героя, а потым робяць антыгероя ў сваёй краіне. Ад усёй душы жадаю Алегу не патрапіць у жорны палітычнай аўтарытарнай машыны ва Ўкраіне», — напісала Саўчанка, дадаўшы, што далучаецца да акцыяў у яго падтрымку.
Паводле яе перакананьня, у Сянцова пасьля вызваленьня ёсьць тры шляхі: сысьці ў цень і мець творчы супакой, пажадаць славы і стаць «прэзыдэнцкай марыянэткай» або пачаць змагацца зь «несправядлівай сыстэмай» ва Ўкраіне.
Саўчанка была ў 2016 годзе асуджаная ў Расеі паводле абвінавачваньня ў датычнасьці да забойстваў расейскіх грамадзянаў у Данбасе, а затым абмяняная на расейцаў. Ва Ўкраіне і ў іншых краінах сьвету праходзілі акцыі за вызваленьне Саўчанкі. У сакавіку сёлета яна зноў апынулася пад вартай — але ўжо ў Кіеве. Ёй інкрымінуюць падрыхтоўку тэракту ў Вярхоўнай Радзе.
14 траўня ўкраінскі рэжысэр Алег Сянцоў, засуджаны ў Расеі на 20 гадоў калёніі паводле абвінавачваньня ў падрыхтоўцы тэракту ў Крыме, абвясьціў пра бестэрміновую галадоўку, патрабуючы вызваліць украінскіх палітвязьняў, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах.
28 траўня ў Фэдэральнай службе Расеі па выкананьні пакараньняў заявілі, што Алег Сянцоў пагадзіўся на тэрапію падтрымкі.
Паводле дадзеных Украінскай праваабарончай ініцыятывы LetMyPeopleGo цяпер у Расеі паводле палітычных матываў асуджаныя 64 украінцаў. Гэтую ж лічбу, абвяшчаючы галадоўку, называў і Сянцоў.