Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Украіны дазволіў арыштаваць Надзею Саўчанку. Яе затрымалі


Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала звароты Генэральнай пракуратуры аб зьняцьці дэпутацкай недатыкальнасьці з народнага дэпутата, Героя Ўкраіны Надзеі Саўчанкі, прыцягненьні яе да крымінальнай адказнасьці, затрыманьні і арышце. Адпаведныя рашэньні па кожным пункце падтрымалі амаль 300 з 346 зарэгістраваных на паседжаньні ў сэсійнай залі дэпутатаў парлямэнту.​

Адразу пасьля галасаваньня сьледчы зачытаў ёй паведамленьне аб падазрэньні і прапанаваў накіравацца ў Службу бясьпекі Ўкраіны для складаньня акту аб затрыманьні. Надзея Саўчанка адмовілася ехаць у аўтамабілі сьледчых і прапанавала накіравацца ў СБУ пешшу. Верагодна, ужо сёньня адбудзецца і паседжаньне суду, які мае абраць для яе меру стрыманьня. Раней генэральны пракурор Юры Луцэнка казаў, што пракуратура будзе прасіць суд аб арышце Надзеі Саўчанкі.

Паводле сьледчых Генпракуратуры Ўкраіны, Надзея Саўчанка нібыта рыхтавала абстрэл Вярхоўнай Рады і Адміністрацыі прэзыдэнта, захоп уначы будынка парлямэнту, а таксама напад на памяшканьні прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава, сакратара Рады нацбясьпекі і абароны Аляксандра Турчынава і іх забойства.

Дэпутатам прадэманстравалі шэраг апэратыўных аўдыё- ды відэазапісаў, якія меліся пацьвердзіць сапраўднасьць намераў Надзеі Саўчанкі ўчыніць тэракт і вайсковы пераварот — у змове з арыштаваным раней кіраўніком украінскага цэнтру ў справе вызваленьня палонных «Афіцэрскі корпус» Уладзімерам Рубанам, а таксама з баевікамі самаабвешчаных ЛНР-ДНР.

Акцыя прыхільнікаў і праціўнікаў Саўчанкі каля Вярхоўнай Рады
Акцыя прыхільнікаў і праціўнікаў Саўчанкі каля Вярхоўнай Рады

На паседжаньне рэглямэнтнага камітэту парлямэнту, які сёньня раніцай папярэдне разглядаў абгрунтаванасьць адпаведных хадайніцтваў Генпракуратуры, Надзея Саўчанка прынесла з сабою садавіну — два гранаты. «Вельмі важна паказаць зараз вам, што вы ходзіце вельмі блізка да сьмерці. Вас усіх палохае, былі ў мяне гранаты ў сумачцы ці не былі? Былі ў мяне гранаты. Гранаты былі. Вось. Гранаты былі», — сказала Надзея Саўчанка, дастаўшы садавіну з сумкі і паклаўшы яе на стол перад дэпутатамі.

Надзея Саўчанка таксама заявіла, што ўсе размовы пра падрыхтоўку тэрарыстычных актаў падтрымлівала наўмысна, бо выявіла, што да яе былі «прыстаўленыя» агенты Службы бясьпекі Ўкраіны, якія правакавалі на такія дзеяньні.

«Вы шукаеце ворага ў народзе. Шукайце ворага сярод сябе. Я паказала ўкраінцам, што сытуацыю ўскалыхнуць можна, паказала ўсяму сьвету, наколькі ў нас несур’ёзная палітыка. Мне шкада, што прыйшлося паказаць такім чынам», — падкрэсьліла народны дэпутат.

Надзея Саўчанка таксама заявіла пра намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны, чарговыя выбары якога маюць адбыцца ў 2019 годзе. «Я буду, і мы пабачым, што з гэтага выйдзе. Можа, для вас гэта будзе сьмешна і недарэчна, але, можа, хтосьці чакае гэтага», — сказала яна.

Падчас службы ў добраахвотніцкім батальёне «Айдар» на Данбасе Надзея Саўчанка трапіла ў палон да незаконных узброеных фармаваньняў самаабвешчаных ЛНР-ДНР, якія потым перадалі яе на тэрыторыю Расеі. Яна прабыла ў расейскай турме зь ліпеня 2014 да траўня 2016 году, была асуджаная расейскім судом на 22 гады пазбаўленьня волі. Але ў выніку палітычных дамоўленасьцяў яе вызвалілі, абмяняўшы на двух расейскіх вайскоўцаў, затрыманых і асуджаных ва Ўкраіне за ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны. Пасьля вяртаньня ва Ўкраіну прэзыдэнт Пятро Парашэнка прысвоіў Саўчанцы званьне Героя Ўкраіны.

У парлямэнт Надзея Саўчанка была абраная паводле сьпісу партыі Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына», але зь цягам часу яе выключылі з аднайменнай парлямэнцкай фракцыі за парушэньне партыйнай дысцыпліны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG