Псыхалягічная экспэртыза з ужываньнем паліграфа («дэтэктара хлусьні») дазволіла украінскім спэцслужбам прыйсьці да высновы аб тым, што дэпутатка Вярхоўнай Рады Надзея Саўчанка асабіста рыхтавала гвалтоўнае зьвяржэньне канстытуцыйнага ладу, плянуючы зрабіць тэракт і ажыцьцявіць узброены захоп улады на Украіне. Пра гэта гаворыцца на сайце Службы бясьпекі Украіны (СБУ).
Паводле дадзеных сьледзтва, якое спасылаецца на паказаньні паліграфа, у спробе ажыцьцявіць задуманае падазраваная «шукала і перавозіла зброю», «абмяркоўвала з саўдзельнікамі ... выразны плян забойства кіраўнікоў» краіны і мела намер «зрабіць тэракт ва Ўрадавым квартале і ў будынку Вярхоўнай Рады».
Сястра падазраванай Вера Саўчанка абвінаваціла СБУ ў хлусьні, камэнтуючы ў эфіры тэлеканалу «112 Украіна» вынікі тэставаньня Надзеі Саўчанкі на паліграфе. Паводле Веры Саўчанкі, адвакаты яе сястры прыйшлі да высновы, што пытаньні насілі тэндэнцыйны абвінаваўчы характар і што сілавікі адмовіліся далучаць да тэсту на дэтэктары пытаньне ад абароны.
Надзея Саўчанка атрымала званьне героя Украіны і была выбрана ў Вярхоўную Раду, знаходзячыся ў зьняволеньні ў Расеі, дзе яе абвінавацілі ў злачынствах падчас вайны ў Данбасе. Яна была абмененая на палонных расейцаў. Сёлета ў сакавіку яна была арыштаваная паводле падазрэньня ў падрыхтоўцы сямі крымінальных злачынстваў з мэтай дзяржаўнага перавароту. Паводле дадзеных сьледзтва, яна мела намер абстраляць дамы ва ўрадавым квартале Кіева і забіць кіраўніцтва дзяржавы, а ўначы захапіць будынак Вярхоўнай Рады.