Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сажы ня ўбачылі». Як чыноўнікі пераконвалі, што хімічнае прадпрыемства ня шкодзіць навакольлю


Прадпрыемства «Омск карбон Магілёў»
Прадпрыемства «Омск карбон Магілёў»

Прадпрыемства з расейскім капіталам «Омск Карбон Магілёў» не прызнала факту выкіду ў атмасфэру шкодных рэчываў, якія перавысілі дапушчальную канцэнтрацыю. Тым часам жыхары прыгараднага пасёлку Вейна, які меней чым за кілямэтар ад заводу тэхнічнага вугляроду настойваюць, што «іх накрыла сажай».

Чыноўнік: «Канкрэтна я ня бачыў сажы»

Сваю пазыцыя прадстаўнікі прадпрыемства агучылі на сустрэчы пасялкоўцаў з працоўнай групай Магілёўскага аблвыканкаму. Дырэктар па будаўніцтве «Омск Карбон Магілёў» Мікалай Крывіцкі заявіў:

«На мяжы санітарна-ахоўнай зоны не было зафіксавана перавышэньня».

Дырэктар па будаўніцтве «Омск Карбон Магілёў» Мікалай Крывіцкі. Ён гарантаваў, што прадпрыемства бясьпечнае
Дырэктар па будаўніцтве «Омск Карбон Магілёў» Мікалай Крывіцкі. Ён гарантаваў, што прадпрыемства бясьпечнае

Людзям ён казаў, што разумее іхную заклапочанасьць, бо «усё новае ўспрымаецца ў штыхі». Паводле яго, на прадпрыемства будзе змантажавана аўтаматызаваная сыстэма кантролю за сытуацыяй з выкідамі шкодных рэчываў з амэрыканскімі фільтрамі. Яна ўжо набытая. Выказаў гатоўнасьць ахвотных запрасіць на завод, калі яго будуць запускаць, і гарантаваў яго бясьпеку. Крывіцкі запэўніваў, што прадпрыемства спынілі пасьля спраўджваньня працы сыстэм, а не праз выкід у атмасфэру шкодных рэчываў.

У сваю чаргу чыноўнікі спрабавалі запэўніць людзей, што прадпрыемства ня шкодзіць навакольлю, а дзяржаўныя органы не дазволяць яго запусьціць, калі будуць выяўленыя парушэньні. На пытаньне пасялкоўцаў, чаму ў іх кватэрах быў чорны налёт, не адказалі.

«Я ня ведаю, што было ў кватэрах. Канкрэтна я ня бачыў сажы...», — заявіў на сустрэчы адзін з прадстаўнікоў працоўнай групы.

Пра перавышэньне нарматыву па цьвёрдых крупінках у 40 разоў на сустрэчы ня згадвалі.

Зьвесткі пра выкід сажы з заводу тэхнічнага вугляроду ў ноч з 17 на 18 лістапада распаўсюдзілі ў сацыяльных сетках пасялкоўцы. Пабачыўшы на вуліцы пачарнелы сьнег, а на вокнах і гаўбцах чорны налёт, людзі пачалі тэлефанаваць у абласны камітэт аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя.

Пазьней з адказу намесьніка старшыні камітэту прыродных рэсурсаў Канстанціна Цеплякова людзі даведаліся, што ў пасёлку было выяўлена перавышэньне нарматыву па цьвёрдых крупінках у 40 разоў. Пры нарматыве 17,01 мг/м³ фактычная колькасьць гэтых крупінак была 690,17 мг/м³.

Сустрэча пра бясьпеку хімічнага прадпрыемства праходзіла ў кабінэце старшыні сельсавету. Пакой быў поўны людзей
Сустрэча пра бясьпеку хімічнага прадпрыемства праходзіла ў кабінэце старшыні сельсавету. Пакой быў поўны людзей

«Аб’ект прыпынены для правядзеньня поўнай рэвізіі тэхналягічнага абсталяваньня на цэласнасьць і спраўнасьць», — адзначалася ў лісьце чыноўніка.

У ім жа гаварылася, што для ацэнкі сытуацыі на прадпрыемстве запрошаныя адмыслоўцы з Омску і Валгаграду ў Расеі. Абсталяваньне спыненае і падрыхтаванае да працяглага прастою, пісаў Цеплякоў.

На сустрэчы гэтыя зьвесткі былі абвергнутыя. Паводле прадстаўнікоў прадпрыемства, яно спынілася, адпрацаваўшы рэсурс пусканаладачных работ.

Ад патэнцыйнай крыніцы забруджаньня да пасёлку 1006 мэтраў

Жыхары Вейна скардзіліся ў абласную пракуратуру. Патрабавалі прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у забруджваньні, а таксама кампэнсаваць маральную і матэрыяльную шкоду пацярпелым пасялкоўцам.

Накіравалі зварот на імя старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага. У ім людзі патрабавалі даць адказы на пытаньні, зьвязаныя з экалягічнай бясьпекай хімічнага прадпрыемства.

Некаторыя пасялкоўцы ня могуць адмыць падваконьнікі ад чорнага налёту і праз тры месяцы. У адной з кватэраў на вуліцы Школьнай у пасёлку
Некаторыя пасялкоўцы ня могуць адмыць падваконьнікі ад чорнага налёту і праз тры месяцы. У адной з кватэраў на вуліцы Школьнай у пасёлку

Зварот падпісалі 29 чалавек, якіх запрасілі на сустрэчу з працоўнай групаў у сельсавет. На яе прыйшло значна больш пасялкоўцаў. Невялікі кабінэт старшыні сельсавету ўсіх не ўмясьціў. Людзі стаялі ў калідоры. Патрабавалі, каб абмеркаваньне сытуацыі адбылося ў пасялковым доме культуры. Чыноўнікі з гэтым не пагадзіліся.

Калі Лукашэнка дазволіць, поле засадзяць дрэвамі

З адказаў чыноўнікаў вынікала, што парушэньняў пры будаўніцтве заводу і яго праектаваньні не было. Пляцоўку пад прадпрыемства выбіраў расейскі інвэстар, не хавалі яны.

Пасялкоўцы ж настойвалі, што завод узьвялі ад пасёлку за 873 мэтры, што ёсьць парушэньнем заканадаўства. Чыноўнікі на гэта рэагавалі: адлегласьць ад крыніц забруджваньня складае 1006 і 1020 мэтраў пры неабходным паводле заканадаўстве 1000.

Поле, якое абяцаюць засадзіць дрэвамі, калі дазволіць Лукашэнка
Поле, якое абяцаюць засадзіць дрэвамі, калі дазволіць Лукашэнка

Яны пагадзіліся засадзіць поле, якое між пасёлкам і заводам хуткарастучымі пародамі дрэваў. Пры гэтым адзначылі, што рашэньне пра яго вывад зь сельгасабароту мае зацьвердзіць Аляксандар Лукашэнка. А пакуль гэтае поле будзе засявацца тэхнічнымі культурамі.

Паводле жыхароў, лесапаласу, якая магла выратаваць пасёлак ад шкодных рэчываў з хімічнага прадпрыемства істотна прарэдзілі. Новая ж будзе расьці не адзін дзясятак гадоў. Тым часам, наракалі людзі, ужо цяпер у «пасёлку не прадыхнуць» ад іншых недалёкіх ад яго прадпрыемстваў. Вынікамі сустрэчы пасялкоўцы засталіся не задаволеныя. Чыноўнікі ж паабяцалі яшчэ адну сустрэчу.

Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч пра «Омск карбон Магілёў» — «добрае прадпрыемства»

На першай лініі прадпрыемства зьбіраюцца вырабляць 40 тысяч тон вугляроду. Яе запуск заплянаваны на сакавік 2019-га. Як заяўляецца, яшчэ праз год прадпрыемства наладзіць выраб 200 тысяч тон прадукцыі за год. 3/4 прадукцыі маюць намер экспартаваць.

Такімі ўлёткамі найбольш актыўныя пратэстоўцы запрашалі на сустрэчу
Такімі ўлёткамі найбольш актыўныя пратэстоўцы запрашалі на сустрэчу

Здарэньне адбылося неўзабаве пасьля выпуску першай прадукцыі. 6 лістапада з рэалізацыяй інвэстыцыйнага праекту зь бюджэтам 135 мільёнаў эўра знаёміўся старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч. Ён сказаў тады, што «Омск карбон Магілёў» — «добрае прадпрыемства».

Прадпрыемства «Омск карбон Магілёў» узьвялі на 4 участку Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў». Прамысловая зона — менш як за дзесяць кілямэтраў ад Магілёва

Пасялкоўцы пратэставалі супраць хімічных прадпрыемстваў

У 2016 годзе жыхары пасёлку і суседняй вёскі Навасёлкі на грамадзкіх слуханьнях выказваліся супраць таго, каб у іх пад бокам выраблялі тэхнічны вуглярод. Нагодай для абмеркаваньня тады сталіся намеры павялічыць аб’ёмы яго выпуску. На сходзе людзі вінавацілі раённыя ўлады ў пагардлівым стаўленьні да здароўя насельніцтва. Чыноўнікі супакойвалі.

Працоўная сустрэча Магілёўскага аблвыканкаму
Працоўная сустрэча Магілёўскага аблвыканкаму

«Нэгатыўнага ўзьдзеяньня на атмасфэрнае паветра і здароўе насельніцтва на дасьледаванай тэрыторыі не чакаецца», — казаў намесьнік старшыні райвыканкаму па эканоміцы Мікалай Шапялевіч.

Дырэктар жа прадпрыемства Міхаіл Караваеў прызнаваў: выраб прадукту нясе экалягічную нагрузку, але ў параўнаньні з іншымі заводамі, дадаў ён, не настолькі вялікую.

У Вейне чуваць рэзкі пах мэблевага ляку. Паводле пасялкоўцаў, гэта вынік працы яшчэ аднаго хімічнага прадпрыемства — «Кранаспан». Супраць яго таксама пратэставалі ў Вейне і Навасёлках. Пратэсты, аднак, не паўплывалі на пазыцыю ўлады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG