Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне стартавала прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. 6 адметных фактаў


Працэс рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта будзе трываць да 3 лютага, а выбары кіраўніка ўкраінскай дзяржавы адбудуцца праз тры месяцы — у апошні дзень сакавіка.

Згодна з украінскім заканадаўствам, вылучацца кандыдатамі на прэзыдэнта маюць права як прадстаўнікі палітычных партый (парлямэнцкіх і непарлямэнцкіх), так і пазапартыйныя грамадзяне Ўкраіны шляхам самавылучэньня.

Колькасьць кандыдатаў

Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне заўсёды былі канкурэнтнымі. У 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21. Як сьледзтва, у першым туры ўкраінцы выбіралі кіраўніка дзяржавы толькі двойчы, у найбольш вызначальныя для незалежнасьці краіны пэрыяды — на першых выбарах у 1991 годзе (тады балятаваліся толькі 7 кандыдатаў), і на апошніх — у 2014-м (яны былі прызначаныя пазачаргова, паколькі абраны прэзыдэнтам у 2010 годзе Віктар Януковіч уцёк з краіны ў выніку масавых акцыяў пратэсту 2013-2014 гадоў, Крым быў анэксаваны Расеяй, а на ўсходзе Ўкраіны распачаліся баявыя дзеяньні).

Цяперашнія выбары могуць стаць рэкорднымі — цягам году аб прэзыдэнцкіх амбіцыях заяўлялі больш як 50 палітыкаў і грамадзян, але свой намер балятавацца пакуль што пацьвердзілі 36 палітыкаў.

Сацыёлягі, вывучаючы грамадзкую думку, вызначылі «дзясятку» патэнцыйных кандыдатаў.

Паводле апытаньняў фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», лідзіруюць Юлія Цімашэнка (16,1%) і Пятро Парашэнка (13,8%). Далей ідуць гумарыст Уладзімер Зяленскі (8,8%), прадстаўнік папярэдняй партыі ўлады Юры Бойка (8,4%), экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка (6,8%), лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (6,9%), яшчэ адзін прадстаўнік былой партыі ўлады Яўген Мураеў (3,1%), сябра партыі «УКРОП» Аляксандар Шаўчэнка (2,9%), сьпявак Сьвятаслаў Вакарчук (2,6%) і мэр Львова Андрэй Садавы (2,4%).

У пераліку прэтэндэнтаў і два былыя амбасадары Ўкраіны ў Беларусі — Раман Бязсьмертны і Валянцін Налівайчанка. Аднак паводле сацыялягічных апытаньняў, яны не набіраюць нават аднаго адсотку галасоў выбаршчыкаў.

Але і лідэрства ў сацыялягічных апытаньнях яшчэ не гарантуе перамогу на выбарах. Асабліва, калі ўлічваць, што за апошнія чатыры гады зьменшылася колькасьць грамадзян, якія ўпэўнена заяўляюць аб сваім удзеле ў выбарах. Перад выбарамі-2014 аб намеры прагаласаваць заяўлялі 60% выбаршчыкаў, а цяпер — 42%. Адпаведна павялічылася і колькасьць грамадзян, якія яшчэ ня вызначыліся або дакладна ня пойдуць на выбары — цяпер іх 23% супраць 20% у 2014-м.

Балятавацца можа толькі заможны

Але ў выбарчы бюлетэнь трапяць ня ўсе прэтэндэнты. Першы адсеў адбудзецца ўжо на першым этапе — рэгістрацыі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Заканадаўства прадугледжвае неабходнасьць унясеньня закладу ў памеры 2,5 мільёнаў грыўняў (крыху менш, як 100 тысяч даляраў у эквіваленце). Вярнуць гэтыя грошы зможа толькі пераможца — заклады ўсіх іншых кандыдатаў на прэзыдэнта па завяршэньні выбараў будуць пералічаныя ў дзяржаўны бюджэт.

Сёлета ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны Цэнтральная выбарчая камісія атрымала магчымасьць адмаўляць у рэгістрацыі кандыдатам прадстаўнікам партый, якія ў сваёй дзейнасьці прапагандуюць камуністычны ці іншыя таталітарныя рэжымы ды іхнюю сымболіку. Такая норма ўнесеная ў выбарчае заканадаўства пасьля ўхваленьня пакету законаў аб дэкамунізацыі. Ад удзелу ў выбарчай кампаніі кандыдат можа адмовіцца і сам, але адпаведную заяву ён мусіць накіраваць у ЦВК да 7 сакавіка.

Датэрміновага галасаваньня няма

Ва Ўкраіне адсутнічае магчымасьць датэрміновага волевыяўленьня. Галасаваньне дазволена толькі ў дзень выбараў і выключна ў памяшканьні выбарчага ўчастку. У выпадку, калі грамадзянін ня можа самастойна перасоўвацца, выбарчая камісія мусіць ухваліць асобнае рашэньне аб арганізацыі галасаваньня для такога выбаршчыка па месцы ягонага знаходжаньня. Але выбаркам мае пацьвердзіць сапраўднасьць факту фізычных абмежаваньняў такіх асобаў.

Заканадаўства таксама дазваляе прадстаўнікам кандыдатаў разам з прадстаўніком камісіі прысутнічаць пад час «хатняга» галасаваньня.

Выбарчыя камісіі фармуюць з прадстаўнікоў кандыдатаў

Ва Ўкраіне на сталай аснове створаная і дзейнічае Цэнтральная выбарчая камісія. Акружныя і ўчастковыя камісіі ствараюцца перад кожнымі выбарамі. На парлямэнцкіх выбарах склад камісій вызначаюць парлямэнцкія партыі, а на прэзыдэнцкіх — прадстаўнікі зарэгістраваных кандыдатаў на прэзыдэнты.
У выпадку, калі кандыдаты не вылучаюць сваіх прадстаўнікоў (гэта іх права, не абавязак), а прапанаваных кандыдатур недастаткова для фармаваньня камісіі, то яе склад фармуецца паводле прапаноў вышэйшай па рангу камісіяй: Цэнтральнай — пры фармаваньні акруговых камісій, і акруговай — пры фармаваньні ўчастковых камісій. У складзе выбаркамаў мусіць быць ад 12 да 16 асобаў.

Пры правядзеньні другога туру галасаваньня (ён прызначаецца ў выпадку, калі кандыдат не набраў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія бралі ўдзел у галасаваньні) выбарчыя камісіі перафарматоўваюцца — новыя іх склады фармуюць ужо толькі тыя кандыдаты, якія ў першым туры атрымалі найбольшую падтрымку грамадзян.

Прысутнасьць на ўчастках і ў выбаркамах

Прадстаўнікі партый, кандыдатаў на прэзыдэнта, а таксама грамадзкіх арганізацый маюць права прысутнічаць на ўсіх пасяджэньнях выбарчых камісій розных узроўняў, на ўчастках для галасаваньня, а таксама назіраць за падлікам галасоў. Для гэтага яны мусяць атрымаць рэгістрацыю афіцыйнага назіральніка ў адпаведнай выбарчай камісіі.

Афіцыйным назіральнікам дазваляецца ажыцьцяўляць фота- і відэафіксацыю на кожным этапе выбарчага працэсу, не парушаючы таямніцу галасаваньня. Яны маюць права скласьці акт аб парушэньні выбарчага заканадаўства і на яго падставе зьвяртацца ў выбарчую камісію або ў суд па абарону інтарэсаў свайго кандыдата. Пры жаданьні афіцыйныя назіральнікі могуць атрымаць і копію пратаколу аб падліку галасоў. Ніякіх абмежаваньняў для іх прысутнасьці ці ўсталяваньня пэўнай адлегласьці, на якой яны могуць назіраць за працай выбаркаму, украінскія законы не вызначаюць.

Кошт кампаніі перавысіць 100 мільёнаў даляраў

Правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту і выбарчых фондаў кандыдатаў на прэзыдэнта. На арганізацыю працы выбарчых камісій і часткова агітацыю кандыдатаў зь бюджэту выдаткавана 2,4 мільярды грыўняў (амаль 90 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Выбарчы фонд мусіць стварыць кожны кандыдат на прэзыдэнта пасьля сваёй рэгістрацыі.

Звычайна такія фонды фінансуюцца з асабістых коштаў кандыдатаў або партый, якія вылучаюць кандыдатаў, а таксама добраахвотніцкімі ахвяраваньнямі грамадзян.

Пакуль што рэкорднай па вартасьці застаецца прэзыдэнцкая кампанія 2014 году — тады зь бюджэту было выдаткавана 1,17 мільярдаў грыўняў (106 мільёнаў даляраў у эквіваленце на той момант), і яшчэ 500 мільёнаў грыўняў (45 мільёнаў даляраў) — з выбарчых фондаў кандыдатаў. Найбольш мінулым разам на свае прэзыдэнцкія амбіцыі выдаткавалі Пятро Парашэнка (амаль 9 мільёнаў даляраў), Міхайла Добкін (7 мільёнаў даляраў), Сяргей Цігіпка (6,8 мільёнаў даляраў) і Юлія Цімашэнка (6,1 мільёнаў даляраў).

Заканадаўства забараняе арышт рахункаў выбарчых фондаў да завяршэньня выбарчай кампаніі, але ў той жа час абмяжоўвае памеры ўзносаў ад фізычных і юрыдычных асобаў. Напрыклад, грамадзянін ня можа пералічыць у год больш як 1,4 мільёны, а юрыдычная асоба — 2,9 мільёны грыўняў (50 і 110 тысяч даляраў адпаведна).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG